Авторизация
 

Віктар Маткоў з Міёр і фарш прыгатуе, і дом пабудуе

 Жадаеш дабрабыту – працуй. Такім правілам кіруецца Віктар МАТКОЎ. На Міёрскім мясакамбінаце Віктар складае фарш для каўбас, а пасля работы заняты на будаўніцтве ўласнага дома. З юнацтва прывык спраўляцца з цяжкасцямі без старонняй дапамогі, ісці да мэт шляхам працы і настойлівасці.

ДАСТАВІЦЬ мяса ў каўбасны цэх, узважыць патрэбную колькасць, загрузіць разам з соллю і спецыямі ў спецыяльную машыну, перадаць гатовую сумесь фармоўшчыкам – вось асноўныя дзеянні складальніка фаршу. На словах такая работа падаецца простай. На справе патрабуе ўважлівасці, дакладнасці і вынослівасці.

  
– Увесь дзень на нагах. Калі падлічыць, колькі праходжу за змену па ўчастку, кіламетры набягуць. Спыняцца нельга, інакш цэх без справы застанецца, – усміхаецца Віктар.

  
Фарш складаюць утраіх. Адзін работнік гатуе сумесь для лівернай каўбасы. Віктар Маткоў з напарнікам Сяргеем Лакоткам – для варанай, сыравэнджанай і іншых. Усяго больш за 20 найменняў.

  
– За соль і спецыі адказваюць іншыя работнікі. Адмяраюць патрэбную колькасць для кожнага каўбаснага вырабу. Задача складальніка – загрузіць інгрэдыенты ў кутар, так называецца машына, што змешвае фарш, і націскаць на кнопкі. Галоўнае, не пераблытаць, куды якія спецыі сыпаць. Затым фарш выгружаем у вазкі і перавозім калегам, што заняты непасрэдна вырабам прадукцыі, – падрабязней знаёміць з пра- цэсам спецыяліст.

  
НА мясакамбінаце ён з 2008 года. Уладкаваўся грузчыкам. Стараннага работніка заўважылі. Прапанавалі з фаршам папрацаваць. Атрымалася, хоць было ў навінку.

  
Па дыпломе Віктар – тэхнік-механік. Вывучаў асаблівасці ткацкага абсталявання ў Мінскім каледжы лёгкай прамысловасці. Там жа прафесію таваразнаўцы атрымлівала дзяўчына з Міёр. На трэцім курсе ажаніліся. Першую ў гісторыі навучальнай установы студэнцкую сям’ю пасля доўга ўспаміналі выкладчыкі. Віктару было 18 гадоў, Каці дваццаты ішоў.

  
Раннім шлюбам прарочаць нядоўгі век. Матковы шчаслівыя разам 13 гадоў. У іх дзве дачушкі. Даша скончыла сёмы клас, Ксюша ў пяты перайшла. Будуюць новы дом на сваім участку.

  
– Сямейны дабрабыт стваралі з нуля. Перад цяжкасцямі не пасавалі, стараліся. Вось і ўвесь сакрэт трывалай сям’і, – гаворыць Віктар. – Каб штосьці мець, трэба шмат працаваць. З аднаго заробку дом не пабудуеш, таму вечарамі я на падпрацоўках. Часу з дзецьмі пабыць няшмат, але стараюся знаходзіць вольныя гадзіны. Тады разам едзем на дачу, што непадалёку ад райцэнтра.

  
ЗАСТАВАЦЦА ў Міёрах Матковы не планавалі. Вабіў вялікі горад. Пасля вучобы ў сталіцы прывыкнуць да правінцыі Віктару было складана.

   

Прыгадвае першую сустрэчу з нашым райцэнтрам восенню 2006 года:

– 11 гадзін у поездзе падаліся бясконцымі. Сышлі на станцыі – холадна, сыра. Словам, уражанні не самыя прыемныя. Затым планы змяніліся. Уладкаваліся тут на працу, жыллё набылі.


Важна не месца прапіскі, а правільна вызначаныя жыццёвыя прыярытэты і штодзённыя крокі да пастаўленых мэт. Для Віктара Маткова галоўнае – дабрабыт яго сям’і. Не траціць час на пустыя забавы ў інтэрнэце. Прызнаецца, што нават камп’ютар уключаць не ўмее. Выбірае практычнасць замест паказухі. Восем год таму памяняў іншамарку на блакітныя «Жыгулі-6». Надзейнае аўто не патрабуе вялікіх затрат на рамонт, адольвае любыя дарогі, перавязе і будаўнічыя матэрыялы, і пчальнікі. Апошнія Віктар паставіў на дачы. Пасля палявання і рыбалоўства вырашыў паспрабаваць сябе як пчаляр. 

У ТЭМУ
За 2018 год Віктар Маткоў склаў фаршу для вытворчасці больш за адзін мільён кілаграмаў гатовай прадукцыі і паўфабрыкатаў. Штодзённыя нормы выпрацоўваў на 101 %. Па выніках работы за мінулы год партрэт работніка Міёрскага мясакамбіната занесены на раённую Дошку гонару.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2021
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта