Авторизация
 

Як адзначылі прафесійнае свята агняборцы Міёршчыны

 Святочны канцэрт для міёрскіх агняборцаў прайшоў у раённым Доме культуры пад дэвізам «Колер настрою – чырвоны».

Агонь, небяспека, агрэсія… Не толькі гэта сімвалізуе чырвоны колер. Яшчэ ён азначае радасць, энергію, паўнату жыцця. Ярка адзначылі выратавальнікі сваё прафесійнае свята.

 Узнагароды
рашучым і смелым

Героямі вогненнага фронту назвалі выратавальнікаў вядучыя ўрачыстасці – інспектар РАНС Дзмітрый Плотнікаў і рэжысёр РДК Марына Дзям’янава (яна ж і аўтар сцэнарыя святочнага канцэрта). Рашуча ісці ў агонь і адваёўваць у стыхіі жыццё – справа небяспечная і высакародная.


Прагрэс крочыць шпарка, работу агняборцаў аблягчае тэхніка, але чалавечы фактар застаецца вызначальным. Гэта адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба, звяртаючыся са святочным віншаваннем. Пажадаў сухіх рукавоў і каб самай цяжкай справай была прафілактыка. Граматай Міёрскага райвыканкама ўзнагародзіў старшага інжынера РАНС Сяргея Сачыўку, падзяку аб’явіў начальніку ПАВП № 12 (пажарны аварыйна-выратавальны пост, Новы Пагост) Алегу Сухоўскаму. Узнагароду ад раённага Савета дэпутатаў уручыў першаму намесніку начальніка РАНС Уладзіміру Рачыцкаму.


 Адказнасць і прафесіяналізм міёрскіх агняборцаў адзначыў першы намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Святаслаў Паніч. Да добрых слоў і пажаданняў – памятны падарунак.


Ад выратавальнікаў у многім залежыць дабрабыт краіны і жыццё людзей, падкрэсліў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Ганін. Зрабіў кароткі экскурс у гісторыю пажарнай службы, якая бярэ адлік з 25 ліпеня 1853 года. Менавіта тады Мінскае губернскае праўленне і гарадская дума прынялі рашэнне аб стварэнні пажарнай часці. Павіншаваўшы калег і іх сем’і, начальнік уручыў заслужаныя ўзнагароды.


 Граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзначаны камандзір аддзялення ПАВЧ № 3 (пажарная аварыйна-выратавальная часць ЛВДС «Дзісна») Андрэй Свірскі. Ад абласнога ўпраўлення МНС атрымаў узнагароду начальнік ПАВП № 13 (Павяцце) Генадзь Паршута, вадзіцелю паста Дзмітрыю Даргелю аб’яўлена падзяка. Нагрудным знакам «Выдатнік» узнагароджаны вадзіцель ПАВП № 13 Яўген Голуб. Званне капітана прысвоена начальніку каравула ПАВЧ № 3 Максіму Радкевічу. Памятны нагрудны знак «165 год пажарнай службе» атрымалі начальнік ПАВЧ № 3 Сяргей Шастакоў, начальнік каравула ПАВЧ № 1 (Міёры) Сяргей Ліпскі, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Алег Перапячаеў, камандзіры аддзялення ПАВП № 16 (Дзісна) Васіль Яленскі і ПАВП № 15 (Язна) Мікіта Навіцкі, вадзіцелі ПАВП № 12 Валерый Мураўскі і ПАВП № 11 (Даўгінава) Міхаіл Арлоўскі.
Словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас ветэранаў пажарнай службы. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць пра тых, каго няма сярод нас.

Песенным радком
пра мужнасць і адвагу

У праграме святочнага канцэрта – запамінальныя, цікавыя нумары. Пралогам стаў танец: гучная музыка, узмахі рук пад чырвоным покрывам нібы языкі полымя, а затым дынамічныя зладжаныя рухі. Мімаволі ахінае пачуццё трывогі. З ім добра знаёмы і ўмеюць спраўляцца выратавальнікі. Забыўшыся на страх, глядзяць у злыя вочы вогненнай стыхіі. Пра службу самі расказвалі ў песнях.


 «Пусть никогда на смерть нигде не будет обреченных
И будут люди спасены у злой беды из рук», – спяваў пад гітару выратавальнік з Дзісны Васіль Яленскі. Маладыя калегі Сяргей Радзішэвіч і Аляксандр Свірко прадоўжылі тэму кампазіцыямі ў стылі рэп.


«Но ты попробуй шагни в огонь, если дома жена и сын», – кранальныя радкі ў выкананні Сяргея Радзішэвіча, Уладзіслава Сіманіса, Святланы Бакевіч і самага маленькага артыста Яраслава Плотнікава зала слухала стоячы і дружна апладзіравала.


Доўга гучалі апладысменты Алене Валынец. Для таты і яго калег яна спявала пад гітару пра каравулы пажарнай аховы, якія рвуцца ў бой, каб дапамагчы людзям. На вачах у гледачоў выступалі слёзы. Працягам хвіліны маўчання прагучала кампазіцыя ў выкананні Сняжаны Аксёнавай.


«Ты знаешь, так хочется жить в ту минуту, что роковая», – спяваў Ягор Абалевіч. Напэўна, гэтыя радкі знайшлі водгук у кожным сэрцы, што не раз трывожна білася пад вогнетрывалым касцюмам.


Шмат прыемных музычных падарункаў атрымалі выратавальнікі. Ад рамантычнай Ганны Блажэвіч, эфектнай Дар’і Шук, упэўненай Святланы Бакевіч, настальгічнай Наталлі Рудзь, бадзёрай Тамары Якімёнак, харызматычнага Уладзіслава Сіманіса. Ад загадкавых прыгажунь са студыі ўсходняга танца «Фазійя» і грацыёзных какетак студыі руху і пластыкі «Шпілька». Ад непасрэдных і гарэзлівых «деток-конфеток» з вакальнага гуртка «Бэмс».

ПАД фінальную песню зала зноў устала з месцаў. Гучалі працяглыя апладысменты. І надоўга застануцца ўражанні.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Именины 16 мая 2021
Викентий, Николай, Павел, Петр, Тимофей, Ульяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта