Авторизация
 

Кветкавае царства ў міёрскім двары

 Часта чую фразу «нікому нічога не трэба». Не згодна з такім сцверджаннем. Пачынаць справу варта з сябе», –  лічыць міярчанка Ванда КАПШУЛЬ.

Увечары па двары пяціпавярхоўкі № 24 па вуліцы Дзяржынскага ў Міёрах плыве лёгкі пах флоксаў. Чым ніжэй апускаецца сонца, тым мацней водар. Дадаюцца ў яго ноткі ружы, аксамітак, начной фіялкі і яшчэ 50 разнавіднасцей раслін. Гаспадыня клумб Ванда Капшуль штодня выходзіць падыхаць кветкавым паветрам.

 У двор дома на Дзяржынскага, 24 зайшла па справах. На багатыя кветкамі клумбы нельга было не звярнуць увагу. Пяшчотныя светла-ружовыя пялёсткі касмеі, белыя суквецці флоксаў, аранжавыя і жоўтыя сонейкі аксамітак, чырвоныя агеньчыкі сальвіі… Мімаволі залюбавалася на кветкавае царства. Такой прыгажосці ў гарадскіх дварах яшчэ не бачыла. Цікава, хто тут гаспадарыць?
– Добры вечар! – пачулася з дальняй клумбы.


Ва ўсмешлівай жанчыне пазнала Ванду Іосіфаўну Капшуль, з якой не раз сустракаліся на пасяджэннях клуба «Бажэна».
Гэта яна клумбы даглядае. І цяпер палівала расліны, вырывала пустазелле, якое то тут, то там праціснулася паміж кветак.
– Усё ж цікавей, чым дома на канапе сядзець, – смяецца жанчына. – Я не адна займаюся кветкамі. На клумбе пад вокнамі першага пад’езда шчыруе Марына Пацеенак. Ёй дапамагае суседка Валянціна Сіняўская.


Спрабую ўявіць аб’ём работы, з якой спраўляецца Ванда Іосіфаўна. Вясной ускапвае клумбы, перасаджвае шматлетнікі, сее адналетнія кветкі. Летам палівае, падкармлівае, поліць. Увосень збірае насенне, а сцябліны ўтрамбоўвае ў кампосныя ямы. Кожны год імкнецца ўнесці ў жывы дэкор штосьці новае: яшчэ адну клумбу зрабіць, стварыць рознакаляровыя кветкавыя кампазіцыі.


– Паглядзіце, ружа расцвіла. Мінулай восенню падчас рамонту цеплатрасы яе трактар пашкодзіў. Але выжыла, – радуецца кветкавод-аматар. – А вось шалфей. Думала, прападзе. Ды не, прыжыўся. Прагадала толькі, калі ружовыя флоксы побач з эхінацэяй пасадзіла. Колер падобны. Неяк з унучкай лічылі: 56 разнавіднасцей раслін на клумбах.


Тут жа, на кветкавых астравах, растуць клубніцы, яблыні, алыча. Пладамі гаспадыня частуе суседзяў, знаёмых. Вось завітала сяброўка і былая калега Галіна Сяргееўна Гнілеўская. У сваім двары яна таксама кветкі вырошчвае. Увосень разам з Вандай Іосіфаўнай парадак на яе клумбах наводзіць. На просьбы дапамагчы адгукаецца сусед Вячаслаў Адзінец.


Прыемна жыхарам дома, што побач столькі красак. На акружанай кветкамі лавачцы часта фатаграфуюцца матулі з дзеткамі. Між тым энтузіям Ванды Капшуль разумеюць не ўсе. Хтосьці лічыць яе дзівачкай: навошта сама сабе столькі турбот дадае. Аднойчы нават скаргу ў водаканал напісалі, нібыта ваду для паліву кветак выкарыстоўвае без лічыльніка. На насмешкі і неабгрунтаваныя папрокі стараецца не звяртаць увагі. Настроіцца на пазітыў дапамагаюць кветкі.


– Хочацца, каб у двары, дзе жыву, было прыгожа, акуратна, эстэтычна. Не пагаджаюся, калі кажуць, што нікому нічога не трэба. Гэта не так. Проста пачынаць варта з сябе, – тлумачыць сваю пазіцыю гараджанка. – Люблю кветкі. Як я без іх, а яны без мяне?
Штодня Ванда Іосіфаўна на клумбах. Клопаты ў радасць. Напэўна, у гэтым сакрэт маладосці і аптымізму. Энергічная і бадзёрая, яна выглядае нашмат маладзей за свае 73 гады. Марыць арганізаваць суботнікі з жыхарамі дома і добраўпарадкаваць тэрыторыю паміж другім і трэцім пад’ездамі. Каб зрабіць двор яшчэ прыгажэйшым.

Фотаматэрыял аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Именины 16 мая 2021
Викентий, Николай, Павел, Петр, Тимофей, Ульяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта