Авторизация
 

Супрацоўніца Міёрскай дзіцячай бібліятэкі Ала ГРЭЦКАЯ любіць рабіць "казкі"

 Супрацоўніца Міёрскай дзіцячай бібліятэкі Ала ГРЭЦКАЯ любіць казкі. І сама іх піша. Але не словамі. “Творчасць добрага настрою”. Так назвалі выставу работ Алы Рыгораўны ў дзіцячай бібліятэцы. Тут домік для троля, шкатулка-Змей Гарыныч, дамавік Кузя. Яшчэ рознакаляровы посуд, скрыначкі, кошыкі. Рукатворныя рэчы радуюць маленькіх і дарослых чытачоў. 

— Цяпер раблю кошык у выглядзе двух белых лебедзяў. Думаю сплесці вялікага матылька на сцяну, карэту для Папялушкі з элементамі квілінгу, — дзеліцца планамі майстрыца.


Асноўныя абавязкі Алы Грэцкай — рабіць ксеракопіі наведвальнікам, падтрымліваць чысціню і парадак у памяшканнях. Па ўласнай ініцыятыве яна стварае для бібліятэкі практычны дэкор і праводзіць майстар-класы для юных чытачоў, якія цікавяцца пляценнем з газетных трубачак.


РАЗМАЎЛЯЕМ у чытальнай зале, дзе размясцілася творчая выстава. Надоўга затрымліваю позірк на плеценых кружках, казачных героях. Ад неадушаўлёных прадметаў, зробленых з любоўю, вее пазітывам і ўтульнасцю. З добрай усмешкай і іскрынкамі ў вачах расказвае пра сваё захапленне субяседніца.


— Крыніцы ідэй розныя, — гаворыць яна. — Убачыла ў дзіцячай кніжцы Змея Гарыныча і вырашыла сплесці з трубачак. Калега прынесла цацку-троля — змайстравала для яе домік. Шмат падказак у інтэрнэце. Паўтараць нецікава, дадаю штосьці сваё.


Па словах Алы Рыгораўны, у трубачкавай творчасці галоўнае — асвоіць тэхніку пляцення. Усё астатняе за фантазіяй і вольным часам. Прамежак ад першай трубачкі да гатовага вырабу можа займаць некалькі месяцаў.


 НА вязальныя спіцы накручвае газетныя палоскі. Іх шырыня залежыць ад таго, што плануе плесці. Затым фарбуе трубачкі. Выкарыстоўвае марылку або фарбу патрэбнага колеру. Каб яна не сціралася падчас пляцення, матэрыял апрацоўвае акрылавым лакам. Гатовы выраб для трываласці пакрывае клеем ПВА, а затым, як высахне, — яшчэ раз прымяняе акрыл.


— За пляценнем не заўважаю, як бягуць гадзіны. Радуюся, калі атрымалася тое, што было задумана, — кажа Ала Рыгораўна. — Для работы мне патрэбны засяроджанасць і спакойная абстаноўка. Уключаю аўдыёкнігі. Люблю чытаць, толькі на гэта не заўсёды ёсць час. Сумяшчаю прыемнае і карыснае.


Пляценне з трубачак не адзінае хобі. Спрабуе сябе ў іншых тэхніках. Падабаецца пэйп-арт (дэкор прадметаў узорамі са скручаных у нітку сурвэтак), асвойвае туніскі кручок (тэхніка, што нагадвае адначасова вязанне і спіцамі, і кручком), марыць заняцца дэкупажом на мэблі, вывучае электрычную швачную машыну, якую на дзень нараджэння падарылі дзеці.


Рукадзельнічаць навучылася ў маці. У 90-я гады, на якія прыпала дзяцінства сыноў, сама шыла для іх адзенне. Цяпер стварае навагоднія касцюмы ўнучцы-першакласніцы Віялеце, для паўтарагадовай Лізы купляе паветраныя шары, а малодшай Васілісе, якая з’явілася на свет два тыдні таму, падарыла сваімі рукамі звязаны плед.


— У маім гардэробе таксама ёсць рэчы ручной работы. Звязала шапку і шарф, нашу з задавальненнем і ведаю, што больш ні ў кога такіх няма, — усміхаецца субяседніца. — З няпростых часоў засвоіла правіла: не можаш купіць, зрабі сам. Мне падабаюцца рэчы, якія не толькі служаць дэкорам, але і маюць практычнае прызначэнне. Дома ёсць плецены кораб, у якім захоўваю кухонны камбайн. З пакетаў з-пад малочных прадуктаў навязала дыванкоў на кухню.


ДОМ Алы Грэцкай — у вёсцы Пціцкія, за чатыры кіламетры ад райцэнтра. Жыве з бацькамі. Разам даглядаюць гаспадарку. Прыязджаюць з Полацка сыны са сваімі сем’ямі.


У мінулым перажыта нямала цяжкасцей, сумных момантаў. Нягледзячы на іх, Ала Рыгораўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам.
— Бацькі побач, у сыноў усё ў парадку. А што яшчэ трэба? Мне не бывае сумна — столькі цікавых заняткаў. Толькі б часу хапала, —гаворыць яна. — З радасцю рыхтавала падарункі на 8 Сакавіка для блізкіх людзей. Хочацца павіншаваць усіх жанчын з гэтым цудоўным вясновым святам. Пажадаць добрага здароўя, прыемных момантаў, цеплыні і ўтульнасці.


МАЙСТРЫЦА прызнаецца, што любіць чытаць казкі. Не толькі ўнучкам. І для сябе. Яе таксама можна назваць казачніцай. Толькі свае сюжэты стварае з рэчаў, якім дорыць другое жыццё. І ў кожнай казцы перамагае дабро. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта