Дзень Ксеніі КАГУКІНАЙ распісаны па гадзінах. У асобным сшытку на тыдні наперад размеркавана, хто і ў які час прыйдзе на манікюр. Вучыцца прафесіянальнаму манікюру Ксенія пачала два гады таму. Для сябе. Курсаў не заканчвала. Падручнікам быў інтэрнэт. Тады не думала, што новае хобі хутка ператворыцца ў асноўны занятак.
РАБОЧАЕ месца майстра па манікюры знаходзіцца дома. На спецыяльным століку – рознакаляровыя лакі, бусінкі, стразы і стужачкі для дэкору, манікюрны апарат, УФ-лямпа для сушкі, стойка з узорамі.
– Як правіла, кліенты прыходзяць са сваімі прапановамі. Адным хочацца свята на пазногцях – яркіх колераў, арыгінальнага дэкору. Іншыя выбіраюць спакойныя адценні без мудрагелістых упрыгожанняў. Многім падабаюцца малюнкі, – расказвае Ксенія. – Узрост наведвальнікаў розны. Ад старшакласніц да жанчын за шэсцьдзясят. Камусьці манікюр патрэбны для пэўнай нагоды. На выпускны, вяселле ці юбілей. Большасць жадае цешыцца прыгожымі ручкамі пастаянна.
У Ксеніі каля сотні кліентаў. Прыходзяць дзісенцы, прыязджаюць з ваколічных вёсак. Рэклама не спатрэбілася. Спрацавала сарафаннае радыё.
Працэдура займае дзве гадзіны, таму за дзень прымае максімум пяць чалавек. Апошні нярэдка садзіцца ў крэсла ў сем – восем гадзін вечара. Ідзе насустрач наведвальнікам, падстройваецца пад іх час.
Нарошчванне, пакрыццё, афарбоўка, малюнкі і дэкор – усё гэта справа тонкая. Патрабуе цярплівасці і ўседлівасці. З чужымі рукамі Ксенія працуе ўпэўнена. Даўно прайшло хваляванне, што падступала напачатку.
– Па адукацыі я культработнік, раней працавала ў Дзісенскім ГЦК. Як фізічная асоба зарэгістравалася ў падатковай інспекцыі год таму. Усё аказалася проста, без залішняй бюракратыі, – гаворыць субяседніца. – Да гэтага рабіла манікюр сваім родным, сяброўкам. Наўрад ці сама рашылася б распачаць уласную справу. Муж параіў. Дапамог абсталяванне закупіць. І цяпер Жэня часцей за мяне бывае ў спецыялізаваных магазінах у Полацку і Наваполацку, адкуль прывозіць неабходныя для работы матэрыялы.
СЯМ’Я Кагукіных у Дзісне пражывае дзесяць год. Ксенія мясцовая, Яўген родам з Полацка. Сын Віктар скончыў сёмы клас Мінскага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў. Паступіць у гэтую ўстанову вырашыў сам. Дома бывае толькі на канікулах. Удалечыні ад таты і мамы няпроста, але спраўляецца.
Жыць у маленькім гарадку – агульнае рашэнне. Выбралі цішыню замест дакучлівага гарадскога шуму. Пераехалі сюды і бацькі Яўгена.
Спачатку маладая сям’я здымала жыллё, пакрысе будавалі ўласны дом. Цяпер пад сваім дахам. Добраўпарадкоўваюць падворак, трымаюць невялікую гаспадарку. Гадаванцаў даглядае гаспадар, на гародчыку гаспадыня завіхаецца.
РАБОТА на зямлі – у пальчатках. Такое правіла абавязковае для Ксеніі і яе кліентак. Яшчэ раіць карыстацца крэмам для рук і спецыяльным маслам для куцікулы, што замаруджвае яе рост. Клопатаў на кухні і па доме манікюр не баіцца. Трымаецца да паўтара месяца. Пасля – за абноўкай.
– Часам дзяўчаты цікавяцца, ці не жадаю заняцца карэкцыяй броваў. Гэта не маё. Знайшла сябе ў манікюрнай справе. Вынікам работы ўсе застаюцца задаволеныя. Аказваецца, можна без спецыяльных курсаў абысціся. Галоўнае – жаданне і пастаянная практыка, – разважае субяседніца. – Можна было б адчыніць у Дзісне салон з больш шырокім колам паслуг. Дзе рабілі б прычоскі, манікюр, прыводзілі ў парадак бровы і вейкі. Але для гэтага патрэбна кампанія ўмельцаў. Адной зручней прымаць дома.
РАЗМОВУ перапыняе стук весніц. Майстар ідзе сустракаць кліентку.
– Ужо год да Ксеніі хаджу. Падабаецца, – гаворыць жыхарка Дзісны Зоя Кавалеўская. – Манікюр месяц трымаецца. Гэта зручна. На агародзе ў пальчатках працую. А больш ніякіх правіл. Прыемна , калі рукі дагледжаныя, акуратныя.
Зоя Кавалеўская з тых кліентак, што поўнасцю давяраюць фантазіі і ўмельству майстра. Разам выбіраюць з палітры колераў патрэбны варыянт, і пачынаецца работа. Карпатлівая, займальная, творчая. Праз дзве гадзіны ў майстра і кліенткі з’явіцца нагода для ўсмешкі і добрага настрою.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.