Ствараць сувеніры з воўны вучыліся міярчане ў візіт-цэнтры заказніка «Ельня». Майстар-клас прайшоў напрыканцы ліпеня ў рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці», які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза.
Ладзіла майстар-клас грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Павучыцца новаму завіталі аматары рукадзелля з раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, клуба «Бажэна», тэрытарыяльнага цэнтра, дзіцячай школы мастацтваў, аграэкасядзіб.
З тонкасцямі творчага працэсу знаёміла эксперт Праекта Вольга Камінская. Расказала пра віды воўны, варыянты работы з ёй. Так, мокрае валянне – класічны, вядомы здаўна спосаб, для якога спатрэбіцца мыла. Сухое – аб’ёмнае валянне з дапамогай спецыяльных іголак.
Майстар-клас атрымаўся плённым. Займальная справа зацікавіла. Вырабы пакінулі сабе на памяць. Дарэчы, такія рэчы маглі б стаць арыгінальным сувенірам для наведвальнікаў Ельні, гасцей фестывалю «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» і ўвогуле для турыстаў, што падарожнічаюць па нашым раёне.
Удзельнікі падзяліліся ўражаннямі ад заняткаў.
Вераніка Шамінка:
– Такія трэнінгі нясуць пазітыў і натхняюць на творчасць. Вельмі хочацца тварыць і атрымліваць вынік.
Ксенія Маскаленка:
– Вялікае задавальненне, захапленне, прыемная стомленасць, адчуванне цуду. Гордасць за сябе і атрыманы вынік. Для мяне гэта першы вопыт валяння, вельмі спадабалася. Здзіўляе, наколькі рознымі і індывідуальнымі атрымаліся брошкі. Як аказалася, у гэтай справе ёсць доля непрадказальнасці. Ад таго зробленае яшчэ больш цікавіць і радуе. Адназначна хачу паспрабаваць яшчэ!
У знак удзячнасці за цікавы трэнінг, сяброўскую і творчую атмасферу майстар па мастацкім роспісе Наталля Даргель з дачкой Анастасіяй падарылі Вользе Камінскай свае работы.
Фота аўтара.
Марына ГЕРНАТ,
тэматычны каардынатар Праекта
па «зялёнай» інфраструктуры.