На пытанне “навошта чалавеку патрэбна мама”, дзеці адказваюць: “абараняе ад бед”, “вучыць усяму добраму”, “любіць дзяцей”, “для шчасця”… Так прыемна ўсведамляць, што матуля прыносіць шчасце! А для любой з іх шчасце — яе дзеці.
Быць мамай складана, асабліва для чужога дзіцяці. Гэта значыць расхіснуць сваё сэрца, не пакінуць у ім ні аднаго куточка з недаверам і недаказанасцю. Тыя, у каго зламаны лёс, адчуваюць гэта інстынктыўна.
Таццяна Цімафеева — мама чацвярых дзяцей: дваіх сур’ёзных дарослых сыноў і дзвюх чароўных дачок. Жыццё магло пайсці інакш, усё вызначыў выпадак. У Таццяны Вітальеўны і Фёдара Васільевіча раслі сыны. Аднойчы малодшы захварэў і трапіў у бальніцу. Таццяна часта наведвала Валерыя і звярнула ўвагу на дзвюх маленькіх сястрычак, да якіх ніхто не прыходзіў. Аказалася, іх павінны былі змясціць у прытулак.
Матчыным сэрцам адчула: дзяўчынак трэба забіраць у сям’ю. Муж і сыны падтрымалі рашэнне. Так у доме з’явіліся пяцігадовая Вера і трохгадовая Маша.
З тае пары прайшло амаль дзесяць год. Колькі бяссоных начэй Таццяна Вітальеўна правяла ля ложку Веры, калі тая хварэла. Была разам з ёй на абследаваннях, аперацыі, лячэнні ў абласных і рэспубліканскіх клініках, адпраўляла ў лепшыя санаторыі Беларусі.
Былі праблемы з адаптацыяй дзяўчынак да жыцця ў новай сям’і. Даводзілася тлумачыць элементарнае: што смачная ежа будзе заўсёды і не трэба яе хаваць “на потым”, калі хочаш штосьці, скажы, а не крычы голасна, што мама і тата будуць побач. А потым праблемы падлеткавага ўзросту...
Але ўсё можна вырашыць, калі рабіць гэта разам, усёй сям’ёй. Галоўнае, каб былі каханне, цярпенне, павага і ўзаемавыручка. Дзеці прагна ўсмоктваюць такую атмасферу. Усе члены сям’і Цімафеевых — усмешлівыя, добразычлівыя і адкрытыя. Усе берагуць адзін аднаго, жывуць сённяшнім, радуюцца кожнаму дню, які праводзяць разам. Таццяна Цімафеева — сапраўдны ўзор мацярынства, жанчына, дзякуючы якой у сям’і лад і ўтульнасць. Яна не дзеліць дзяцей на сваіх і чужых, вучыць з павагай ставіцца да старэйшых, працаваць і трымаць у парадку рэчы, адзенне, думкі.
Таццяна Вітальеўна вырашае любыя праблемы. Патрэбны маскарадны касцюм на ранішнік— шые, клеіць, фарбуе. Калі ў дзяўчынак праблемы ў школе, пракансультуецца з настаўнікам, знойдзе спецыяльную літаратуру. Усё сваё жыццё яна кагосьці апякае, выручае, дапамагае. Прыстойнасць, працавітасць, сціпласць, бескарыслівасць — гэта пра яе. Строгая, прынцыповая, але справядлівая.
Таццяна Цімафеева сваім дзецям і сапраўдны сябар, і аўтарытэт, і прыклад для пераймання. На пытанне пра самага значымага чалавека ў іх жыцці абедзве дзяўчынкі, не задумваючыся, адказваюць: “наша мама!”.
Напярэдадні Міжнароднага жаночага свята хочацца павіншаваць Таццяну Вітальеўну, усіх мам раёна, бацькоў-выхавальнікаў з гэтым цудоўным днём, пажадаць здароўя, шчасця, цярплівасці, аптымізму, гордасці за дзяцей, якія сталі роднымі. Няхай іх любоў і ўдзячнасць стануць для вас лепшай узнагародай!
Анжэліка БАНЬКОЎСКАЯ,
загадчык аддзела раённага
сацыяльна-педагагічнага цэнтра.