Авторизация
 

Сустрэчы ў Перабродскім сельсавеце

 На тэрыторыі Перабродскага сельсавета 48 населеных пунктаў, у якіх 1353 жыхары. З пачатку года прыбылі 18, з’ехалі 27. Нарадзіліся 4, памерлі 9.

Работу Перабродскага сельскага Савета дэпутатаў па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва і навядзення парадку на зямлі прааналізавалі ў райвыканкаме 18 ліпеня. У гэты дзень інфармацыйныя групы наведаліся ў працоўныя калектывы, да вясцоўцаў па месцы жыхарства.  

Будуем, ахоўваем

Інфармацыйная група старшыні райвыканкама Ігара Кузняцова сустрэлася з працоўным калектывам санаторыя «Расінка». У любую пару на яго тэрыторыі ўтульна. Летам навакольная палітра фарбаў асабліва насычаная. Поўная гармонія прыроднага хараства і архітэктурнага афармлення. Дарослыя і юныя адпачывальнікі любуюцца круглы год. Па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні калектыў «Расінкі» адзін з найлепшых у рэспубліцы. Гэтым уносіць важкі ўклад у развіццё эканомікі раёна.


Важна, што на міёрскай зямлі жывуць ініцыятыўныя, актыўныя і творчыя людзі, якія любяць родны край і робяць усё магчымае для яго развіцця і росквіту. Дзякуючы гэтаму лягчэй скараюцца новыя гарызонты. Як нагадаў Ігар Валер'евіч, летась у маі ўвялі ў эксплуатацыю раённую бальніцу, у жніўні Міёршчыну наведаў Прэзідэнт і даў згоду на будаўніцтва на яе тэрыторыі кардыяцэнтра. Аб'ект з'явіцца па ініцыятыве і з далучэннем замежных інвестыцый удзельнікаў праекта па ўзвядзенні металапракатнага завода. Плануецца, што дзесьці 70  % магутнасці лячэбнай установы будзе накіравана на экспарт паслуг, астатнія 30 % – на бясплатнае абслугоўванне. У апошняй катэгорыі і жыхары нашага раёна. Кардыяцэнтру спатрэбяцца высокапрафесійныя спецыялізаваныя кадры. Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт плануе накіроўваць на стажыроўку ў Германію найлепшых выпускнікоў з наступным размеркаваннем у Міёрскі раён. Вахтавым метадам будуць працаваць у нас спрактыкаваныя нямецкія ўрачы.


Вяртаецца з экспертызы праектна-каштарысная дакументацыя, згодна з якой хутка пачнуць узводзіць райпаліклініку. Праектуецца дзіцячы садок на 200 месц. Не мяняюцца планы па будаўніцтве гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Вырашана пытанне аб выдзяленні ўчастка ў Зачарэўі на рэабілітацыйны цэнтр на 140 ложкаў. З'явіцца шмат новых рабочых месц, што паспрыяе дабрабыту насельніцтва. Палепшыцца інфраструктура раёна. Пасля ўводу металапракатнага завода ён па-ранейшаму застанецца датацыйным, але даходная частка бюджэту на 25 % павялічыцца. Са слоў старшыні райвыканкама, дадатковыя сродкі выкарыстаюць на развіццё сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванне, вырашэнне дарожных праблем, падтрымку сяла і інш.


Старшы афіцэр упраўлення аховы граніцы Полацкага пагранатрада Антон Бондараў нагадаў, што Міёрскі раён прыгранічны, працягласць ахоўваемай тэрыторыі складае 7 кіламетраў 800 метраў. Асаблівы па размяшчэнні: праз яго транзітам перамяшчаецца транспарт, ёсць рака, чыгунка. Сёлета з пачатку года Полацкі пагранатрад затрымаў 11 парушальнікаў дзяржаўнай граніцы, 32 парушальнікі пагранічнага рэжыму, з якіх два – на тэрыторыі Міёрскага раёна. Таму пагранічнікі нагадваюць не губляць пільнасці, памятаць, што ахова рубяжоў – справа агульная. Нярэдка менавіта па аператыўнай інфармацыі ад сельскага насельніцтва затрымліваюць парушальнікаў. Здаровая грамадзянская пазіцыя характэрная і для жыхароў Міёршчыны. Традыцыя не павінна парушацца.


 Ціхае месца з гучнымі заўвагамі

У невялічкай вёсцы Маляўкі засталося дзесяць карэнных жыхароў. Большасць з іх у паважаным узросце. Праўда, надзея на будучыню ёсць. Ціхае маляўнічае мястэчка на ўзбярэжжы возера Набіста актыўна абжываюць дачнікі. Купляюць участкі ці ўладкоўваюць бацькоўскія, заводзяць курэй, пчол і адчуваюць сапраўдны смак жыцця. У вясенне-летні сезон у вёсцы мірна суседнічаюць звыш 30 жыхароў.


Дабрацца ў Маляўкі проста. Зварочваеш з галоўнай шашы і па новенькім гладзенькім асфальтавым пакрыцці імчыш з ветрыкам аж да ўказальніка населенага пункта. Нядрэнна ехаць і па ўкатанай прасёлкавай дарозе. Амаль упрытык да яе двары, якія вылучаюцца чысцінёй і добраўпарадкаваннем: гэта ў крыві старэйшага пакалення. Праяўляюць фантазію па кветкавым афармленні, сустракаюцца і малыя архітэктурныя формы. Выразаны з высокага пня характарны герой – ужо вышэйшае майстэрства.


Паўсюдна бульбяныя палеткі, цяпліцы, падаюць гукі насельнікі хлявоў. У вяскоўцаў амаль усё сваё. Хлеб, каўбасу, малочныя прадукты двойчы на тыдзень прывозіць аўталаўка. Штосьці смачнейшае можна набыць у прыватнага гандляра, які таксама абслугоўвае на транспарце.
Пра гэта ў Маляўках расказалі прадстаўнікам інфармацыйнай групы, якую ўзначальвала дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Шамёнак. Ужо цяпер хвалююцца вяскоўцы, як нарыхтаваць дроў, печ паправіць. Выслухалі інспектара РАНС Паўла Бурака, які нагадаў правілы пажарнай бяспекі. Асабліва ўважлівымі заклікаў быць пры спальванні садовага смецця на сваім участку. Трэба выбіраць ціхае бязветранае надвор’е, адлегласць ад кастрышча да пабудоў павінна складаць не менш за 15 метраў. Ад лесу, скірдаў саломы, суседскай маёмасці размяшацца яшчэ далей. Калі пільна сачыць за агнём, мець побач рыдлёўку, вядро з вадой – праблем не будзе.


Як нагадаў інспектар, пажадана, каб у кожным доме мелі пажарны апавяшчальнік. Набыць яго можна ў паштальёна, даставіць ён і элементы сілкавання.


Штогод шмат людзей губляецца ў лясах. Адны знаходзяць дарогу самі, кагосьці даводзіцца шукаць. Заблукаць можа кожны, але часцей за ўсё праблемы з арыентаваннем у пажылых. У ягадна-грыбны сезон просьба да іх паведамляць блізкім, куды скіроўваюцца. З сабой абавязкова ўзяць мабільны тэлефон з зараджанай батарэяй.


Хвалюе сяльчан назапашванне дроў. Рукой падаць да Перабродскага лясніцтва, а яно першачаргова забяспечвае льготнікаў. Астатнім даводзіцца з райцэнтра заказваць, за дастаўку 60 – 70 рублёў пераплачваць. Не ўсім пенсіянерам па кішэні, многім на зіму два прычэпы неабходны. Дзешавей выкарыстаць ламачча, бабрыныя павалы. Буралом прападае, толькі браць яго на растопку баяцца, каб не адказваць пасля па законе.


На сяле ніводнага каня. Агароды ўручную капаюць і ўзворваюць тэхнікай, якую наймаюць у суседзяў, знаёмых. Паслугамі сельгаспрадпрыемства рэдка карыстаюцца. Па тэлефоне дырэктара знайсці нерэальна, бо ў кабінеце не заседжваецца. Паўкрыўдавалі, што не прыязджае, не цікавіцца патрэбамі сяльчан. Члены інфармацыйнай групы нагадалі: праз старшыню Перабродскага сельсавета ўсе праблемы вырашальныя, трэба толькі тэлефонны нумар набраць.


Каму цяжка ў паважаным узросце запасціся дрывамі, зімой цепліць печ, упраўляцца з падсобнай гаспадаркай, Алена Венядзіктаўна запрасіла ў Дзісну ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых. Пастаяльцам тут весялей, умовы не горш, чым дома. Харчаванне чатырохразовае. За ўсе паслугі штомесяц адлічваюць з пенсіі 85 %. Аднак мясцовыя жыхары адзіноцтва не баяцца. Дзеці з унукамі не забываюць, наведваюць часта. Дачнікі на просьбы адгукаюцца. Па ўсім бачна – пеўням у Маляўках яшчэ доўга спяваць.

 Памочнікаў надзейнае плячо

Пры падвядзенні вынікаў дня інфармавання кіраўнікі рабочых груп райвыканкама заўважылі, што нараканняў на гандлёвае, медыцынскае абслугоўванне, работу культустаноў, аддзялення сувязі не пачулі. Пастаянна і сістэмна падтрымліваецца парадак на перабродскай зямлі. Стараюцца домаўладальнікі, значны ўдзел шэфаў. Старшыня сельсавета Віктар Дзеравянчык удзячны калектывам ВУПКУ «Міёрскі», райаграсэрвіса. Іх сіламі выкараняюць зараснікі баршчэўніка, прыводзяць у парадак абеліскі, абкошваюць населеныя пункты. Рамонт вуліцы ў вёсцы Мельніцы, уладкаванне крыніцы таксама заслуга памагатых. Дзісенскі лясгас добраўпарадкаваў у Зачарэўі пляцоўкі для кемпераў. Камунальная служба раёна, на балансе якой 21 грамадзянскія могілкі сельсавета, рэгулярна вызваляе ад смецця кантэйнеры. Дзякуючы суботнікам з удзелам вяскоўцаў у святых месцах пануюць парадак і чысціня.


Клапоцяцца пра падведамныя тэрыторыі Камянполлеўскі і Забалоццеўскі ФАПы, Забалоццеўская бібліятэка-клуб, санаторый «Расінка». Аператыўна рэагуе на заўвагі і прапановы па ўтрыманні аўтадарогі Р-14 ЛДД-34. Няма прэтэнзій да індывідуальнага прадпрымальніка, які закупляе ў насельніцтва малако. Старшыня Перабродскага сельсавета звярнуў увагу, што ўсведамляць значнасць і важнасць падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак неабходна і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў.


У вырашэнні важных пытанняў, якія маюць дачыненне да парадку на зямлі, прапаганды здаровага ладу жыцця, інфармацыйна-растлумачальнай работы вялікая роля дэпутацкага корпусу. Актыўныя старэйшыны, асабліва Ж. Каравацкая, І. Палякова, М. Чабок, В. Вішнеўская і інш.


Пазітыўнага шмат. Ёсць і праблемныя кропкі. Не надта ўпісваюцца ў маляўнічыя краявіды будынкі былых магазінаў, ведамаснае жыллё сельгаспрадпрыемстваў. Трухнее і ўжо небяспечная для доступу людзей сядзіба Рудніцкіх у Асада-Дзедзіне, якая мае статус гісторыка-культурнай спадчыны. Турбуюць некаторыя ўчасткі аўтадарог, якія зараслі лазняком, патрабуюць рамонту. Асабліва праблемныя Тычкі – Пераброддзе, на Забалоцце, Асада-Дзедзіна, пад'езд да Лебедзева. Часта госці на берагах азёр пакідаюць пасля сябе свінячы след. Над гэтымі і іншымі пытаннямі працуюць на тэрыторыі сельсавета, каб умовы жыцця ў сельскай мясцовасці паляпшаліся. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта