Чырвоны трактарок з прычапной падмятальнай машынай паціху едзе па міёрскіх вуліцах. Нават пешаход яго абгоніць. У справе ўборкі спешка не памочнік, лічыць кіроўца Антон ДЗЕМІДЗЁНАК.
За баранкай трактара МТЗ-320 Антон Аляксеевіч ДЗЕМІДЗЁНАК сем год. На ім летам падмятае пыл з вуліц райцэнтра, а зімой чысціць ад снегу плошчы і тратуары. Кажа, прывык да працы. Таму на заслужаным адпачынку не глушыць матор службовай тэхнікі.
НЕВЯЛІКІ трактар заўважылі на вуліцы Кірава. Чысціў ля бардзюраў уздоўж набярэжнай.
— Як толькі падсохла — наперад. Вясной штодня на ўборцы, летам — па неабходнасці, — усміхаецца кіроўца. — Прынцып работы машыны просты. Вось знізу па баках два кругі з металічнымі шчоткамі. Яны замятаюць бруд і пыл. У бункер смецце трапляе дзякуючы прымацаванаму ззаду цыліндру з пластмасавымі венічкамі. Рэгулюецца ўсё электронным пультом кіравання.
Паназіраць за працэсам з кабіны не атрымалася. Там толькі адно месца. Па словах Антона Аляксеевіча, працаваць зручна. У трактары цёпла, не трасе. Сочыць за станам даверанай яму тэхнікі, таму не здараецца непрадбачаных паломак. Акрамя падмятальнай машыны прымацоўвае да МТЗ-320 навясную шчотку, якой падмятае тратуары. Зімой цягнуцца за трактарком агрэгаты для чысткі снегу ці раскідвання пяску. Ёсць прычэп. На ім падвозіць саджанцы кветак на гарадскія клумбы, забірае скошаную траву.
— Камунальнікам работы круглы год хапае, без справы не сумуем, — кажа субяседнік. — Мне падабаецца быць пастаянна занятым.
У жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна Антон Дземідзёнак працуе дзявяты год. Прыйшоў на прадпрыемства машыністам аўтагрэйдара. З масіўнай тэхнікай даўно справу мае. Пасля службы ў пагранічных войсках, якую праходзіў на Украіне, вярнуўся ў родныя Міёры і ўладкаваўся ў дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне. Спачатку бульдозерам кіраваў, затым на грэйдар перасеў. З ДЭУ перайшоў у сельгастэхніку. А ў 90-я гады падаўся ў горад Ніжневартаўск Цюменскай вобласці.
— Прывык працаваць, каб жыць годна. На месцы работы не стала, таму і паехаў на заробкі, — расказвае ён. — Там таксама быў машыністам аўтагрэйдара. Працавалі вахтавым метадам: два месяцы ў ад’ездзе, два дома з сям’ёй. Без малога дваццаць год так прайшло.
НА грэйдары УП ЖКГ Антон Аляксеевіч выраўнівае вуліцы. Але часцей гараджане бачаць яго на чырвоным трактарку. Рэдка разганяе свой МТЗ-320 да максімальнай хуткасці — 25 кіламетраў у гадзіну. Падмятальнай машыне справіцца з брудам складаней, чым з пылам. Таму едзе марудна і некалькі разоў па адным маршруце. Спешка шкодзіць уборцы, а сваю справу трэба рабіць якасна.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.