Авторизация
 

Працяг праекта "Новае жыццё ў абмен на крышачкі" на Міёршчыне. Новы падапечны

 Замест сметніцы – у кантэйнер. Па ўсёй краіне ў дзіцячых садах, школах, студэнцкіх інтэрнатах, на рабочых месцах збіраюць пластыкавыя крышачкі з-пад напояў і касметыкі, каб дапамагчы хворым дзецям. Пра першыя поспехі і планы сацыяльна-экалагічнага дабрачыннага праекта «Новая жизнь в обмен на крышечки» гутарым з арганізатарам Наталляй КУНЦЭВІЧ.

Першую партыю другаснай сыравіны здалі на перапрацоўчы завод арганізатары праекта «Новая жизнь в обмен на крышечки».

На перапрацоўчы завод у Мінскай вобласці напрыканцы чэрвеня здалі першую партыю крышак з маркіроўкай «2» без акцызаў і ўкладышаў. За 2 тоны 978 кілаграм другаснай сыравіны выручылі 2 тысячы 540 рублёў, – дзеліцца добрай навіной Наталля. – Дапамаглі падапечнаму праекта Грышу  Далгіх. У васьмігадовага мінскага хлопчыка дыягназ – ДЦП, спастычны тэтрапарэз ІІІ ступені цяжкасці. (Спастычны тэтрапарэз – паталагічны працэс, пры якім зніжаецца рухальная актыўнасць у руках і нагах. Заўвага аўтара). Выхоўваюць Грышу маці і бабуля. Яму патрабаваліся лекі, новая прагулачная каляска. На гэтыя мэты перадалі выручаную суму.


Грыша атрымаў дапамогу. У праекта з’явяцца новыя падапечныя?
  – Дапаможам хлопчыку з Віцебска Аляксею Сямешка. У яго цяжкае захворванне нервовай і косна-мышачнай сістэм. Таксама мае патрэбу ў прагулачнай калясцы. Маці хлопчыка Святлана з першых месяцаў актыўна падтрымлівае наш праект. Вядзе ў сацыяльных сетках групы па прыцягненні сродкаў на лячэнне і рэабілітацыю сына. Дарэчы, валанцёры, якія дапамагаюць Алёшу, удзельнічаюць і ў нашым праекце. Прычым былі ў ліку першых. Плануем дапамагаць хворым дзецям з розных населеных пунктаў Беларусі. Перавагу аддаём няпоўным сем’ям, бо ў іх больш складанае матэрыяльнае становішча.


Хочацца спадзявацца, што пасля першага поспеху збор крышак пойдзе яшчэ хутчэй і актыўней. Колькі населеных пунктаў Беларусі задзейнічаны ў праекце «Новая жизнь в обмен на крышечки»?
– Наш праект можна назваць унікальным. Таму што нават у самых аддаленых і маланаселеных куточках хто-небудзь пра яго ведае і ўдзельнічае. Пагадзіцеся, не кожная ідэя набывае такую шырокую падтрымку. Збіраюць крышачкі больш чым у 80 населеных пунктах. Аднак гэта прыблізная лічба. Часта мы не ведаем пра дзейнасць у гарадку ці вёсцы, пакуль удзельнікі не выйдуць на сувязь у нашай групе «Укантакце» і не паведамяць пра назапашаныя кілаграмы другаснай сыравіны. Хтосьці збірае крышкі асабіста, іншыя – сем’ямі, калектывамі.


 Дзе найбольш актыўнічаюць?
– Праект паспяхова рэалізуецца ў тых гарадах і раёнах, дзе яго падтрымлівае мясцовая ўлада. Напрыклад, Лідскі раённы выканаўчы камітэт у мінулым навучальным годзе заахвоціў паўдзельнічаць установы адукацыі ў горадзе і раёне. Выхаванцы дзіцячых садоў, школьнікі збіралі крышкі на конкурснай аснове. За кожны кілаграм ім налічвалі балы. Пераможцы атрымалі ласункі і сувеніры. Па дамоўленасці з райвыканкамам у вольны час школьнікі сартавалі крышкі. У выніку з кастрычніка 2018 года па май 2019-га ў Лідзе і Лідскім раёне сабралі, адсартавалі і перадалі 2,5 тоны другаснай сыравіны. Гэта абсалютны рэкорд у краіне.
Шмат залежыць ад куратараў. Там, дзе яны ёсць, справа ідзе шпарчэй. Амаль палову тоны крышак назбіралі на Міёршчыне. У Салігорску і раёне сабралі і адсартавалі больш за 500 кілаграм. Трэба адзначыць Маскоўскі раён горада Мінска, там збор узгоднены з адміністрацыяй. У Гомелі дзейнічае крэатыўная артпрастора «Каўчэг», дзе праходзяць трэнінгі, прэзентацыі, семінары, майстар-класы. Тут нам прадаставілі камфортнае памяшканне для захоўвання і сартыроўкі крышачак. Сярод актывістаў Жодзіна, Пінск, Пінскі, Ганцавіцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі раёны. Падтрымліваюць праект буйныя гандлёвыя сеткі «Виталюр», «Соседи», «ГИППО», «Буслик», а таксама ЗАТ «Идея Банк», УП «Кока-кола Бевриджиз Белоруссия».


Калі падлічыць агульную масу сабраных у краіне крышачак, колькі атрымаецца?
– Каля дзевяці тон. Гэта вынік за мінулы навучальны год. Дакладную лічбу таксама не назаву, бо не ўсю другасную сыравіну перадалі ў Мінск. Часам валанцёры вызначаюць вагу сабраных крышачак на вока, таму завышаюць яе.


 Сабраць крышкі – палова справы. Як правільна іх сартаваць?
– Па-першае, на перапрацоўку прымаюць толькі чыстую другасную сыравіну. Па-другое, асобна складаем крышкі з маркіроўкай «2» без акцызаў, асобна – з маркіроўкай «2» з акцызамі, асобна – з маркіроўкамі «4» і «5». Такія патрабаванні ў заводаў. Сартаваць можна дома і перадаваць цалкам падрыхтаваныя для здачы крышкі. Аднак мала хто займаецца гэтым самастойна. Ладзяць сартыроўку актыўныя куратары і валанцёры. Так, у Лідзе праект курыруе мая маці. За год яна адна адсартавала паўтары тоны другаснай сыравіны. 600 кілаграм перабралі мае блізкія сваякі, каля 200 кг – лідскія школьнікі, столькі ж – валанцёры. Шмат вольнага часу аддаю на сартыроўку сама. У мяшках нярэдка трапляюцца металічныя крышкі, батарэйкі, паддоны з-пад тортаў, нават банкі з-пад дзіцячых кансерваў. Вылівалі ваду з капсул з-пад кіндэр-сюрпрызаў. Просім не завышаць такім спосабам масу. На першым месцы – якасць.


Што трэба, каб паўдзельнічаць у праекце?
– Жаданне. Гэта самае галоўнае. Рэалізуем праект разам з сяброўкамі-аднадумцамі Веранікай Гаравой, Аляксандрай Пятровай, Святланай Кунцэвіч. Нярэдка чуем фразы тыпу «Няма часу на крышкі, таму што дом, работа, муж, дзеці, хобі». У нас і іншых валанцёраў таксама ёсць работа, сем’і, захапленні. Між тым знаходзім час на праект. Вырашаем мноства арганізацыйных пытанняў, сартуем крышкі. Калі жадаеш штосьці ажыццявіць – адшукаеш магчымасці, калі не хочаш – з’явяцца прычыны.
 Рады ўсім, хто круціць з намі добрую справу. Падрабязная інфармацыя аб праекце «Новая жизнь в обмен на крышечки» у аднайменнай групе «Укантакце».

У ТЭМУ: Праект «Новая жизнь в обмен на крышечки» на Міёршчыне рэалізуецца з кастрычніка 2018 года. Дзейнічае 27 пунктаў збору ва ўстановах адукацыі і культуры, на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Курыруе збор валанцёр з Мінска Вольга Байкова. Па яе ініцыятыве на працягу года ў Міёрах ладзілі экапляцоўкі, на якіх крышкі абменьвалі на каляндарыкі, кветкі, саджанцы. У горадзе і раёне сабралі 460 кілаграм другаснай сыравіны. У камандзе валанцёраў-актывістаў міёрскія школьнікі і працоўная моладзь – Насця Веранікіна, Віка Сіўко, Ліза Протас, Саша і Рэната Васіны, Максім Шчабол, Дзіяна Сільмановіч, Аляксандр Сінкевіч, Аляксандр Пяткевіч.

Каб падтрымаць праект «Новая жизнь в обмен на крышечки», папоўніце баланс на нумары МТС +375 29 548 64 96. Сродкі пойдуць на выраб кантэйнераў для збору і іншыя патрэбы.

Фотаматэрыял прадастаўлены валанцёрамі праекта.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Именины 16 мая 2021
Викентий, Николай, Павел, Петр, Тимофей, Ульяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта