Как работают на сортировке мусора в Миорском ЖКХ

 Сартаванне смецця — не толькі прафесійная задача асобнай групы людзей. Гэта маральны абавязак кожнага чалавека перад прыродай. Каб сартаваць другасную сыравіну, не патрэбны спецыяльныя навыкі. Дастаткова цяплей апрануцца і не забыцца пра гумовыя пальчаткі. Наш карэспандэнт Кацярына правяла пару гадзін за экалагічна важнай справай.

ЗА горадам, па-суседстве з адміністрацыйным будынкам аддзялення ДАІ знаходзіцца вялікі ангар. Тут працуюць работнікі ўчастка санітарнай ачысткі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Сартуюць пластык, макулатуру, шкло, поліэтылен. Галоўны інструмент — рукі. Яшчэ на службе два апараты, якія прэсуюць паперу і пластык у важкія кубы.


Памяшканне без ацяплення. Лепшы сродак ад холаду — праца. У перапынках можна выпіць кавы ў цёплай бытоўцы.
З вуліцы чуецца гул прэсавальных апаратаў. Работнікі на сваіх працоўных месцах: ля канвеернай стужкі з пэт-бу-тэлькамі, ля гары макулатуры, побач з апаратамі. Усяго занята пяць чалавек. Пры неабходнасці прыходзяць на дапамогу супрацоўнікі ўчастка добраўпарадкавання.


ПАЧНЁМ з пэт-бутэлек. Іх адну за другой кідае ў шырокія ёмістасці з металічным каркасам, абцягнутым поліпрапіленавай тканінай, Уладзімір Вальтэр. У правай руцэ трымае невялікі ножык.


 — Калі бутэлька з крышачкай, трэба прабіць яе, інакш апарат не спрэсуе. Так хутчэй, чым адкручваць. Крышкі асобна не аддзяляем, гэтага не патрабуюць на заводзе, куды здаём сыравіну, — тлумачыць Уладзімір. — Бутэлькі з-пад алею кідаем асобна, для тары ад бытавой хіміі таксама іншая ёмістасць.


Пасля простага інструктажу атрымліваю прыладу працы, падобную на невялікую адвёртку з вострым канцом, і прыступаю да работы. Спачатку б’ю па бутэльках нясмела і таму прабіць удаецца з другога, а то і трэцяга раза. Пакрысе рука набірае ўпэўненасць. Нічога складанага. Дзесьці праз паўгадзіны аб’ёмная ёмістасць да краёў запаўняецца пустымі бутэлькамі. Далей — работа апарата.


ЛЯ ангара спыняецца УАЗік. Гэта Васіль Паплаўскі прывёз сабраную з раніцы другасную сыравіну. Макулатуру, пластык і шкло забірае не толькі ад магазінаў і з устаноўленых у горадзе кантэйнераў. Ёсць у маршруце адрасы гараджан, якія пастаянна здаюць макулатуру ў ЖКГ, за што ім зніжаюць аплату за камунальныя паслугі. У прыватнасці, за вываз смецця.


— Такую магчымасць маюць як гараджане, так і жыхары сельскай мясцовасці, — удакладняе вадзіцель. — Каб здаць макулатуру, шкло ці іншую сыравіну, трэба паведаміць у дыспетчарскую службу УП ЖКГ. Прыедзем, узважым, забяром.


 НАСТУПНЫ фронт работы — макулатура. Высокая горка з кардону, кніг, сшыткаў, газет і часопісаў. Спачатку збіраю ля “падножжа”, нясу да прэсавальнага апарата.


— Вышэй забірайцеся, хутчэй справа пойдзе, — раіць Пётр Вячэрскі і смела падымаецца на макулатурны схіл.
Сапраўды, зверху зручней скідваць кардонныя лісты, спісаныя сшыткі, старыя кнігі. Тэхніка простая. На раз — нахіл, на два — бяром, колькі змяшчаецца ў руках, макулатуру, на тры — падымаемся, на чатыры — кідаем уніз. За такой работай не замерзнеш. А з непрывычкі ў хуткім часе адчуваеш стомленасць. Таму фраза “Ужо поўдзень, час на абед збірацца” гучыць як прыемная вестка.


СПРЭСАВАНЫЯ бутэлькі і макулатуру пасля адправяць на перапрацоўчыя заводы ў Наваполацк і Чашнікі. Тое, што магло стаць смеццем пад нагамі, атрымае новае жыццё. 

У ТЭМУ
УП ЖКГ нагадвае грамадзянам пра абавязковае заключэнне дагавораў на вываз смецця. Гэтая паслуга пазначана ў пераліку асноўных у Пастанове Саўміна ад 27.01.2009г. №99 “Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг”. Каб заключыць дагавор, домаўладальніку трэба звярнуцца ў разлікова-даведачны цэнтр па адрасе: г. Міёры, вул. Дзяржынскага, 20-а. Даведкі па тэлефоне 5 68 64.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ
Як правільна выкінуць выкарыстаны чайны пакецік? Этыкетку — да кардону, пакецік — да старой паперы, заварку — у кампост, сашчэпку — у метал, нітачку — у маркіраваны смеццевы кулёк. І гэта не жарт, калі размова ідзе пра Швейцарыю — адну з самых экалагічна чыстых краін свету, дзе асобны збор смецця і перапрацоўка другаснай сыравіны на высокім узроўні.


Між тым у 80-я гады ХХ стагоддзя сітуацыя з экалогіяй у Швейцарыі была крытычнай. Вадаёмы забруджвалі фасфаты і нітраты, зямлю — цяжкія металы, біяразнастайнасць скарачалася, колькасць смецця ўзрастала.


Цяпер краіна лідзіруе ў свеце па колькасці здадзеных бутэлек — больш за 90% тары вяртаецца на заводы па перапрацоўцы шкла. У пункты прыёму другаснай сыравіны паступае трэцяя частка вырабленай у краіне друкаванай прадукцыі. Паперу і кардон здаюць асобна, бо перапрацоўка апошняга каштуе даражэй. Перш чым аднесці ў пункт прыёму бляшкі з-пад кансерваў, грамадзяне абавязаны самастойна іх спрэсаваць.


Адходы, якія нельга перапрацаваць, спальваюць на спецыяльных заводах, выкарыстоўваючы бясшкодную для навакольнага асяроддзя тэхналогію. Энергія, што выпрацоўваюць заводы, ідзе на ацяпленне жылых дамоў.

АСАБІСТЫ ПРЫКЛАД

Беа Джонсан з амерыканскага штата Каліфорнія ведаюць у свеце як заснавальніцу экалагічнага руху Нуль адходаў (Zero Waste). Яго асноўная ідэя — мінімізаваць адходы і максімальна доўга выкарыстоўваць рэчы, якія ёсць.


З лекцыямі Беа выступае ў розных краінах свету. Расказвае, як абысціся без, здавалася б, неабходных рэчаў і пры гэтым жыць камфортна. Складана паверыць, што за год яе сям’я ў складзе чатырох чалавек і сабакі сабрала толькі літровы слоік адходаў. Гэтаму папярэднічала доўгая работа над сабой.


У 2006 годзе Джонсаны пераязджалі ў новы дом. Збіраючы рэчы, заўважылі: 80% з іх не выкарыстоўвалі мінімум год. З гэтага і пачалася філасофія Zero Waste. Яна складаецца з пяці асноўных правіл:


1. Адмаўляйся
Трэба сказаць “Не!” аднаразоваму пластыку, пакетам, бясплатнай друкаванай прадукцыі. Усё гэта захламляе жыццёвую прастору.


2. Скарачай
Маркетолагі сцвярджаюць: для ўборкі кожнай паверхні патрэбны асобныя сродкі. Беа Джонсан карыстаецца воцатам, содай, вадой і мылам. У яе гардэробе дзве сукенкі, дзве спадніцы, дзве пары штаноў, некалькі кофт і топаў. Дастаткова, каб камбінаваць рэчы і выглядаць стыльна. Шампуні і гелі для душа замяняе мыла.


3. Выкарыстоўвай другасна

Аднаразовыя рэчы ў сям’і Джонсан заменены шматразовымі. Для шопінгу замест пакетаў — спецыяльныя мяшочкі з тканіны і шкляная тара. У магазінах купляюць прадукты на вагу. За адзеннем накіроўваюцца ў сэканд-хэнд.


4. Перапрацоўвай
Як прыклад, зношаныя красоўкі сям’я здае ў спецыяльны гандлёвы цэнтр, дзе прымаюць на перапрацоўку стары абутак.


5. Кампасціруй
Рэшткі садавіны і агародніны, чайную заварку, спітую каву лепш за ўсё выкарыстаць у якасці ўгнаення.
Прынцып Нуль адходаў у эпоху спажывання можа падацца складаным і нерэальным. Мы прывыклі жыць у акружэнні мноства рэчаў, патрэбных і не вельмі. Як заўважае Беа Джонсан, такі лад жыцця дазваляе эканоміць каля 40% сямейнага бюджэту, пазбаўляе ад лішняга і робіць наваколле чысцей.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.