Авторизация
 

Адкрыўся гандлёвы цэнтр "Міёры-Сіці"

 Цяпер ужо цяжка ўявіць, што на месцы стыльнага, ззяючага шклом гандлёвага цэнтра «Міёры-Сіці» стаяў пануры, заняпалы, з пустымі вачаніцамі вокнаў двухпавярховы будынак. Яго апранулі ў фасадныя панэлі, адрамантавалі ўнутры ад падлогі да столі, абсталявалі па ўсіх еўрапейских стандартах. У новых сценах размясціўся супермаркет «Еўраопт» з прасторнай гандлёвай залай каля 380 квадратных метраў, дыскаўнтар «Востраў чысціні і смаку». На другім паверсе разнастайнасць ралетаў са шматлікімі найменнямі тавараў іншых сетак, сотавых аператараў, арандатараў. Такі падарунак жыхарам раёна ўручылі 31 ліпеня з песнямі, пачастункамі і вясёлымі забавамі для самых маленькіх.

– Міёры – цудоўная пляцоўка для смелых ідэй і новых здзяйсненняў, – адкрываючы свята, заўважыла вядучая Ірына Цярэнцьева. – У ходзе маркетынгавых даследаванняў індывідуальныя прадпрымальнікі, якія шукаюць спосабы ўдасканалення, абнаўлення таго, што з часам страчвае актуальнасць ці прыходзіць у заняпад, вырашылі на месцы пустога будынка адкрыць гандлёвы цэнтр. Дзякуючы маладому энтузіязму рэстаўрацыйныя работы ішлі хуткімі тэмпамі. Вынікі парадавалі не толькі саміх, але і акружаючых: атрымалася ўтульнае месца для сустрэч і прыемных пакупак.


 Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў звярнуў увагу, што раён развіваецца. «Міёры-Сіці» – першы гандлёвы цэнтр у горадзе, такую перавагу захавае перад наступнымі. Ігар Валер’евіч падзякаваў індывідуальнаму прадпрымальніку Дзянісу Тараканаву за ўзятую на сябе адказнасць і смеласць прыняць няпростыя рашэнні. Пажадаў гандлёвай установе высокага пакупніцкага попыту і разнастайнага асартыменту. Асаблівая ўвага будаўнікам, намаганнямі якіх прадоўжыцца жыццё ў некалі пустым будынку, а разам з тым захаваюцца навакольныя прыгажосць і чысціня.


 У сваю чаргу ўласнік гандлёвага цэнтра ўдзячны раённай уладзе, якая падтрымала прыватную ініцыятыву, што высока цэніцца ў асяродку прадпрымальнікаў. Падзякаваў будаўнікам за нястомную работу. Паабяцаў, што пазітыўныя эмоцыі святочнага дня стануць неад’емным атрыбутам наведвальнікаў гандлёвага цэнтра.


Перад ганкам «Міёры-Сіці» здаровы ажыятаж і нецярпенне. Унутры дзясяткі новенькіх стэлажоў са шматлікімі найменнямі тавараў, а яшчэ падарункі, акцыі і суперцэны. Пасля хвілін чакання традыцыйнае пераразанне чырвонай стужкі – і аб’ект афіцыйна адкрыты.
Міярчане і госці горада ў захапленні, як пераўтварыўся будынак, змянілася тэрыторыя. З задавальненнем прайшліся па гандлёвых залах, дзе атрымалі бонусы як першыя пакупнікі. Аматары ўзбадзёрвальнага напою збягаліся на водар кавярні. За харчовымі таварамі скіроўваліся ў «Еўраопт».


– У нашай вобласці кампанія прадстаўлена ўжо 134-ма магазінамі. Міёрскі гандлёвы аб’ект пакуль апошні ў гэтым ланцужку, – увёў у курс спраў намеснік дырэктара віцебскага філіяла «Еўрагандлю» Міхаіл Калдуненка. – Тут стварылі 21 рабочае месца з дастойным заробкам і сацыяльным пакетам. Для пакупнікоў выбар тавараў па такіх жа цэнах, як у сталічных супермаркетах. Папаўняецца асартымент з галаўнога прадпрыемства. Перавагі ў мясцовай прадукцыі Міёрскага мясакамбіната і хлебазавода, якія прадстаўлены шырэй. На месцы свая мясная радзелка, выпечка дробнаштучных мучных вырабаў. Абслугоўваюць тры касы, таму затрымак у чэргах не павінна быць.


 – Пра такі прасторны «Еўраопт» марылі, – заўважыла, дэгустуючы прадукцыю Полацкага малочнага камбіната, усмешлівая міярчанка. – Асартымент большы, цэны ніжэй. Зручна, што ўсё можна купіць у адным месцы.
Знаёмая медсястра прызналася, што паслугамі былога магазіна кампаніі, дзе цяпер «Хіт», не карысталася. Каб набыць тавары сеткі, ездзілі далёка. Цяпер наш «Еўраопт» – як у буйных гарадах, і на веласіпедзе можна дабрацца.


Натоўп ля століка з нарэзкай духмяных вырабаў Міёрскага мясакамбіната:
– Сваё, таму смачнае, – падміргнуў мясцовы гурман з каўбасой за шчакой.


Хлопец адну за адной накладвае ў пакет асарці булачак:
– Любіце мучныя вырабы? – пытаюся.
– Ніякія іншыя, толькі з «Еўраопта», – чую ў адказ.


– Будынак упрыгожыў цэнтр горада і мой мікрараён: жыву непадалёк адсюль, – разважае ля вітрыны з фруктамі жанчына. – Мне 70 гадоў, перанесла інфаркт. Былы «Еўраопт» запомніўся ўважлівымі, ветлівымі прадаўцамі, якія дапамагалі ўпакаваць тавар, сарыентавацца ў выбары. Разлічваю, што і тут будзе культура абслугоўвання на вышыні. Пакуль прыглядаюся, каб на радасцях не купіць чаго лішняга, але хочацца. Тавар удачы таксама трэба ўзяць: раптам пашанцуе. На гэта ўсе спадзяюцца, і я не губляю надзею.

Алена ШАЛОНЬКА, намеснік старшыні райвыканкама, курыруе пытанні эканомікі і фінансаў:
– Гандлёвы цэнтр для раёна значыць многае. Гэта стварэнне новых рабочых месц, рост тавараабароту, дадатковая магчымасць падцягнуць паказчыкі абавязковых сацыяльных стандартаў дабрабыту па наяўнасці гандлёвых плошчаў на тысячу жыхароў.
«Міёры-Сіці» – гэта новы ўзровень камфорту і сэрвісу для насельніцтва раёна. Побач з такімі канкурэнтамі няпроста, але трэба іншым гандлёвым прадпрыемствам імкнуцца развіваць новыя формы абслугоўвання, актыўней узаемадзейнічаць з кліентамі, дабівацца іх увагі. Якасць і цана – галоўныя на рынку. Калі тавар даступны па кошце, паслугі добрыя, шырокі асартымент – пакупнік здольны прынесці любому гандлёваму прадстаўніку не толькі высокі ўзровень продажу, але і ўзаемнае пачуццё любові і адданасці.

Уладальнік «Міёры-Сіці» Дзяніс ТАРАКАНАЎ з Віцебска. Дзесяць гадоў займаецца прадпрымальніцтвам у сваім горадзе. Наш райцэнтр першы, дзе набываў вопыт стварэння сучаснага гандлёвага аб’екта.
У двухпавярховым будынку знайшлі рабочыя месцы каля 50 нашых землякоў. Акрамя «Еўраопта», «Вострава чысціні і смаку» тут размясціліся салоны сувязі «МТС», велком І А1, магазіны посуду «Раскоша», аксесуараў для ўрачыстасцей «Тэрыторыя свята», адзення і абутку, адной цаны, павільён тавараў для жывёл «Маўрык», кавярня «Катафей». Хутка адкрыюцца аптэка УП «Фармацыя» і ралет будаўнічых матэрыялаў.
Працуе «Міёры-Сіці» з 9.00 да 22.00 без выхадных.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 сентября 2021
Виктор, Герман, Дмитрий, Лев, Николай, Петр, Роман, Сергей, Евдокия, Ия, Карп

Именины 23 сентября 2021
Андрей, Василий, Гавриил, Глеб, Евгений, Иван, Климент, Константин, Николай, Павел, Петр, Татьяна, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта