Перш чым распачаць бацькоўскі сход, тат і мам будучых першакласнікаў запрасілі на свята, прысвечанае Дню Перамогі.
Нет! – заявляем мы войне,
Всем злым и черным силам.
Должна трава зеленой быть,
А небо синим-синим!
Так акрэслілі сваю пазіцыю выхаванцы Міёрскага
яслі-сада № 2.
ДЗЯЎЧЫНКІ ў пышных белых сукенках, хлопчыкі ў пілотках і майках колеру хакі шукалі вачыма тат і мам сярод гледачоў і ўсміхаліся, сустрэўшыся з імі позіркамі. Маршыравалі з кветкамі ў руках. Спявалі пра мужнасць і смеласць сваіх прадзядуль і прабабуль, трымаючы ў руках іх фотаздымкі.
Падрыхтавалі канцэрт выхавацелі старшай групы Алена Сцяфанава і Святлана Сцефановіч са сваімі юнымі артыстамі. Уключылі ў праграму вершы, танцавальныя нумары, інсцэніроўку пра пачатак вайны, музычныя кампазіцыі. Разам з бацькамі і выхавацелямі спявалі хлопчыкі і дзяўчынкі папуры ваенных песень.
ХВІЛІНАЙ маўчання ўшанавалі памяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Калі не будзеш ведаць мінулае свайго народа, страціш уласную будучыню. Маральны абавязак кожнага – памятаць пра герояў-змагароў і быць удзячнымі ім за тое, што сёння нашы дзеці трымаюць у руках толькі цацачную зброю.
Завяршыўся святочны канцэрт песняй “Пусть всегда будет солнце…”.
ПАСЛЯ бацькі сёлетніх выпускнікоў засталіся на размову з выхавацелямі і будучымі настаўнікамі сваіх сыноў і дачушак. 35 дзяцей развітаюцца з садком. Іх чакае школа. На старонках падручнікаў яны яшчэ не раз прачытаюць пра Вялікую Айчынную вайну. Пра мір і шчасце, падораныя іх прадзедамі.
Фота аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.