Авторизация
 

На Міёршчыне прайшла калегія Міністэрства і абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні

 У мінулую пятніцу, 5 жніўня, на базе Міёрскага раёна адбылася сумесная калегія Міністэрства і абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Асноўнае пытанне – нарыхтоўка травяных кармоў.

У ліку запрошаных – начальнікі райсельгасхарчаў і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Віцебшчыны, якія дапусцілі адставанне ў стварэнні зімовых кармавых запасаў у параўнанні з леташнім узроўнем. Наш раён і большасць гаспадарак Міёршчыны таксама ў мінусе па нарыхтоўцы травяных кармоў. Справаздачу аб ходзе другога ўкосу, выпраўленні становішча зрабіў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Праінфармаваў аб дадатковым вырошчванні аднагадовых і пажніўных культур, доглядзе сенакосаў і пасеваў кукурузы, актывізацыі работ на кармавых угоддзях.

 Першы намеснік начальніка аблсельгасхарчу Уладзімір Машэра назваў далейшую нарыхтоўку травяных кармоў нават у перыяд жніва ў ліку першачарговых задач, як і захаванне вырашчанага збожжа, павелічэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. У ліпені вобласць забяспечыла прыбаўку па надоі да леташняга ўзроўню (і раён таксама), у жніўні трэба захаваць такія тэмпы. Сярод іншых задач – не дапускаць невытворчага выбыцця статка, эфектыўна ўзнаўляць пагалоўе. На ўсіх комплексах з даільнымі заламі неабходна забяспечыць гадавы надой не ніжэй за 5000 кілаграмаў малака ад каровы. Неадкладна выпраўляць недахопы на пашах з выдзяленнем загонаў, вадапоем, падкошваннем. Няма атавы – пераворваць плошчы і засяваць травамі з вялікім аб’ёмам кампанентаў бабовых. Клімат мяняецца, злакавыя расліны хутка выгараюць – каровы даюць менш малака.


Усе кармы трэба закладваць толькі ў бетаніраваныя траншэі, таму іх неабходна будаваць, рамантаваць ці рэканструяваць.
Нельга ўпускаць пытанні ідэнтыфікацыі статка, калі выбыўшыя жывёлы застаюцца на ўліку.


 Намеснік міністра па сельскай гаспадарцы і харчаванні Уладзімір Гракун на асаблівым кантролі трымае гаспадаркі, якія летась завозілі кармы. Занепакоены, што мінус у надоях дапускаецца пры нізкай шчыльнасці дойнага пагалоўя. Таму патрабаванні выказваў па захаванні рэгламентаў утрымання статка, доглядзе пашаў і вядзенні корманарыхтоўкі. Звяртаў увагу на назапашванне кармоў у плёнцы, вырошчванне пажніўных культур, залужэнне нізкапрадукцыйных пашаў і сенакосаў. У якасці прыкладу трывалай кармавой базы прыводзіў вопыт па вырошчванні азімага жыта з вікай, якія скошваюць у маі, потым іх мяняюць пялюшка з ячменем на кармавыя мэты, апошнім сеюць проса. Атрымліваюцца тры ўраджаі з аднаго поля за год для патрэб жывёлагадоўлі.


На калегіі заслухалі справаздачы некаторых начальнікаў райсельгасхарчаў і кіраўнікоў гаспадарак з раёнаў, у якіх адставанне ў корманарыхтоўцы самае вялікае. У нас гэта «Дрыгучы», «Узмёнскі край», «Язна» і «Пад’ельцы». Запатрабавана скласці рабочыя планы-графікі выпраўлення сітуацыі. Кармы сёння – гэта жывёлагадоўчая прадукцыя і заробак работнікаў зімой. На Віцебшчыне пад травамі шмат угоддзяў, ад іх неабходна атрымліваць належную аддачу.


Нездавальняючай прызнала калегія работу раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў, якія па нарыхтоўцы травяных кармоў мінусуюць да мінулагодняга ўзроўню і запатрабавала прыняць меры.


Другое пытанне парадку дня – падрыхтоўка да сяўбы азімых. Аптымальныя тэрміны для азімага рапсу ўжо наступілі. Ён на Міёршчыне павінен заняць 2200 га, сурэпіца – 300. Пад збожжавыя запланавана адвесці 16580 гектараў, у тым ліку пад пшаніцу 9800 га, жыта – 2270, трыцікале – 2890. Абласныя спецыялісты прааналізавалі ход падрыхтоўкі насення ўсіх азімых культур, траў і лёну, забяспечанасць мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі, пратручвальнікамі і гліфасатамі, далі рэкамендацыі па іх выкарыстанні.
Масавая сяўба азімых наступіць у другой палове жніўня, да яе трэба разгортваць ворыва, праводзіць вапнаванне, уносіць гліфасаты, арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. Ураджаю не будзе без належнай запраўкі глебы, падкрэсліў Уладзімір Гракун.
Пэўная ўвага – захаванню пажарнай і тэхнікі бяспекі.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 апреля 2021
Никита

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Госці краін

free counters
Партнеры сайта