Авторизация
 

Велапаездка па правілах па Міёрах

 Веласіпед не раскоша, а сродак перамяшчэння. Асабліва ў ціхім райцэнтры, дзе няма грамадскага транспарта, а шлях ад дома да месца працы можа займаць 30 – 40 хвілін.

Адпачынак – гэта змена дзейнасці. Карэспандэнт "МН" завяршыла рабочы тыдзень велапрагулкай. У кампаніі з выконваючым абавязкі начальніка аддзялення ДАІ Міёрскага раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандрам САВЕЙКАМ. Адразу тры плюсы: свежае паветра, фізічная нагрузка і паўтарэнне правіл дарожнага руху.

Цёплай парой у горадзе более веласіпедыстаў. Адны эканомяць на паліве і змяняюць чатыры колы на два. Іншым надакучылі пешыя прагулкі. Круціць педалі – проста, зручна, карысна. Галоўнае, па правілах. Але ці заўсёды гэта магчыма?

 Перш-наперш тэхагляд

Перад паездкай Аляксандр Фёдаравіч аглядае веласіпед. Тармазы спраўныя, люстэрка задняга віду і званочак на месцы. Спераду – белы святлоадбівальнік, ззаду – чырвоны. Усё, як вызначана ў пункце 200 Правіл дарожнага руху, за выключэннем аранжавых катафотаў па баках. На маім “Грынвеі” яны чамусьці белыя. Наўрад ці сама звярнула б на гэта ўвагу.


– Памяняйце на аранжавыя, – раіць супрацоўнік ДАІ. – Яны патрэбны, каб вадзіцель заўважыў веласіпедыста, калі той будзе перасякаць праезную частку ва ўмовах дрэннай бачнасці ці ў цёмны час сутак.


На гадзінніку палова сёмай вечара. Да прыцемкаў далёка, таму фары не ўключаем. Белае спераду і чырвонае ззаду святло спатрэбяцца, калі сонца схаваецца за гарызонтам. Тады і камізэлька не будзе лішняй.


– Наяўнасць фар прадугледжвае пункт 149 Правіл дарожнага руху. Апранаць святлоадбівальныя камізэлькі мы рэкамендуем веласіпедыстам для асабістай бяспекі. Асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе няма тратуараў і слабае вулічнае асвятленне. Тым больш, калі ў цемры рухаюцца па трасе, – гаво- рыць Аляксандр Савейка.


Тэхагляд пройдзены. Паехалі.

 Ведай сваё месца, веласіпедыст

Наш прагулачны маршрут пачынаецца ад фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Круціць педалі не спяшаемся – побач пешаходны пераход. Па ім, як наказвае пункт 151 Правіл дарожнага руху, веласіпед трэба весці ў руках.


У Правілах дакладна вызначана, дзе веласіпедыст мае права ехаць. Перш-наперш – па веласіпеднай дарожцы. Для нашага і не толькі райцэнтра гэта дзіва нябачанае. Застаюцца не заўсёды зручныя абочыны і не вельмі шырокія тратуары. Там дазволена ехаць, не ствараючы перашкод для пешаходаў. Калі вышэйпералічаных элементаў дарогі няма ці праезд па іх немагчымы, можна рухацца па праезнай частцы. Але не далей за метр ад яе правага краю.


На Камуністычнай ёсць і пешаходная дарожка, і тратуар. Выбіраем другое. Пешаходаў няма, таму нікому перашкаджаць не будзем. На скрыжаванні з Камсамольскай спешваемся перад пешаходным пераходам. Наступны прыпынак – святлафор на скрыжаванні з Кастрычніцкай. Да вуліцы Кірава вырашаем прайсціся пешшу: рэзкія спускі з тратуараў, пешаходы, зусім вузкая дарожка ля парка. Затое на набярэжнай – прастор. Толькі трэба памятаць пра стыкі пліт і нечаканыя паглыбленні ў некаторых месцах. Тады не давядзецца рэзка тармазіць.
– На гэтым участку вуліцы веласіпедыстам няма неабходнасці выязджаць на праезную частку. Гэта можна расцэньваць як парушэнне, таму што на набярэжнай месца дастаткова, – заўважае Аляксандр Савейка.


А вось на тратуары па вуліцы Ізварына нават двум пешаходам размінуцца складана. Тут веласіпедыст лішні. Пакуль тратуар пусты, ехаць можна. А куды падзецца, калі з-за паварота выйдзе пешаход?


Перш чым павярнуць на вуліцу Дворнасельскую ў Пад’ельцах, мой спадарожнік нагадаў паказаць паварот.
– Сігнал пра змяненне напрамку руху веласіпедыст падае за 10 – 15 метраў, – заўважае Аляксандр Фёдаравіч. – Зараз налева паварочваем. Значыць, трэба роўна выцягнуць убок левую руку або падняць уверх сагнутую ў локці пад прамым вуглом правую. Пры павароце направа – наадварот.


Вяртаемся ў горад па другім баку вуліцы Ізварына. Абочына тут больш зручная, чым тратуар. Хоць і даводзіцца аб’язджаць канаўкі па праезнай частцы.


На тратуары па вуліцы Леніна нешматлюдна, нікому не перашкаджаем. А што рабіць у час-пік, калі трымаеш шлях, напрыклад, у той жа фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Большасць веласіпедыстаў едзе па правым баку праезнай часткі. Іншага выйсця няма.
– У нашым горадзе шмат веласіпедыстаў, але ўмовы для іх руху пакідаюць жадаць лепшага, – рэзюмуе супрацоўнік ДАІ.

 Што адлюстроўвае адсутнае люстэрка

Службовую форму на велапрагулку Аляксандр Савейка не апрануў наўмысна. Як жартуюць яго калегі, супрацоўнік ДАІ ці машына ДПС найлепшым чынам дысцыплінуюць удзельнікаў дарожнага руху. Мы вырашылі прасачыць за паводзінамі міёрскіх веласіпедыстаў без дадатковага кантролю. Аб’ектаў для назірання амаль не знайшлося. Вечар сонечны, але халодны і ветраны. Заўважылі толькі, як двое юнакоў на веласіпедах пераехалі па дыяганалі праз праезную частку на скрыжаванні вуліц Леніна і Кірава, ігнаруючы пешаходны пераход, і панесліся далей.


– Веласіпедыстаў-парушальнікаў выяўляем штомесяц. За сакавік – 17 фактаў, – расказвае Аляксандр Фёдаравіч. – Найбольш частае парушэнне – выезд далей за метр на праезную частку без уважлівых прычын. Звычайна так сябе паводзяць нецвярозыя веласіпедысты. Многім робім заўвагу наконт адсутнасці люстэрка задняга віду. Апраўдваюцца, што прадмет не ўваходзіў у камплектацыю веласіпеда. Але ж матыцыклы таксама без шлемаў прадаюць. А пра сваю бяспеку на дарозе трэба клапаціцца самім. 

Бываючы ў Мінску, штораз зайздрошчу сталічным велааматарам. Едуць сабе па веладарожках, нікому не перашкаджаюць. У нас жа чуюць нараканні і ад вадзіцеляў, і ад пешаходаў. І не толькі тады, калі парушаюць правілы. А ўсё з-за таго, што ў невялікім горадзе веласіпедыст вымушаны ехаць па чужой тэрыторыі. Сваёй  няма.

ДАРЭЧЫ
Магчыма, у хуткім часе веласіпедыстам дазволяць не спешвацца на рэгулюемых пешаходных пераходах. Такую прапанову нядаўна ўнесла Дзяржаўтаінспекцыя. Аднак там, дзе святлафора няма, па-ранейшаму павядзём двухколавага сябра побач.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта