Авторизация
 

Па слядах акцыі “Дом без гвалту”

 У раёне праходзіла акцыя “Дом без гвалту”. Вы калі-небудзь заглядвалі ў чужыя вокны? За кожным з іх – свая таямніца: гісторыя кахання, ціхага сямейнага шчасця або здрады і здзекаў. Многім патрэбна дапамога, але апошнім часам усё часцей грамадства прытрымліваецца пазіцыі неўмяшальніцтва. Маўчаць і цярпець, дараваць крыўдзіцелю нельга – такая асноўная думка сустрэчы, якая прайшла ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прадстаўнікі працоўных калектываў Міёршчыны разбіраліся, што такое хатні гвалт.

Пасля працоўнага дня хочацца адпачыць з сям’ёй, расказаць пра свае праблемы, выслухаць блізкіх. Аднак бывае, што дома цябе не разумеюць або не хочуць разумець. Замест падтрымкі – папрокі і кпіны, нават пабоі. Часам такія паводзіны становяцца нормай. Адзін з партнёраў прыгнятае другога, каб самасцвердзіцца за яго кошт. Так пачынаецца хатні гвалт, а разам з ім – распад сям’і. Пра гэта гаварыла вядучая мерапрыемства Валянціна Пундзіс.


Б’е – значыць кахае, казалі нашы бабулі. Ні ў якім разе, заўважаюць сучаснікі. Наадварот: не паважае, не давярае, не ўмее справіцца з сітуацыяй. Чаму пад гвалтам маем на ўвазе толькі фізічныя праяўленні? Ён можа мець розныя формы: прыніжэнне, пагроза, ізаляцыя, унушэнне пачуцця віны, забарона працаваць і вучыцца, распараджацца грашыма, сексуальныя кантакты супраць волі.


Хатні гвалт не прызнае полу і ўзросту, сацыяльнага становішча ў грамадстве. Яго ахвярай можа стаць любы. Крыўдзіцель жа – псіхічна неўраўнаважаная асоба, якая падпарадкоўвае сваёй волі іншага.


Каб адважыцца звярнуцца па дапамогу, трэба быць моцным, лічыць урач-псіхіятр раённай бальніцы Вольга Баравік. Часта ахвяры гвалту нават урачу не адкрываюць сапраўдную прычыну траўм. Праблема жанчыны ў тым, што яна да ўсіх адчувае мацярынскія пачуцці. Даруе крыўдзіцелю, апраўдвае яго ўчынкі. Нават пачынае верыць, што такім чынам родны чалавек імкнецца змяніць яе ў лепшы бок. Але варыянт тут толькі адзін – ісці ў міліцыю. Складаней, калі ахвяра – мужчына. Яны саромеюцца прызнацца, што церпяць ад нападкаў жанчыны. Наступствы могуць быць непапраўнымі.


 У 1970-я гады амерыканскі даследчык Ленор Уолкер прадставіла тэорыю аб цыклічнасці хатняга гвалту. Згодна з яе канцэпцыяй, вылучаюцца чатыры стадыі: нарастання напружання ў сям’і, інцыдэнту, прымірэння і спакойнага перыяду. Але часовае зацішша не азначае, што ўсё ў парадку. Гэты ланцужок абавязкова паўторыцца зноў і зноў. Разам з тым узрастуць перыядычнасць і эмацыянальны напал.
На ўліку ў раённым аддзеле ўнутраных спраў 39 агрэсараў, адзначыў старшы інспектар прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Стома. Сёлета складзена 70 пратаколаў, звязаных з хатнім гвалтам. Справы па 17 з іх спынены па рашэнні суда ў сувязі з прымірэннем. У такім выпадку агрэсар не нясе ніякай адказнасці, але становіцца на ўлік. Пры паўторным парушэнні на працягу года прымяняюць высяленне з жылля і адміністрацыйны арышт.


Пра работу па прафілактыцы гвалту ў адносінах да дзяцей расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Валянціна Рымдзёнак. Вучаць непаўналетніх, як сябе паводзіць і куды звяртацца па дапамогу. Гутараць з бацькамі. Важна, каб побач не было раўнадушных. Калі падазраяце няладнае ў сям’і – неабходна біць трывогу.


Старшыня раённай арганізацыі “Чырвонага Крыжа” Ганна Ліскова закранула пытанні супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Міжнароднае таварыства дапамагае пацярпелым вырвацца з палону рабства, аднавіць дакументы і вярнуцца на радзіму, аказвае псіхалагічную падтрымку. Аднак перад тым, як адправіцца на работу за мяжу, неабходна праверыць умовы, у якіх давядзецца жыць і працаваць. Для гэтага дзейнічае кароткі нумар 113.


Царква не церпіць насілля ні ў якім выглядзе, тым больш у сям’і, заўважыў пастар евагельскай царквы “Благадаць” Валянцін Гоч. Найлепшая прафілактыка – каханне. У сям’і Валянціна Валянцінавіча пануе ўзаемаразуменне. Не навязваюць адно аднаму свае інтарэсы. Муж і жонка не падладжваюць другую палавінку пад сябе, а імкнуцца змяніцца самі. Іншым сем’ям жадаюць цярплівасці і жыццёвай мудрасці.
Мы прыйшлі ў гэты свет быць шчаслівымі. Не дазваляйце нікому азмрочваць вашу будучыню. Гвалт нельга апраўдваць. Нават калі ён учыняецца “на вашу карысць”. 

ДАРЭЧЫ
Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадастаўляе паслугу часовага прытулку. Калі з вамі здарылася бяда, аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, пацярпелі ад хатняга гвалту, тэхнагеннай катастрофы або дзеянняў, звязаных з гандлем людзьмі, звяртайце на адрас г. Міёры, вул. Камуністычная, 36/2 або па тэлефонах 4 29 89, 4 21 44.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Алена ВАРОНІНА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 624
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 78 088
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 50 880
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 925
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 38 668
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 463
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 422
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 мая 2019
Герман, Денис, Иван, Петр, Федор, Евдокия, Семен, Филипп

Именины 24 мая 2019
Александр, Иосиф, Кирилл, Константин, Михаил, Ростислав

Госці краін
free counters
Партнеры сайта