Авторизация
 

Тэрэза Корсак з Чапукоў: "Я без творчасці зачахну”

 “Можа быць, я няправільна жыву, але без творчасці зачахну”, — гаворыць рукадзельніца з Чапукоў Тэрэза КОРСАК. З мастацкім кіраўніком Чапукоўскага СДК Тэрэзай Корсак пазнаёміліся ў 2013 годзе. На майстар-класе для сваіх калег яна паказвала, як плесці вырабы з газетных трубачак. Гэты від рукадзелля толькі пачынаў распаўсюджвацца ў раёне. З таго часу Тэрэза Чаславаўна навучылася майстраваць дэкаратыўныя лялькі-шкатулкі, упрыгожванні з атласных стужак, “лятучыя чашы”, тапіарыі і цукеркавыя букеты. А не так даўно пачала ляпіць з халоднага фарфору.

ЯК можна спаць па дзве-тры гадзіны ў суткі і пры гэтым заставацца бадзёрым, энергічным, шмат паспяваць? Спытайцеся ў Тэрэзы Чаславаўны. Яна адкажа — сілы дае любімая справа. За цікавым заняткам не адчуваеш стомленасці і не зважаеш на час. Асабліва калі трэба рыхтавацца да мерапрыемстваў. Так, на экафестывалі і свяце горада вырабы ручной работы пад павышанай увагай. Штораз з’яўляюцца навінкі.


У руках майстрыцы фігурка белага лебедзя. Зляпіла птушку з халоднага фарфору хатняй вытворчасці.
— Асвоіць гэты матэрыял — мая даўняя мара. І вось яна ажыццявілася, — радуецца субяседніца. — У інтэрнэце шмат рэцэптаў халоднага фарфору. Адшукала свой варыянт. Для прыгатавання патрэбны кукурузны крухмал, гліцэрына, вазелін і будаўнічы клей ПВА. Іх неабходна змяшаць у вызначаных прапорцыях і варыць у чатыры заходы. Пасля дадаю фарбавальнікі: памаду, гуаш, зялёнку. Працэс працяглы, але вынік радуе. Гатовую масу можна паўгода захоўваць у маразілцы.


НАДОЎГА затрымліваецца Тэрэза Чаславаўна ля кухоннай пліты напярэдадні выхадных. Па даўняй традыцыі, у суботу чакаюць у лазню дзяцей з іх сем’ямі. Усе трое пражываюць у Міёрах, таму шлях да бацькоўскага дома займае дзесяць хвілін. А там цёплыя абдымкі і смачна накрыты стол.


 — У кожнага з дзяцей будні напоўнены сваімі клопатамі і справамі. Таму правіла такое: да нас едуць не працаваць, а адпачываць. Унукам дазваляем пасвавольнічаць, — заўважае маці і бабуля. — Канешне, калі трэба па гаспадарцы дапамагчы, ніхто не адмовіць.


СПРАЎЛЯЦЦА на падворку дапамагае муж Юрый Робертавіч. Падтрымлівае творчыя задумы жонкі. Пастаянны пакупнік у міёрскіх магазінах “Велес” і “Радуга”. Паколькі працуе ў райцэнтры вадзіцелем, яму прасцей набыць неабходны матэрыял. А Тэрэза Чаславаўна — часты госць у чапукоўскім аддзяленні сувязі.


— Не ўсё для творчасці знойдзеш паблізу, таму часта заказваю матэрыял у інтэрнэт-магазінах, — расказвае яна. — Так, каштуе не танна, плюс аплата за перасылку. Але вельмі хочацца ствараць новае, радаваць сябе і сваіх выхаванцаў.


Мастацкі кіраўнік вядзе гурткі. Вучыць мясцовых школьнікаў таму, што сама ўмее. І дзяўчынкі, і хлопчыкі займаюцца з ахвотай, нават гатовы заставацца пасля заняткаў. Гурткоўцы не толькі плятуць з трубачак, шыюць цацкі, майструюць тапіарыі і так далей. На аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці юныя мадэлі выходзяць на сцэну ў авангардных уборах, якія ствараюць разам з Тэрэзай Чаславаўнай. У ход ідуць розныя падручныя матэрыялы: фанцікі з-пад цукерак, упакоўкі ад кавы, старое адзенне, пакеты для смецця… Для майстрыцы не існуе паняцця “непатрэбная рэч”. Які б матэрыял ні трапіў у яе рукі, для ўсяго знойдзе творчае рашэнне.


 НАВАТ не верыцца, што цяперашні культработнік дваццаць адзін год адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы заатэхнікам і зусім не думала пра трубачкі ці халодны фарфор. Дома ў вольную хвіліну шыла са сваіх сукенак сарафаны і банты для дачкі, перакройвала шубу на куртку для мужа, вязала світары і шкарпэткі сынам. Работу змяніла па стане здароўя. Лякарства ад усіх хвароб знайшлося, калі давала водпуск мясцоваму бібліятэкару. Спачатку зацікавілася бісерапляценнем, затым з’явіліся авангардныя касцюмы. Напоўніцу раскрыўся талент у СДК.
— Калі бываю на прыёме ва ўрачоў, тыя здзіўляюцца: напісанае ў медкарце не адпавядае майму бадзёраму знешняму выгляду, — смяецца Тэрэза Чаславаўна. — А сакрэт просты: займаюся тым, што падабаецца.


ІСНУЕ стэрэатып пра творчых людзей. Нібыта яны неахайныя ў быце і паўсюль раскідваюць рабочы матэрыял. У Тэрэзы Корсак усё раскладзена па паліцах і каробках. Падпісана, каб не блытацца і доўга не шукаць. Прывучае да гэтага гурткоўцаў. У папках акуратна аформлены вынікі творчай дзейнасці.


— Люблю парадак. Таму падтрымліваю яго і на працы, і дома. І ў думках. Не ў маіх правілах ныць і скардзіцца. Акцэнтую ўвагу на пазітыўных момантах. Таму лёгка знаходжу агульную мову і з сабой, і з іншымі людзьмі, — гаворыць майстрыца.
Спыняцца на адоленых творчых вяршынях не збіраецца. Ёсць новыя задумы. Значыць, будзе нагода для чарговых цікавых сустрэч. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 июня 2021
Александр, Алексей, Иван, Кирилл, Рафаил, Мария, Марфа, Марианна, Фекла

Именины 21 июня 2021
Василий, Константин, Павел, Федор, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта