Авторизация
 

Падведзены вынікі Дня Узмёнскага сельсавета

 Вынікі Дня Узмёнскага сельсавета падвялі 15 жніўня ў райвыканкаме. Напярэдадні інфармацыйныя групы аб’ехалі тэрыторыю, адзначылі моцныя бакі і недахопы ў добраўпарадкаванні, сустрэліся з насельніцтвам па месцы жыхарства, вывучылі праблемы вяскоўцаў.

У Лявонпалі планавалася масавая высечка дрэў. Блізка ля лесу могілкі. Мясцовыя жыхары непакояцца, што святое месца застанецца ў чыстым полі. Мэтазгодна пакінуць ахоўную санітарную паласу метраў у 50. Дырэктар Дзісенскага лясгаса Аляксей Драгун заўважыў, што высякаць дрэвы не будуць.


Даўгінаўцы наракалі на дрэнную якасць вады. З-за высокага ўтрымання жалеза яна непрыемная на смак, негатыўна ўплывае на здароўе. Дырэктар «Міёрывадаканала» Юрый Мяцеліца запэўніў, што хутка праблему вырашаць. Рыхтуецца праект станцыі абезжалезвання. Тэрмін яго выканання – 2020 год.


Частыя дажджы дадаюць клопатаў жыхарам Пераслоўкі і Брыжынак. Перажываюць, як захаваць вырашчаны ўраджай. Каласы наліліся, зерне просіцца ў засекі. Заяўкі насельніцтва на абмалот агародаў выконваюць адразу, адзначыў дырэктар ААТ «Узмёнскі край» Юрый Трыдзенскі. Цяжкасць у тым, што яны паступаюць разрознена. А некалькі разоў накіроўваць камбайн на суседнія ўчасткі патрабуе часу і фінансавых выдаткаў. Заклікаў сяльчан аб’яднацца, каб абмалаціць зерневыя цэнтралізавана.


Чыстае паветра, натуральныя прадукты, маляўнічыя краявіды, лес побач – перавагі вясковага жыцця відавочныя. Толькі часам ад гэтага праблемы. Браты меншыя падступаюць усё бліжэй. Пераслоўку апанавалі лісы: не баяцца людзей, прыходзяць за курамі. У Слабадзе і Узмёнах асвойваюць тэрыторыі ваўкі: нападаюць на авечак на полі, падбіраюцца да хлявоў. Хітрая жывёла нібы кідае выклік чалавеку і ўсё больш нахабнічае. З сітуацыяй даручылі разабрацца раённаму таварыству РДГА «БТПР».


У кагосьці на парадку дня – запасціся дрывамі. Старшыня Узмёнскага сельсавета Браніслаў Невяроўскі патлумачыў: інваліды I і II груп, адзінока пражываючыя – усяго 33 чалавекі – палівам забяспечаны. Астатнім таксама хопіць, трэба дачакацца чаргі.


Не першы раз просяць прадоўжыць да Брыжынак і Пераслоўкі аўтобусны маршрут «Міёры – Слабада». Такой магчымасці няма, сцвярджае дырэктар участка «Міёры» філіяла АТП № 2 г. Полацка Віцебскаўтатранса Аляксандр Дземідовіч. Гэтыя вёскі ўваходзяць у трохкіламетровую зону абслугоўвання, сацыяльныя стандарты выконваюцца. Тут 29 жыхароў, у асноўным на заслужаным адпачынку. У горад выбіраюцца нячаста. Па суботах заязджае аўтобус «Міёры – Верхнядзвінск». Рабіць такія рэйсы часцей немэтазгодна.


На асабісты прыём да старшыні райвыканкама Ігара Кузняцова ва Узмёнскім сельсавеце прыйшоў індывідуальны прадпрымальнік Максім Цвяткоў. Летась пракладваў электрыку на ферме ў ААТ «Гвардзейскі». З работнікам заключылі дагавор, дамовіліся пра аплату. Абяцанай сумы не дачакаўся – пералічылі крыху больш за палову. Гаспадарка ўвайшла ў склад ААТ «Узмёнскі край», змяніўся дырэктар, а даўгі засталіся. Ігар Валер’евіч дэталёва азнаёміўся з пытаннем і даў адпаведныя даручэнні спецыялістам сельгаспрадпрыемства.


Падчас сустрэч вяскоўцы не толькі вырашаюць свае праблемы і выказваюць пажаданні наконт паляпшэння якасці жыцця. Неад’емная і прыемная частка Дня сельсавета – падзякі нераўнадушным і актыўным работнікам. Мясцовае насельніцтва не нарадуецца на ўрача агульнай практыкі Даўгінаўскай амбулаторыі Ганну Блажэвіч. Ветлівая і ўважлівая, на кожнага знойдзе час, праверыць самаадчуванне і пагутарыць. Удзячныя паштальёну Сяргею Гулько. З яго лёгкай рукі хутка вырашаюцца пытанні: і неабходны тавар даставіць, і перыядычныя выданні параіць, і прадукты да дому паднясе.

Падчас аб’езду ўвагу ўдзельнікаў інфармацыйных груп прыцягвалі дагледжаныя падворкі, акуратныя агароды і малыя архітэктурныя формы. Ва Узмёнах вылучаюцца сядзібы Аляксандра і Алы Гагалінскіх, Канстанціна і Наталлі Матэленкаў, Аляксея і Святланы Свердзелаў, Віктара і Валянціны Снапкоў. У Даўгінаве – Міхаіла і Ліліі Мацуроў, Аляксандра і Святланы Свілёнкаў, Тамары Шчарбаковай, Валерыя і Таццяны Лакоткаў. Стараннямі ў добраўпарадкаванні ўпрыгожваюць Слабаду Аляксандр і Святлана Ляхі, Міхаіл і Валянціна Маляўкі, Лявонпаль – Валянцін і Марыя Шукі, Леў Карніцкі, Брыжынкі – Валянціна Рудовіч. Агульную карціну дабрабыту псуюць пакінутыя дамы.

Фота аўтара.

Алена ВАРОНІНА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июня 2021
Мария, Ефрем

Именины 23 июня 2021
Александр, Алексей, Андрей, Василий, Герасим, Иван, Игнатий, Илья, Иннокентий, Кузьма, Макар, Николай, Павел, Тимофей, Анна, Антонина, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта