Авторизация
 

По улицам агрогородка Идолта с почтальоном Анастасией ГРОДЬ

 Пешая прагулка заменіць фітнес, калі твой спадарожнік — паштальён. Такі вывад зрабіла для сябе карэспандэнт Кацярына, прайшоўшы па вуліцах аграгарадка Ідолта разам з паштальёнам мясцовага аддзялення сувязі Анастасіяй ГРОДЗЬ. 

— Сёння ноша лёгкая, — гаворыць Анастасія Вітольдаўна, падымаючы шчыльна напакаваную свежай перыёдыкай сумку.
— Лёгкая? — здзіўляюся словам субяседніцы, патрымаўшы ў руках важкі паштальёнскі багаж.
Анастасія спрытна закідвае сумку праз плячо, і мы адпраўляемся па яе звычайным маршруце.

ПЕРШАЯ кропка — Ідолта. Асобныя вуліцы аграгарадка абслугоўвае калега Любоў Сідарава. Большая частка замацавана за Анастасіяй Гродзь.


Прыемны зімовы дзень. Заснежаныя сельскія вуліцы, лёгкі марозік, слабы вецер. Удыхаеш напоўніцу свежае паветра — нібы п’еш эліксір бадзёрасці. І здаецца, дайшоў бы да краю свету, любуючыся на жывыя пейзажы мастачкі-Зімы. Словам, надвор’е якраз для прагулкі. Толькі не павольным крокам. Паштальёны ходзяць шпарка. Гэта прафесійная якасць.


— Падчас абходу ногі не так стамляюцца, як рукі, — заўважае Анастасія Вітольдаўна. — Сумка ніколі не бывае пустой.
На пошце багаты асартымент тавараў. Цукар, алей, крупы, кава і чай, салодкія ласункі, камбікорм і іншае. Што трэба, паштальён прынясе на дом.


— Калі б яшчэ хлеб прадавалі, то ў магазін сяльчанам можна было б не хадзіць, — жартуе субяседніца.
ХУТКА раскладае Анастасія перыёдыку па металічных паштовых скрынях на адной з вуліц. На дзверках не ўказаны прозвішчы вяскоўцаў, нумары іх дамоў, але яна дакладна ведае, куды што пакласці.


—У першыя рабочыя дні вярталася дадому ў слязах і гаварыла, што дзе заўгодна буду працаваць, толькі не на пошце. Складана было. Не ведала ні мясцовых людзей, ні іх чытацкіх густаў, ні адрасоў, — прыгадвае яна.


З таго часу мінула амаль трынаццаць год. Анастасія з усмешкай успамінае свой паштальёнскі дэбют. Знаёма з усімі жыхарамі ў Ідолце і суседніх вёсках, дзе праходзіць яе шлях. Ведае, якія газеты выпісваюць, пра што турбуюцца, чаму радуюцца, чым запоўнены дні сяльчан.
— Ёсць у прафесіі паштальёна вялікі плюс — зносіны з людзьмі. Прыемна, што цябе чакаюць не толькі з-за газет, пенсій і тавараў. А яшчэ каб распытаць пра навіны, падзяліцца сваімі добрымі весткамі. Шчырыя размовы сілкуюць энергіяй, — гаворыць субяседніца.


ХЛЕБ паштальёна лічыць лёгкім толькі той, хто зусім яго не спрабаваў. У гэтай справе неабходна вынослівасць, бо ў любое надвор’е трэба данесці свежыя газеты і заказаны тавар. І добразычлівасць, без якой не пабудуеш адносіны з жыхарамі на ўчастку. І дасведчанасць, каб пракансультаваць пра інфармацыйную напоўненасць тых ці іншых выданняў. Што да апошняга, заўважае Анастасія Гродзь, большасць яе падпісчыкаў вызначаецца пастаянствам. Чытаюць “Міёрскія навіны” і “СБ. Беларусь сегодня”, хтосьці аддае перавагу “Віцебскім весткам” ці “Сельскай газеце”. Каму аднаго выдання дастаткова, хто два выбірае, некаторыя па пяць-шэсць газет і часопісаў атрымліваюць.


СТУКАЕМСЯ ў дзверы дома, дзе жыве самая актыўная падпісчыца—Ванда Вікенцьеўна Ластоўская. Штомесяц у яе квітку мінімум дзесяць розных выданняў. У тым ліку рэспубліканскія і раённая газеты, кулінарныя часопісы, перыёдыка з карыснымі парадамі.


— Тэлевізар мала гляджу, падабаецца чытаць. Асабліва зімой, калі на агародзе і падворку клопатаў няма. Выпісваю газеты для сябе і мужа Уладзіміра Антонавіча. У нас трое дарослых дзяцей, унукі ёсць, наведваюцца на выхадныя,—расказвае Ванда Вікенцьеўна. — Родам я з Міёр. У Ідолта замуж выйшла. Працавала аграномам у мясцовай гаспадарцы. Трэці год на заслужаным адпачынку, таму на чытанне кніг, часопісаў і газет часу хапае.


Затрымлівацца ў гасціннай гаспадыні не выпадае. У Анастасіі Вітольдаўны наперадзе большая частка маршруту. Восем кіламетраў да вёскі Бабарыкі. Затым трэба зайсці ў Цілеўшчыну, Шалціны, Стайкі, Навічкі. Апошні пункт, дзе два жылыя дамы, знаходзіцца на мяжы з Браслаўскім раёнам. Адлегласць паміж вёсачкамі ад двух да пяці кіламетраў.


НА вячэрні адпачынак у паштальёна часу няшмат. Трэба дома печкі працепліць, вячэру прыгатаваць, карову падаіць, птушку пакарміць. Спраўляцца па гаспадарцы дапамагае муж Аляксандр Уладзіслававіч, з якім сёлета адзначаць дваццатую гадавіну сямейнага жыцця. Працуе ён вадзіцелем школьнага аўтобуса. Разам з татам едзе на ўрокі ў Павяцкую школу трэцякласніца Каця. Старэйшая дачка Вольга — першакурсніца Полацкага медкаледжа.


Дадому Анастасія Вітольдаўна вяртаецца не з пустымі рукамі. Выпісвае перыёдыку для сваёй сям’і. Дарослым — газеты, а для Каці — дзіцячыя часопісы і размалёўкі.


РАЗАМ з паштальёнам прайшліся па трох ідолтаўскіх вуліцах, і мой баявы настрой дабрацца да краю свету значна аслабеў.


— А Вы не стаміліся? — пытаюся ў спадарожніцы.
— Не, для мяне гэта невялікая адлегласць. Стомленасць адчую, калі дадому вярнуся, — усміхаецца Анастасія. — А ўвогуле прывыкла і да доўгіх прагулак, і да капрызаў надвор’я. У любой справе ёсць свае складанасці і плюсы. Мне пашчасціла на падпісчыкаў: адносіны будуюцца на ўзаемаразуменні.

На вясковым скрыжаванні нашы шляхі разыходзяцца. Мяне чакае рэдакцыйная машына, Анастасію Вітольдаўну — яе падпісчыкі. Не збаўляючы тэмп, паштальён крочыць далей па знаёмых вуліцах. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Именины 5 мая 2021
Виталий, Всеволод, Гавриил, Дмитрий, Климент, Платон, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта