Из Израиля на Миорщину: посетить малую родину и захоронения

 Грышу Макутоніна ведаю са школьнай пары, разам вучыліся ў дзявятым класе Міёрскай СШ. Калі закончыўся навучальны год у 1962-м, ён перайшоў у вячэрнюю школу рабочай моладзі, якая заставалася дзесяцігодкай. 

Нам жа пасведчанне аб сярэдняй адукацыі разам з вадзіцельскімі правамі «свяцілі» пасля адзінаццацігодкі. Працаваў Рыгор Ісакавіч экспедытарам на аптова-гандлёвай базе ў Міёрах, служыў у Савецкай Арміі. Стаў электрагазазваршчыкам у Даўгаўпілсе, на заводзе лічыўся добрым спецыялістам і нядрэнна зарабляў. Там стварыў сям’ю, нарадзіліся дзве дачушкі. 

БЫЎ Рыгор Ісакавіч звычайным савецкім грамадзянінам. Аднак Савецкі Саюз разваліўся, а незалежная і самастойная Латвія прадастаўляла грамадзянства толькі яго жонцы і дзецям.


Тады скіраваўся спадар Макутонін па слядах брата ў Ізраіль, дзе на іўрыце яго сталі зваць Цві. Праз 26 гадоў вярнуўся ў Міёры з малодшым братам Яшам (там ён Дуду), сястрой Аняй, якая прывезла сваіх дзяцей. Чакалі з Канады самага малодшага Рафаіла, але яго затрымала афармленне візы, якая ізраільцянам пры паездцы ў Беларусь не патрэбна.


Што паклікала да нас?
– Гэта ж Радзіма з магіламі продкаў, – тлумачыць Рыгор Ісакавіч, – пра яе мы ніколі не забывалі, даведваліся пра тутэйшыя падзеі і жыццё з радыё- і тэлеперадач. Вашу раённую газету рэгулярна чытаю ў інтэрнэце. Удзячны за краязнаўчыя пошукі Вітольду Ермалёнку. Клапачуся, каб рускую мову разам з іншымі ведалі мае чатыры ўнукі.


Трэба сказаць, што і Міёры Макутоніных не забыліся. Своеасаблівы арыенцір для мясцовых жыхароў родная хатка. Госця сустрэлі былыя аднакласнікі – колішнія медыкі Юрый Цярэшка і Валянціна Лавішак, педагог Нэля Бамбізава і я. Арганізавалі для Грышы і Яшы аўтаэкскурсію па райцэнтры і наваколлі. Першы маршрут да будынка былой школы на вуліцы Кірава. Наступным аб’ектам сталі могілкі ва ўрочышчы Крукаўка.


– Упарадкоўвалі брацкую магілу на ўласныя сродкі тыя, каму пашчасціла выжыць, – тлумачылі браты. – Сярод 43 уцекачоў, што ўратаваліся ад расстрэлу дзякуючы статку кароў, быў наш бацька Ісак. Дзядуля Рафаіл і іншыя родныя назаўсёды засталіся ў гэтай зямлі.


Рыгор і Якаў запалілі свечку, прывезеную з сабой (цэлыя суткі гарыць!), моўчкі памаліліся ля помніка. Заўважылі чысціню і парадак, ускладзеныя кветкі. Папрасілі праз газету падзякаваць тым людзям, якія даглядаюць і клапоцяцца пра дарагое для іх месца.
Потым скіраваліся на пахаванні аднакласнікаў, каталіся па горадзе. «Міёры надта змяніліся», – адзінадушна адзначылі госці, перш чым завітаць з загадзя ўзгодненым візітам да былога сябра і суседа Уладзіміра Рынцэвіча.


Толькі вечарам прадоўжыў размову з аднакласнікам.
– У нас змяркаецца, як толькі схаваецца сонца, такой парой ужо цёмна, – звярнуў увагу Грыша. – А па надвор’і ваш цяперашні ліпень – як у нас зіма. У Ізраілі зараз самая спёка, тэмпература вады ў моры вышэй за плюс 30 – купанне не асвяжае. Дома ратуюць кандыцыянеры, устаноўленыя ў кожным пакоі.


Мяне ж цікавіў лёс эмігранта. Складваўся ён так.
Дарогу ў Ізраіль першым з Макутоніных праклаў Якаў. У Грышавай жонкі там ужо атабарылася сястра. Яна паклапацілася пра жыллё для прыезджых, праз адваката дамовілася з кватэрай і платай за яе.


– Самалётам вылецелі з Рыгі ў Іерусалім, – узгадвае Рыгор Ісакавіч. – Прама ў аэрапорце Бен-Гурыён мне як «вяртанцу» – была такая катэгорыя мігрантаў – прадаставілі грамадзянства, уручылі пашпарт і іншыя дакументы. Потым скіраваліся ў Ашдод, горад на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Уладкаваўся працаваць на прыватнае прадпрыемства, якое выпускала аўтамабільныя цыстэрны для нафтапрадуктаў і газу пад ціскам да 240 атмасфер. Маёй кваліфікацыі хапала для выканання такіх зварачных работ, аднак давялося перавучвацца – абсталяванне з Італіі, Амерыкі, Фінляндыі, Турцыі адрознівалася ад савецкага. Здаваў тэсты па тэорыі і практыцы.
Яшчэ складаней было жонцы. Яна не толькі пацвярджала дыплом – медсястры ў Ізраілі патрабуецца вышэйшая адукацыя – але і вывучала іўрыт, каб размаўляць з хворымі.


Самому іўрыт вучыць не спатрэбілася?
– Ведаць пэўны мінімум дзяржаўнай мовы патрабавала само жыццё, аднак на вытворчасці экзаменаў не здаваў. Абыходзіўся неабходнымі тэрмінамі. Яшчэ больш свабодна ў зносінах з насельніцтвам: Ашдод – горад з 260 тысячамі жыхароў, не менш за 60 тысяч з іх рускамоўныя.
Не мінула і года, як банк даў крэдыт на трохпакаёвую кватэру. Заканчваю яго выплачваць – тысяча шэкеляў у месяц. Такая сума для мяне па сілах, хаця пенсія невялікая з-за хваробы – дзве тысячы шэкеляў (каля 800 долараў), яе дапаўняе пражытковы мінімум – 1400 шэкеляў і яшчэ 400 шэкеляў розных надбавак.


На жыццё хапае. Наогул, у Ізраілі галодных няма. Дзяржава падтрымлівае беспрацоўных і тых, хто мае патрэбу. Сэканоміць можна на цэнах, у розных гандлёвых сетках яны адрозніваюцца.


Як арганізавана ўзаемадзеянне насельніцтва з медыцынскімі ўстановамі?
– У Ізраілі дзейнічаюць чатыры бальнічныя касы, трэба выбраць адну з іх. Штомесячны ўзнос невялікі, каля 200 шэкеляў. Электронная картка бальнічнай касы дае права звярнуцца да любога ўрача ў любой лячэбнай установе краіны. Пытанні аплаты вырашаюцца без удзелу пацыента. Медыцына ў нас на высокім узроўні. Мяне паставілі на ногі. Яны баляць. І спіна непакоіць. Але ўжо абыходжуся без каляскі. Брату Якаву зрабілі аперацыю па замене клапана на адкрытым сэрцы, дадому адпусцілі адразу. Ужо некалькі гадоў у яго з «маторам» ніякіх праблем.


Тэлебачанне нярэдка дэманструе нам «карцінкі» тэрактаў на Блізкім Усходзе. Вам з імі даводзілася сустракацца?
– Раней са смяротнікамі сутыкаліся, бо ў ісламе яны лічацца героямі. Палесцінцы такі гераізм аплачваюць. Неяк дачка паехала на работу, а па тэлебачанні паведамілі пра ўзарваны аўтобус. На такім едзе на працу і яна. Хваляваўся вельмі, на шчасце, усё абышлося. Цяпер такія выпадкі рэдкасць.


Напружанне ў адносінах з палесцінцамі спала?
– Палесцінцам, што жывуць непасрэдна ў Ізраілі, прадастаўлены роўныя з намі правы. Яны імі карыстаюцца, краіну не пакідаюць. Сутнасць пытання ў тым, што на адну тэрыторыю з роўным правам прэтэндуюць два народы, і ніхто не ведае, як дылему вырашыць. Таму міру тут ніколі не будзе. Хаця яўрэі лічаць сябе абароненымі, бо наша армія самая моцная ў рэгіёне. Пры Дональдзе Трампе мацнее падтрымка ЗША.
Мы жывём у дэмакратычнай, свабоднай і прававой дзяржаве, упэўнены, што законы нас абараняюць, перад імі ўсе роўныя. Мой дом, дзе жыву на чацвёртым паверсе, належыць зносу. Ён не адпавядае сучасным патрабаванням – у кватэрах няма так званага абароннага пакоя, дзе можна ўратавацца пры ракетным абстрэле. Пераеду ў землятрусаабароненую высотку, што з’явіцца на яго месцы.


Разумею, што ідэальнага грамадства на зямлі няма. І ў нас ёсць тэрарысты, хаця жыллё іх зносіцца, ёсць бамжы, наркаманы, вось толькі алкаголікаў не бачыў.


Дэмакратыяй што лічыце?
– Гэта рэгулярная змена ўлады ў выніку выбараў. Мы паважаем Нетаньяху, згодны з яго палітыкай. Але набываюць папулярнасць ідэі, якія прапануе больш кансерватыўны Ліберман. Рускамоўнае насельніцтва ў значнай ступені падтрымлівае яго. Канчатковы расклад сіл вызначаць чарговыя выбары ў кнесет, наш парламент.


Жывяце больш за чвэрць стагоддзя ў Ізраілі, не шкадуеце?
– Не. У ізраільскую рэчаіснасць трывала ўжылася мая сям’я, хаця старэйшая дачка даўно працуе медсястрой высокай кваліфікацыі ў Канадзе. Малодшая – менеджар у фірме па падрыхтоўцы кадраў. Старэйшая ўнучка вучыцца на ўрача, два ўнукі – школьнікі, радуе поспехамі малодшанькая пяцігадовая, рускую мову ўжо разумее.
Дзякую за гутарку і жадаю далейшага сямейнага дабрабыту і шчасця.

На здымку: Рыгор і Якаў Макутоніны на брацкай магіле ахвяр халакосту.

Фота аўтара.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.