Авторизация
 

Юрый Обухаў з Дзісны ўдзельнічаў у Міжкантынентальным заплыве праз праліў Басфор

Відэа тут

 Плыць па цячэнні добра па вадзе, але не па жыцці. Так падумаў малады чалавек, якому надакучыла размераная паўсядзённасць. Вырашыў адолець Басфор, хоць мог праплысці ўсяго некалькі метраў па неглыбокім вадаёме.

31-ы Міжкантынентальны заплыў праз праліў Басфор адбыўся 21 ліпеня. У ім удзельнічала больш за 2,5 тысячы плыўцоў з 51 краіны свету. У тым ліку 69 удзельнікаў з Беларусі. Сярод іх – 23-гадовы ўраджэнец Дзісны Юрый ОБУХАЎ.

ГУТАРЫМ ля берага міёрскага возера. Дзень таму Юрый вярнуўся з Турцыі. З роўным загарам і бляскам у вачах, з эмоцыямі і ўражаннямі, якія наўрад ці можна дакладна перадаць словамі. І з дыпломам міжкантынентальнага плыўца.


– Паглядзіце на возера. Яно ціхае, спакойнае, нібы жанчына. А Басфор – гэта моцны суровы мужчына, – прыводзіць параўнанне субяседнік. – Плысці праз праліў – барацьба. Або ён цябе адолее, або ты яго.


 Адлегласць у шэсць з паловай кіламетраў з Малой Азіі ў Еўропу праз праліў Басфор Юрый Обухаў адолеў за адну гадзіну 17 хвілін 42 секунды. Каб атрымаць дыплом, трэба ўкласціся ў дзве гадзіны.


– Ставіў за мэту пераплысці праліў. Не думаў, што паспею да вызначанага часу, – заўважае плывец. – Калі ступіў на еўрапейскі бераг, першае, што зрабіў, – азірнуўся: ці не апошні я.


ПЕРАПЛЫЦЬ Басфор Юрыя натхніла беларуская тэлевядучая Ганна Бонд. З ёй пазнаёміўся на адным з мерапрыемстваў яшчэ падчас вучобы ў Мінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы. Цяпер трымаюць сувязь у сацыяльных сетках. У мінулым годзе Ганна ўпершыню ўдзельнічала ў Міжкантынентальным заплыве, сёлета зноў збіралася на праліў.


– На яе прапанову паўдзельнічаць адказаў, што не ўмею плаваць. Ганна параіла шукаць не адгаворкі, а магчымасці, – расказвае Юрый.
Пачаўся настойлівы шлях да мэты. У снежні Юра прыйшоў у басейн «Садко» ў Наваполацку (у гэтым горадзе жыве і працуе адміністратарам у Еўрагандлі). Падрыхтаваць плыўца-«чайніка» да сур’ёзнага іспыту пагадзіўся трэнер Дзмітрый Козел. Першы адолены ў басейне кіламетр стаў вялікім дасягненнем. У пачатку чэрвеня трэніроўкі перамясціліся на Заходнюю Дзвіну. У гідракасцюмах плавалі нават у дажджлівае надвор’е. За паўгода актыўных заняткаў Юрый скінуў 19 кілаграм.


 УДЗЕЛ у заплыве патрабаваў і немалых фінансавых затрат. Кошт рэгістрацыі – 200 еўра. Каб замацаваць за сабой месца, ноч дзяжурыў у інтэрнэце.


– Загадзя трэба стварыць асабісты кабінет на сайце Міжнароднага алімпійскага камітэта Турцыі. Дадзеныя запаўняюць або на англійскай, або на турэцкай мове, – знаёміць з падводнымі плынямі падрыхтоўкі. – Аб’явілі рэгістрацыю на 4 студзеня. Час не ўказалі. На гадзінніку ўжо 03.20, раніцай на работу ўставаць. Толькі сабраўся выключаць камп’ютар, як рэгістрацыя пайшла.


Яшчэ адна складанасць на шляху да Басфора – медыцынская камісія. Прайсці яе можна ў любой медустанове, але запоўніць вынікі – на англійскай мове. Знайшоў выйсце і з гэтай сітуацыі.
І ВОСЬ чаканы момант – удзельнікі плывуць на старт.


– Перад заплывам ва ўсіх мандраж. І ў навічкоў, і ў загартаваных плыўцоў, – успамінае Юрый. – Скачаш у ваду і застаешся з пралівам адзін на адзін. Зносіць сустрэчнае цячэнне. Важна трапіць у спадарожнае. Яно халоднае, але плыць лягчэй. Зверху сонца пячэ, а ногі ад холаду сутаргі зводзяць. Хочацца піць, а вада салёная. Пад табой глыбіня метраў 60, не спынішся адпачыць. Падчас папярэдняй экскурсіі на цеплаходзе па маршруце заплыву заўважаў пад вадой вялікіх рыб і мядуз. Думаў, дзе-небудзь на дыстанцыі зноў іх сустрэну, але абышлося. Быў момант, калі я збіраўся зняць шапачку і памахаць ёй. Гэта знак выратавальнікам, што сыходзіш з дыстанцыі. Але палічыў, што расчаруюся ў сабе. Столькі да гэтага ішоў, не трэба здавацца. Плаваць умею, значыць, справа ў маёй псіхіцы. А яе можна перайначыць. Яшчэ большы стымул з’явіўся, калі мяне абагнаў мужчына, у якога не было адной нагі. Падумаў: раз ён плыве, то і я змагу. Вельмі складана за паўкіламетра да фінішу. Тут цячэнне сустрэчнае. Некаторыя здаваліся на гэтым участку. У мяне атрымалася даплыць. Пераадолеў Басфор і сябе. Упэўніўся: усе абмежаванні – у галаве. Нельга ім паддавацца, трэба быць мацней.


 Як расказаў Юрый, на сёлетнім заплыве дыскваліфікавалі каля 200 плыўцоў. Адны сышлі з дыстанцыі, іншыя не паспелі за дзве гадзіны. Напрыклад, італьянец Маркус, з якім пазнаёміўся перад стартам, мінулы раз праплыў адлегласць за 57 хвілін, а цяпер не ўклаўся ў вызначаны час. Не ўдалося трапіць у спадарожнае цячэнне. Знаёмую з Беларусі, якая тры гады займаецца плаваннем, накрыла хваляй. Паддалася паніцы і не змагла плыць далей. Не пашанцавала ў гэты раз Ганне Бонд – плыла больш за дзве гадзіны.


МАЛА хто з родных і сяброў падтрымаў намер Юрыя ўдзельнічаць у заплыве. Адны перасцерагалі пра небяспеку. Іншыя не разумелі, навошта гэта. Слухаў сябе. Даказаў, што можа больш, чым здаецца. Калі выклаў у сацсеткі фота, напісалі нават знаёмыя, з якімі са школы не бачыўся.


– Нецікава жыць у ціхім размераным рытме. Паўсядзённасць надакучвае, звыклыя заняткі не прыносяць задавальнення. Таму стаўлю перад сабой высокія мэты і настойліва да іх іду, – акрэслівае сваю пазіцыю.


25 жніўня Юрый Обухаў будзе ўдзельнічаць у заплыве праз Мінскае мора. Адлегласць пяць кіламетраў. Для маладога плыўца гэта чарговы іспыт на вынослівасць, сілу волі і веру ў свае магчымасці. Думае яшчэ раз пазмагацца з Басфорам, а пасля замахнуцца на Гібралтар. 

ДЛЯ ДАВЕДКІ
Міжкантынентальны заплыў праз Басфор – адзіная ў свеце гонка па плаванні з аднаго кантынента на другі – з Азіі ў Еўропу. Штогод яго арганізоўвае Міжнародны алімпійскі камітэт Турцыі пад дэвізам «Спорт для ўсіх». Удзельнічаць могуць прафесіяналы, аматары ад 14 гадоў і нават людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Для іншаземцаў устаноўлены ліміт у 1100 чалавек.


Упершыню заплыў адбыўся ў 1989 годзе з удзелам 68 чалавек. Праз тры гады стаў міжнародным – спаборнічалі плыўцы з Чэхаславакіі і ЗША.


Рэкорды заплыву трымаюцца з 2006 года. Устанавілі іх турэцкія спартсмены. Найлепшы вынік сярод мужчын у Алішану Алашлі – 39 хвілін 7 секунд, сярод жанчын у Берэн Кайрак – 40 хвілін 50 секунд.

ДАРЭЧЫ
У беларускай камандзе Юрый Обухаў быў самым маладым плыўцом. Сярод усіх удзельнікаў сёлетняга заплыву самаму малодшаму – 14 гадоў, старэйшаму – 90.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і

з асабістага архіва Ю. ОБУХАВА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 июня 2021
Александр, Алексей, Иван, Кирилл, Рафаил, Мария, Марфа, Марианна, Фекла

Именины 21 июня 2021
Василий, Константин, Павел, Федор, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта