Авторизация
 

Міярчанка Вольга Швяцова з дзяцінства марыла ахоўваць закон і парадак

 Спыняць каня на скаку капітану міліцыі Вользе ШВЯЦОВАЙ не даводзілася. А каб прытармазіў аўтамабіль на павышанай хуткасці, дастаткова махнуць жазлом.

У чым пайсці на работу, Вольга ШВЯЦОВА не задумваецца. Яе паўсядзённая вопратка — міліцэйская форма. У такім уборы адчувае сябе камфортна. Як і ў абранай прафесіі.

Форму супрацоўніка органаў унутраных спраў Вольга Іванаўна носіць сёмы год. Сярод родных не было ваенных ці міліцыянераў, а яна з дзяцінства марыла ахоўваць закон і парадак.


— Прафесію міліцыянера лічу неабходнай для грамадства. Абарона законных правоў і інтарэсаў грамадзян у ліку найвышэйшых каштоўнасцей нашай дзяржавы, — заўважае субяседніца.


ПЕРШАЕ інтэрв’ю з Вольгай адбылося восенню 2012 года. Міліцыянер страявога падраздзялення Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы дзяжурыла на пасту ў судзе. Тым летам яна прайшла падрыхтоўку ў вучэбным цэнтры, атрымала права на міліцэйскія пагоны і зброю, радавалася дасягненню пастаўленай мэты. Наступная прыступка — пасада інспектара групы кадраў у раённым аддзеле ўнутраных спраў. З кастрычніка 2017-га — супрацоўнік аддзялення ДАІ. Нядаўна атрымала званне капітана.


— Хтосьці скажа, служыць — справа не жаночая. А я адчуваю, што на сваім месцы, — гаворыць яна. — Прыемна, што па маім прыкладзе пайшоў у прафесію пляменнік Іван. Праўда, выбраў Ваенную акадэмію, аднак усё роўна будзе насіць пагоны.


АСНОЎНЫ абавязак старшага інспектара па адміністрацыйнай практыцы — улік пратаколаў і кантроль за іх выкананнем. Падчас прафілактычных акцый і калі праваахоўнікі пераходзяць на ўзмоцнены рэжым нясення службы, Вольга адпраўляецца на дарогу.


— Парушальнікаў нямала сустракаю. Адны перавысілі хуткасць, другія не прайшлі тэхагляд, трэція селі за руль у стане алкагольнага ап’янення. За мінулы год трох нецвярозых затрымала, — расказвае інспектар. — Па-рознаму рэагуюць кіроўцы на тое, што іх спыняе жанчына. Здзіўляюцца, гавораць кампліменты. Аднак сентыментальнасць на службе не памочнік. Трэба быць аб’ектыўнай і строгай.


Па меркаванні Вольгі, супрацоўніку міліцыі неабходны моцны характар. Для яе важныя і інтэлектуальнае, і фізічнае самаразвіццё. Мае дзве вышэйшыя адукацыі. Юрыдычную атрымала ў Маскоўскай сучаснай гуманітарнай акадэміі. У мінулым годзе скончыла гуманітарны факультэт Полацкага дзяржуніверсітэта па спецыяльнасці “Практычная псіхалогія”.


— Пайсці вучыцца — асабістае рашэнне, — гаворыць субяседніца . — Псіхалагічныя навыкі дапамагаюць як на службе, так і ў іншых сітуацыях.


Фізічную форму міліцыянер падтрымлівае на штотыднёвых занятках. Залікі па самаабароне здае на выдатна. Таму зможа пастаяць за сябе ў непрадбачаных сітуацыях. І ўсё ж не тоіць, што адчувае большую ўпэўненасць, калі побач надзейнае плячо. На дарозе, згодна з распарадкам, дзяжурыць у пары з калегамі-мужчынамі.


ДОМА падтрымка і апора — муж Аляксандр і сын-пяцікласнік Стас. Развітваючыся раніцай, жадаюць удачы. Расказвае, калі стала служыць у ДАІ, муж змяніў погляды на гэтую прафесію. Цяпер у асяродку калег-дальнабойшчыкаў на вартаўнікоў дарог не крыўдуе.


Вяртаючыся дадому пасля працоўнага дня, разам з міліцэйскай формай Вольга здымае строгасць і патрабавальнасць. Адносіны з блізкімі будуе на даверы і ўзаемаразуменні. Працягвае чытаць кнігі па псіхалогіі, якія дапамагаюць разабрацца ў сабе і лепш разумець іншых. Дамашняя бібліятэка папаўняецца як літаратурай вузкапрафесійнай, так і для шырокага кола чытачоў. З ліку апошняй уразілі кнігі эстонскага ўрача, псіхолага Лууле Віілме. Слушныя думкі і парады аўтара сталі адной з крыніц духоўнай раўнавагі і пазітыўнага мыслення.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Именины 16 апреля 2021
Никита

Госці краін

free counters
Партнеры сайта