В Заутье спасатели ликвидировали угрозу дому

 Адным дажджлівае і ветранае ліпеньскае надвор’е проста псуе настрой. А іншых прымушае ўсур’ёз пахвалявацца. Пенсіянерка з Завуцця Ніна Пятроўна Пухальская занепакоілася, калі над дваром навісла старое дрэва. Адвялі бяду электрыкі і выратавальнікі.

Парываў ветру не вытрымала высокае дрэва ля лазні ў двары. Навісла над пабудовай, кранаючы галінамі правады электралініі. Ад лазні да жылога дома – некалькі метраў.

У РЭДАКЦЫЮ Ніна Пятроўна патэлефанавала 9 ліпеня ў другой палове дня. З двара толькі паехалі выратавальнікі. Яе дому больш нічога не пагражала.


– Паўдня хлопцы адпрацавалі. Як прыехалі ў дзевяць раніцы, так да двух гадзін нават не перадыхнулі. Вось працаўнікі! – гаворыць у трубку.


На дапамогу сяльчанцы паспяшаліся выратавальнікі з дзісенскага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 16. Камандзір аддзялення Павел Іваноў, вадзіцель Дзмітрый Гарноўскі разам з начальнікам паста Пятром Конахам і намеснікам начальніка Міёрскага РАНС Пятром Мядзельцам. Узабраліся на дрэва, па частках яго распілоўвалі. Гаспадыня назірала за работай і здзіўлялася іх смеласці і працавітасці.


– Зрабілі ўсё як належыць. Прыбралі, – расказвае Ніна Пятроўна. – Папрасіла паправіць пашкоджаны дрэвам плот. І тут дапамаглі, хоць гэта і не ўваходзіла ў іх службовыя абавязкі.


На шчасце, ад старога дрэва пацярпелі толькі плот і лазня, якую трэба рамантаваць. Дзякуючы аператыўнай і зладжанай рабоце выратавальнікаў, засталіся цэлымі дом і іншыя пабудовы ў двары.


– Пакуль ішлі работы па ліквідацыі, не пакінуў мой падворак старшыня нашага сельвыканкама Аляксандр Качан. Дзякуй яму за ўвагу і падтрымку, – гаворыць пенсіянерка. – Вельмі ўдзячна хлопцам-выратавальнікам. Моцнага здароўя, дабрабыту, усяго найлепшага тым, хто пазбавіў мяне ад сур’ёзнай пагрозы.

Фота прадастаўлена Міёрскім РАНС.

Падрыхтавала
Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.