Больш за гадзіну затраціў калега на пошук умельцаў, якія рамантуюць дробную бытавую тэхніку. Набіраў тэлефонныя нумары індывідуальных прадпрымальнікаў, пісаў у сацсетках ценявым майстрам.
Аказалася, прасцей здаць ва ўтыль зламаныя міксер, электрачайнік і нават мікрахвалёўку. Назірала, як сусед па кабінеце выконвае заданне рэдакцыі, і міжволі задумалася: ці ўся сучасная тэхніка сапраўды неабходная.
Мікрахвалёўка, электрачайнік, міксер, кавамолка, мульціварка… Спіс бытавой тэхнікі, якая перамяшчаецца з магазінных прылаўкаў на нашы кухонныя паліцы, доўгі і разнастайны. Мы ўпэўнены: без гэтых рэчаў не абысціся.
ХВАЛА таму, хто прыдумаў міксер. Цяжка і страшна ўявіць, колькі спатрэбіцца часу, каб венчыкам узбіць бялкі з цукрам да пікаў. А так тры — пяць хвілін, і гатова. Апетытна і эстэтычна выглядае ўзбітае міксерам бульбяное пюрэ. Нават на смак здаецца лепшым. Такі памочнік на кухні незаменны. Выйдзе са строю — паспяшаюся ў магазін за новым.
Доўга сумавала ў кухоннай шафе кавамолка. Каву п’ём час ад часу. Па баначцы растваральнага і нерастваральнага напою трымаем для гасцей. Думалі падарыць каму-небудзь непатрэбную нам рэч. Але знайшлі прымяненне не па профілі. Можна перамолваць аўсянку на муку для пячэння. Выручыла кавамолка пасля безвыніковых пошукаў у міёрскіх магазінах ільняной мукі. Насыпаеш насенне ільну, націскаеш на кнопку — вось і патрэбны прадукт. Са змолатых сухіх мандарынавых скарынак атрымліваецца экалагічны скраб для цела, а здробненае шкарлупінне курыных яек — натуральная дабаўка кальцыю. Дарыць кавамолку перадумалі. Самім патрэбна.
КУПІМ новы. Гэта першае, пра што падумала, калі стаў працякаць электрычны чайнік. Ён хутка кіпяціў ваду раніцай. Кубкі з кавай ці гарбатай аператыўна з’яўляліся на стале для нечаканых гасцей. “А давай паспрабуем без яго абысціся”, — прапанаваў муж, калі наш надзейны памочнік заплакаў гарачымі слязамі. Здавалася, гэта нерэальна і нязручна. Але да заробку цэлы тыдзень. Застаецца чакаць і эксперыментаваць. Мінула два месяцы. Раніцай і вечарам на кухні чуецца ціхі свіст. Гэта пузаценькі двухлітровы чайнік, калісьці падораны сяброўкай і забыты ў глыбіні кухоннай шафы, сігналізуе з пліты, што вада закіпела. Няпраўда, што свіст у доме да матэрыяльных страт. Наадварот. Сэканомілі на пакупцы і электраэнергіі.
АД мікрахвалёўкі свядома адмовіліся год таму. Насцярожвала інфармацыя з розных крыніц, што разаграваць ежу ў ёй шкодна. Нядаўняя публікацыя ў “Аргументах і фактах” пад загалоўкам “Разагрэць да смерці” яшчэ раз пацвердзіла, што недарэмна развіталіся са, здавалася б, незаменнай тэхнікай. “Адзін абед, разагрэты ў мікрахвалёўцы, нікога не заб’е, але калі есці такія абеды на працягу дзесяці год, змененая ежа можа стварыць спрыяльнае асяроддзе ў арганізме для развіцця захворванняў, да прыкладу, страўнікава-кішэчнага тракта”, — сцвярджала дыетолаг. У публікацыі навуковай мовай тлумачаць, як уздзейнічаюць мікрахвалі на прадукты. Папросту — з мікрахвалёўкі дастаём мёртвую ежу. Як паказаў уласны вопыт, разагрэць вячэру на патэльні займае не нашмат больш часу. Калі збіраецеся гатаваць з замарожаных прадуктаў, трэба ўсяго толькі загадзя дастаць іх з маразілкі.
“Думайте сами, решайте сами: иметь или не иметь”, — прыгадваецца песенны радок. У пагоні за камфортам і зручнасцю часам рызыкуем больш важным і каштоўным — здароўем.
Фота для ілюстрацыі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.