Авторизация
 

Дзісна самы маленькі горад Беларусі. 10 прычын яго наведаць

 Рэкламны буклет  “ДЗІСНА самы маленькі горад Беларусі” называе дзесяць прычын наведаць гэты населены пункт на Міёршчыне. У пераліку і абяцанне расказаць пра “вялікую гісторыю” калісь знакамітага павятовага, а ў гады ваеннага ліхалецця — нават губернскага, затым раённага цэнтра. Войны і час не пашкадавалі яго, але сляды былой велічы, памяць знакавых падзей засталіся. Пра іх захапляльна ў падрабязнасцях расказвае былы настаўнік і краязнаўца Пётр Баговіч. Да яго гарсавет скіроўвае выпадковага экскурсанта. 

 Пётр Уладзіміравіч надзеі прыезджых апраўдвае, бо ведае ў падрабязнасцях мінулае не толькі вуліц – кожнага будынка і яго жыхароў. Карэспандэнт раённай газеты таксама пабачыў самы маленькі горад краіны вачыма турыста. Горадам з развітай прамысловасцю Дзісне ў бліжэйшы час стаць праблематычна, а перспектыва своеасаблівага турыстычнага аб’екта ёй наканавана яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя, нават “за польскім часам”. Як ідзе падрыхтоўка да такога статусу?

– Дэлегацыі моладзі на экскурсіі ў Дзісну пакуль не ездзяць, – дзеліцца Пётр Уладзіміравіч. – Наведваюцца пераважна былыя жыхары горада, якіх адолела настальгія па мінулым, іх нашчадкі з Расіі, Ізраіля, Польшчы. Дапамагаю адшукаць месца сядзібы, радзей – ацалелы дом продкаў, аднавіць зносіны з суседзямі ці знаёмымі, даведацца пра будынкі былых ці дзеючых храмаў розных канфесій, Дома цвярозасці, магістрата. Запомніўся візіт жыхара Паўднёвай Амерыкі, які шукаў месца расстрэлу родных людзей. Там надзеў ярмолку, запаліў свечку, памаліўся, паклаў на надмагілле каменьчык, накапаў у рукзак нашай зямелькі і з палёгкай уздыхнуў, бо выканаў апошняе пажаданне бацькі. Хаця бывае, нават пахаванне блізкіх адшукаць немагчыма…


 Более такіх гасцей у чэрвені, напярэдадні чарговай гадавіны ліквідацыі гета. Пра тыя падзеі пасля неаднаразовых візітаў віцябчанін Аркадзь Шульман напісаў нарыс “На арэлях часу”…


Асаблівую цікавасць у прыезджых выклікае Дзісенскі замак. Яго прыгожы макет стварыла Жанна Пракалушчанка, а ў натуры на востраве засталіся толькі рэшткі валоў і вадаёма.


Як ставіцеся да праекта падвяснога моста на замкавы востраў?
– Ідэя захапляльная. Але якая з яе практычная карысць? На востраве турыстам глядзець няма чаго: нават частковае аднаўленне замка, які шведы спалілі ў 1700-м, пакуль не плануецца. Для гараджан збудаванне патрэбна, калі яго падоўжыць яшчэ праз асноўнае рэчышча Дзвіны да Луначарскага, былой Мікалаеўскай слабады, дзе шмат дзісенцаў працуюць. Але нічога падобнага ў Беларусі пакуль не стваралі. Праект складаны з інжынернага пункту гледжання і дарагі – з фінансавага. Мэтазгоднасць яго пад вялікім пытаннем.


 З якімі гарадскімі аб’ектамі знаёміце цікаўных турыстаў у першую чаргу?
– Цэнтральная вуліца Юбілейная вядзе ў старую частку горада, даўні Ніжні замак. Калісьці яна была Свенскай (па-сучаснаму – Шведскай) ці па-мясцоваму нават Свінскай, потым насіла імя Тадэвуша Касцюшкі. Тут жа Замкавая, Доўгая. Перад самым бойкім перакрыжаваннем будынак сінагогі, якому ў пасляваенны час было наканавана стаць вытворчым памяшканнем. Жалезны мост, у трываласці якога сумняваліся сучаснікі, бо перапады вады дасягаюць васьмі метраў, служыць людзям больш за 100 гадоў. Як не падкрэсліць, што ён адзіны ў краіне жалезны з драўляным насцілам, твор інжынера Грыгор’ева. Далей па Юбілейнай у адным з будынкаў былога камбіната будматэрыялаў калісь жыў гімназіст і будучы вядомы польскі пісьменнік Ян Гушча, але памятная дошка чамусьці апынулася не на тым доме.


 Шмат можна расказваць пра вуглавы двухпавярховы “даходны дом” Эльжбеты Снарскай. Калі зірнуць направа, а гэта вуліца Тэльмана, раней Віленская, у вялікім будынку з чырвонай цэглы знаходзілася павятовае вышэйшае вучылішча, пазней – прагімназічныя класы (на памятнай таблічцы не зусім дакладны напамін пра гімназію). Там вучыліся таленавіты і шматгранны Язэп Драздовіч, доктар мінералагічных навук Мікалай Накоўнік, прафесар-гісторык Маісей Смірын.


Паблізу цяперашняга гарсавета (гэта даўні дом равіна – рэлігійнага кіраўніка яўрэйскай абшчыны) размяшчалася першая не толькі ў Дзісне, усіх навакольных гарадах электрастанцыя, у якой дынамамашыну круціў паравы рухавік.


 Самая дагледжаная вуліца ў горадзе – Віленская – вяла да пажарнага з’езду за вадой. Не толькі на ёй, на многіх іншых праезная частка бруку большымі камянямі падзялялася на дзве. Гэта таксама адметная асаблівасць Дзісны. Больш за ўсё брукаванкі захавалася на набярэжнай Дзвіны, вуліцах Пушкіна і Першамайскай, крыху заўважаецца і на іншых.


 Піянерская вуліца нічым асаблівым не прыкметная. Але калісь яе невыпадкова называлі Уваскрэсенскай, па манастыры, што ліквідаваны за царскім часам, па царкве, што згарэла ў 1882 годзе. Цяпер пра будынак храма нагадвае толькі пагорак з рэшткамі пажарышча. Менавіта перад ім у 1941 годзе разыгралася першая пасля акупацыі Дзісны трагедыя. Немцы беспадстаўна абвінавацілі гараджан у пашкоджанні кабеля сувязі і расстралялі кожнага дзясятага з выпадковага натоўпу. Некаторыя ахвяры “акцыі застрашвання” тут жа і пахаваны.
Асобнай экскурсіі заслугоўвае царква Уваскрэсення Хрыстова, узведзеная на сродкі М. Мураўёва як павятовы храм у 1870 годзе. Ён вядомы не толькі абразом Маці Божай “Адзігітрыя”, але і іншымі, да якіх прыходзяць і прыязджаюць пакланіцца-памаліцца жанчыны аб будучых дзецях, абітурыенты – перад паступленнем на вучобу. Тут праводзіў малебны будучы патрыярх Ціхан, захоўваюцца яго абраз з часцінкай мошчаў, абраз і грамата дзісенцам. Пад сенню размешчана рака з мошчамі свяшчэнамучаніка Канстанціна Жданава. Памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня смерці іерэя, адбудуцца 29 красавіка. Дарэчы, да Дзісны маюць дачыненне не толькі гэтыя два святары, ушанаваныя праваслаўнай царквой.


 Мала хто ведае, што праз вуліцу насупраць храма Уваскрэсення Хрыстова знаходзіўся будынак гарадской ратушы. Пазней тут размяшчалася адміністрацыя лясгаса, цяпер на яго месцы жылы дом. Побач праходзіць вуліца Кірава, раней Аляксандраўская з капліцай у гонар уратавання цара ад замаху, пасля яна насіла імя Адама Міцкевіча. Тут захавалася забудова 19-га стагоддзя. Вуліцу можна назваць і кінематаграфічнай, бо на ёй здымаліся сцэны некалькіх фільмаў, а ўсяго ў Дзісне – шэсць, з самых вядомых “Дзяржаўная граніца”, “Сведка”, “Чорная бяроза”.


Вуліца ўздоўж школы-інтэрната калісь насіла красамоўную назву Гандлёвая, была забудавана крамамі. Тут размяшчалася галоўная гарадская сінагога. Цяпер узвышаецца толькі былы будынак ГДК, які ўзведзены ў канцы 19 стагоддзя як павятовае аддзяленне папячыцельства цвярозасці, а карацей – Дом цвярозасці. Новы дах захавае будынак ад разбурэння, але забітыя дошкамі вокны другога паверха хаваюць глядзельную залу, у якой у далёкім 1910 годзе з фенаменальным поспехам выступала трупа Ігната Буйніцкага, што стала асновай першага беларускага прафесійнага тэатра.


 Гандлёвую пасля вайны не толькі перайменавалі, але і перагарадзілі брацкай магілай з трыма пахаваннямі. Не так даўно замест старога помніка ўстаноўлена сучаснае надмагілле са стылізаванымі сцягам з ордэнам і штыком. Кампазіцыя пафарбавана, але чаму Сцяг Перамогі серабрыста-белы, а штык чырвоны? Ды і контуры пахаванняў, калісь абмежаваныя бардзюрамі, цяпер амаль схаваліся пад газоннай травой.
Ранейшых навакольных насаджэнняў таксама няма, мемарыял аказаўся на фоне паўразбуранага будынка былога райкама партыі, райкама камсамола і рэдакцыі раённай газеты з друкарняй. А ён узводзіўся ў 1901 годзе як павятовае аддзяленне расійскага казначэйства. Такі праект на тэрыторыі Беларусі рэалізаваны толькі ў Дзісне.


 Пабудоў з цікавай гісторыяй у горадзе нямала. Гэта рэшткі павятовай бальніцы на 100 ложкаў, такая ж была толькі ў Ашмянах. Арыгінальны будынак займаюць выратавальнікі-пажарныя. Ён узведзены пасля вялікага пажару 1882 года. Тады ў Дзісне з’явілася Вольнае пажарнае таварыства, не горшае за губернскае Віленскае. Але яно займала толькі першы паверх. На другім месцілася магістратура – орган гарадскога самакіравання.


 У францысканскім касцёле непадалёку, аднаўленне якога чамусьці замарудзілася, у 1917 годзе ксёндз Адам Станкевіч правёў першую ва ўсім краі імшу на беларускай мове.


Бальнічны гарадок успрымаецца зусім па-іншаму, калі даведаешся, што яго будынкі пачыналі ўзводзіць з разліку размяшчэння ў іх вінзавода, для якога сыравіннай базай павінна было служыць Яльнянскае балота. Але абсталяванне не завезлі, пабудовы прыстасоўвалі пад турму, гімназію, нямецкую паліцыю, у якой адбыўся апошні акт яўрэйскай трагедыі, савецкую сярэднюю школу, медыцынскія і іншыя ўстановы. Цяпер тут бальніца сястрынскага догляду.


 …Вядомы падарожнік Сямёнаў-Цяньшанскі пасля наведвання Дзісны да вялікага пажару 1882 года ў сваёй кнізе назваў яе самым лепшым павятовым цэнтрам Віленскай губерні. З павышэннем значэння паселішча, мяркую, звязана даўняе “прыплыццё” па Дзвіне абраза Божай Маці “Адзігітрыя”, яна ж магла па вадзе трапіць сюды, напрыклад, з Полацка ў гады захопніцкай навалы. Дзісне гарадскі статус прысвоены ў 1563 годзе. Да многага абавязвала Магдэбургскае права: адсюль ратуша, магістратура, гербы, храмы. Невыпадкова закладзены Аляксандраўскі бульвар на рубяжы 18 – 19 стагоддзяў, таксама статусны атрыбут.


 З Дзісны паходзяць і маюць да яго дачыненне нямала знакамітых людзей. Дзе пра іх можна даведацца больш падрабязна?
– Найперш у гарадскім музеі на стэндах і ад экскурсавода Вольгі Смаршчок, пра мітрапаліта Ціхана і свяшчэнамучаніка Канстанціна Жданава – у царкве. Памяць пра героя-танкіста Кузьміна ўвекавечана ў назве вуліцы, хаця яна не адрозніваецца добраўпарадкаваннем. Яну Гушчу прысвечана памятная дошка. Бадай, гэта ўсё, а ў маім спісе не адзін дзясятак прозвішчаў, пачынаючы з Баркулаба Корсака (адраджаў замак), караля Стэфана Баторыя (садзейнічаў развіццю горада).


Але лашчаць вуха турыста не толькі прозвішчы гістарычнах асоб, што тут нарадзіліся ці вылучыліся слаўнымі справамі, але і тых, што маглі быць…


– Разумею, нагадваеце пра Адама Міцкевіча, які нібыта хаваўся ў капліцы Кастравіцкіх у прыгарадзе Дзісны – Дарожкавічах. Дакументальных сведчанняў пра ўцёкі ў час пагрозы арышту знакамітага паэта ў нашы мясціны няма, а што такая капліца існавала, пераканаўся ў выніку працяглых пошукаў. Яна ўзвышалася на ўскрайку парку над радавой пахавальняй Кастравіцкіх. Магу нават паказаць месца. Таму падстава для легенды ёсць!


Больш рэальна стварыць у былым маёнтку Кастравіцкіх (на яго фундаменце аднавіў пабудову-аграэкасядзібу наш святар айцец Генадзь) літаратурную экспазіцыю, прысвечаную вядомаму французскаму паэту Гіёму Апалінэру. Мы яго ведаем па псеўданіме, а ў сапраўднасці ён Вільгельм Апалінарый Кастравіцкі. Нарадзіўся ў Італіі, але дзядуля і маці адсюль, з Дарожкавіч.


Што для дзісенцаў і Вас асабіста азначае сёлетняе святкаванне 450-годдзя прысваення гораду Магдэбургскага права?
– Калі быць дакладным, свята павінна было адбыцца 14 студзеня. Але гэта не прынцыпова, важна, каб падрыхтоўка надала істотны імульс добраўпарадкаванню, развіццю Дзісны.


 Калі і як Дзісна адзначыць юбілейную дату – 450-годдзе прысваення гораду Магдэбургскага права? – цікаўлюся ў старшыні гарвыканкама Яўгена Барана.


– Гэта будзе свята горада, якое папярэдне намечана на суботу, 29 чэрвеня, – патлумачыў Яўген Іванавіч. – Мерапрыемства маштабнае, бо адначасова ў гарадскім парку адзначаем 75-годдзе вызвалення Дзісны. Рыхтуем кірмаш з пляцоўкай для майстроў-рамеснікаў з сувенірамі. Ушануем лепшых працаўнікоў арганізацый і ўстаноў горада. Выступяць з канцэртам культработнікі і самадзейныя артысты, свае і з калектываў раёна. Вядзём перамовы са знакамітымі беларускімі майстрамі сцэны, найперш зямлячкай Лесяй Кодуш. У праграме спартыўныя спаборніцтвы, байкерскі клуб, фестываль фарбаў, для моладзі – дыскатэка.


Падрыхтоўчыя работы ў парку вядуцца. Прадпрымальнік Наталля Астроўская да 100-годдзя ўшанавання памяці святамучаніка Жданава збіраецца адкрыць кафэ “Дзвіна”. Дзякуючы нашаму дэпутату ў абласным Савеце капітальна адрамантавалі паром, цяпер рыхтуем замену драўлянага насцілу на металічным мосце, займаемся добраўпарадкаваннем, рамонтнымі і іншымі штодзённымі работамі.
 Кафэ “Дзвіна” ў Дзісне не прымае наведвальнікаў два гады. Наколькі рэальна гэта зрабіць ужо ў красавіку? – пытанне да Наталлі Астроўскай.


– Будынак кафэ ўзяла ў арэнду з правам выкупу ў канцы студзеня, – расказала Наталля Фёдараўна. – Справа аказалася няпростай, бо дакументаў ні на зямлю, ні на будынак пакуль няма. Можна гаварыць, што на ўласную рызыку давялося рэканструяваць (рабіць і перарабляць) сістэму ацяплення, пераабсталёўваць асвятленне, латаць дах. Спраўляемся ўласнымі сіламі. Спадзяюся, што зможам прыняць першых наведвальнікаў, удзельнікаў Жданаўскіх мерапрыемстваў.


Кафэ захавае назву, па-ранейшаму разлічана на 120 пасадачных месц. Тут не толькі пачастуем гасцей горада. Будзем арганізоўваць масавыя мерапрыемствы, творчыя і літаратурныя вечары. Планы ёсць, але пакуль абмяжоўваюць фінансавыя сродкі.

ДАРЭЧЫ
Адзіная ў Дзісне памятная дошка, а прысвечана яна Яну Гушчу, выраблена па ініцыятыве настаўніка гісторыі Міёрскай СШ № 3 Вітольда Ермалёнка пры падтрымцы тагачаснага дырэктара Валянціны Атрошка дзякуючы ахвяраванням педагогаў школы.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 14 апреля 2021
Ефим, Иван, Макар, Сергей, Мария

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта