Авторизация
 

Каб не трывожылі гукі пажарнай сірэны

 Як арганізавана бесперашкодная эвакуацыя з будынка ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, ці ўкамплектаваны сродкамі тушэння, сістэмай апавяшчэння – гэтыя і іншыя пытанні, якія характарызуюць стан пажарнай бяспекі на аб’ектах масавага і кругласутачнага знаходжання людзей, прааналізавалі на мінулым пасяджэнні райвыканкама. 

Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Ганін нагадаў пра сёлетняе даручэнне Кіраўніка дзяржавы ўзмацніць пажарную бяспеку ў інтэрнатах, навучальных установах, канцэртных залах, іншых аб’ектах масавага знаходжання людзей, асабліва дзяцей, паклапаціцца пра спраўнасць сістэм пажарнай аўтаматыкі. Бяспека – гэта гарантыя, што нічога не здарыцца пры ўмове, калі добрасумленна выконваць неабходныя патрабаванні.


Сумесна і паслядоўна ў раёне імкнуліся забяспечыць аб’екты пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, ліквідаваць крыніцы загарання, прывесці ў належны стан шляхі эвакуацыі. Спрабавалі, хаця не ўсюды, абсталяваць сродкамі супрацьпажарнай абароны. Сітуацыю пажарнай бяспекі на аб’ектах з масавым і кругласутачным знаходжаннем людзей разбіралі на пасяджэннях райвыканкама, камісій па надзвычайных сітуацыях, па ахове працы, у рамках выканання патрабаванняў Дырэктывы № 1. Даводзіліся канкрэтныя тэрміны кіраўнікам, якім неабходна было прывесці падведамныя аб’екты ў пажарабяспечны стан. Аднак паўторныя маніторынгі высветлілі, што не ўсе патрабаванні выконваюцца, хаця не заўсёды неабходны вялікія фінансавыя ўкладанні. Паменшыць пласт праблем у першую чаргу не дазваляюць абыякавасць, адсутнасць кантролю з боку адказных асоб.


Актуальнасць пытання абумоўлена і двума мінулагоднімі пажарамі на аб’ектах масавага знаходжання людзей. У чэрвені агонь ахапіў фізкультурна-аздараўленчы комплекс. У выніку пацярпеў дах, мансардны паверх. Узбуджана крымінальная справа па арт. 219 Крымінальнага Кодэкса «Знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці па неасцярожнасці». Пакуль рашэнне па праверцы не прынята.


У снежні ў дзіцячым санаторыі «Расінка» гарэла лазня. Агонь знішчыў дах, часткова драўлянае лачанне і сцены мансарднага паверха, абліцоўку сцен, столевае перакрыцце ў парыльным і часткова ў мыечным памяшканнях. Такія наступствы ў выніку парушэння правіл пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення. Шчасце, што ўнутры нікога не аказалася.


Па інфармацыі начальніка РАНС, на ўліку ў аддзеле 29 аб’ектаў масавага і кругласутачнага знаходжання людзей. Супрацоўнікі інспекцыі нагляду і прафілактыкі сёлета наведалі ўсе, пабывалі на аб’ектах сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння. Амаль усюды выявілі парушэнні супрацьпажарных патрабаванняў капітальнага і рэжымнага характару.


З боку кіраўніцтва аддзела па адукацыі заўважаецца клопат пра пажарабяспечны стан падведамных аб’ектаў. Але яшчэ не ўсюды ўстаноўлена аўтаматычная пажарная сігналізацыя. У будынках дзісенскай паліклінікі, тэрапеўтычным і інфекцыйных аддзяленнях ЦРБ падчас бягучага рамонту яе дэманціравалі і не ўзнавілі.


Патрэбна паляпшаць умовы пражывання ў двух міёрскіх інтэрнатах. Па вуліцы Дзяржынскага выяўлена, што ўваходныя дзверы ў пакоях адчыняюцца вонкі, што абмяжоўвае мінімальную эвакуацыйную шырыню агульных калідораў. Дапускаецца курэнне ў неўстаноўленых месцах. Не лепшым чынам паўплывае на супрацьпажарную бяспеку скарачэнне пасады вахцёра на аб’екце.


Двухпавярховы будынак інтэрната з пячным ацяпленнем па вуліцы Камуністычнай наогул не адпавядае заканадаўству. Для прыгатавання ежы жыхары карыстаюцца балонамі з гаручым газам аб’ёмам, які перавышае дапушчальныя нормы. Без унясення змяненняў у праектна-каштарысную дакументацыю зроблена перапланіроўка на першым паверсе. Патрабуе рамонту электраабсталяванне. Інтэрнат належыць райаграсэрвісу, па даручэнні старшыні райвыканкама яго перавядуць у жыллёвы фонд горада.


Выклікаюць заклапочанасць аб’екты, падведамныя аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. З 21 клуба 11 не абсталяваны сістэмай аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі. Раённы Дом культуры адзін з нешматлікіх, дзе яна ёсць, але не дзейнічаюць пажарныя краны – ваду для тушэння ўзяць немагчыма. Такая ж сітуацыя ў Дзісенскім гарадскім Цэнтры культуры, Наўгародскім СДК. Па прычыне адсутнасці сродкаў не ўсюды ўстаноўлена аўтаматычная пажарная сігналізацыя з сістэмай перадачы апавяшчэння пра загаранне і няспраўнасць у падраздзяленне МНС «Маланка». Як нагадаў Віталь Аляксандравіч, у 2017 годзе пажар ужо насцігаў кацельню Цвецінскага Дома культуры. Гэта здарылася днём, таму ўзгаранне ліквідавалі аператыўна. Ноччу, калі сігнал на «Маланку» не выведзены, аўтаматычную сігналізацыю ніхто не пачуе.


Начальнік РАНС адзначыў, што безадказнасці і раўнадушшу не месца, калі пад пагрозай жыцці людзей. Маніторынгі працягваюцца. Як звярнуў увагу старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў, бяспека жыхароў раёна ў бясспрэчным прыярытэце. Сістэма работы па папярэджанні трагедый павінна быць арганізаванай і дакладнай. Вызначаны канкрэтныя тэрміны па выкананні патрабаванняў супрацьпажарнай бяспекі на аб’ектах масавага знаходжання людзей.

Трывожныя  лічбы

Па інфармацыі начальніка РАНС, з пачатку года ў Міёрскім раёне зарэгістравана 20 пажараў, якія забралі жыцці дваіх чалавек. За аналагічны перыяд летась здарылася 14 падобных трагедый, у выніку адна ахвяра. 18 пажараў бушавалі ў жылым фондзе, 2 на аб’ектах дзяржаўнай уласнасці: гарэў кастразборнік на льнозаводзе, кормаўборачны камбайн у ААТ «Узмёнскі край». Матэрыяльная шкода ад вогненнай стыхіі склала звыш 75700 рублёў.


Аналіз пажараў паказаў, што за апошнія тры гады ўсе загінулыя ў іх вялі асацыяльны лад жыцця, ужывалі спіртныя напоі і курылі ў ложку. Напярэдадні трагедый былі нецвярозыя.


На пасяджэнні разабралі факт гібелі ў Слабадзе жанчыны 1967 года нараджэння. 9 ліпеня, прыбыўшы на месца выкліку, выратавальнікі знайшлі яе ў задымленым доме на ложку без прыкмет жыцця. Прычыны пажару высвятляюцца. Разглядаюцца дзве версіі: неасцярожнае абыходжанне з агнём ці парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак і электрапрыбораў.


Загінулая была рабочай у ААТ «Узмёнскі край». На яго балансе лічыўся дом, у якім жыла з маці-пенсіянеркай, інвалідам ІІ групы. Абедзве аматаркі выпіць лішняга.


Віталь Аляксандравіч падрабязна прааналізаваў недапрацоўкі з боку суб’ектаў прафілактыкі. Заслухалі старшыню Узмёнскага сельсавета Браніслава Невяроўскага. Кіраўнік раёна пагадзіўся, што ёсць катэгорыя людзей, якія ставяцца да ўласнага жыцця безразважна, але мы закліканы гэта заўважаць і своечасова працягваць руку дапамогі. 

Фота з архіва рэдакцыі.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июня 2021
Мария, Ефрем

Именины 23 июня 2021
Александр, Алексей, Андрей, Василий, Герасим, Иван, Игнатий, Илья, Иннокентий, Кузьма, Макар, Николай, Павел, Тимофей, Анна, Антонина, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта