Авторизация
 

Агні вялікага горада. Плюсы і мінусы

 Сучасная моладзь ірвецца ў горад. Там шмат магчымасцей, забаў, весялосці, навокал — гмахі і прыгажосць. Да таго ж развітая інфраструктура. Чысціня, дарогі без выбоін, любыя выгоды па жаданні і першым запатрабаванні. Ці ўсё так гладка ў горадзе і ў чым плюсы невялікіх населеных пунктаў? Паразважаем без залішніх прыкрас і хітрыкаў.

Жыць у вялікім горадзе складана. Гэта засведчыць любы яго жыхар. І асабліва прыезджы. Чаму складана? Бо на табе ляжыць вялікая адказнасць. І перш за ўсё, за сябе. У мегаполісе непажадана, нават нельга памыляцца. Небяспечна і рызыкаваць. Бо кожная памылка можа шмат каштаваць. І нават жыцця. Трэба ўсё пралічваць. І нават дарогу. Нядаўна знаёмая замест таго, каб праехаць на аўтамабілі па гарадскіх вуліцах, вырашыла скараціць шлях па МКАД. Хоць мае салідны вадзіцельскі стаж, не паспела і агледзецца, як у яе ўехала фура. Легкавы аўтамабіль перакруціла пасярод МКАДа тройчы. Ад нечаканага тармажэння стукнуліся яшчэ тры машыны, якія ехалі ззаду. Нездарма разважлівыя вадзіцелі не тое, што выбіраюць менш ажыўленыя трасы, а яшчэ і менш запоўнены рухам час.


Калі збіраецеся жыць у вялікім горадзе, прыйдзецца прызвычаіцца і да часу, які давядзецца траціць на дарогу. Каб у мегаполісе дабрацца з пункту А ў пункт Б — падрыхтуйцеся ахвяраваць гадзінай. І гэта без перабольшвання. Нават на працу дабірацца гадзіну — гэта аптымальны варыянт. Нездарма ж амаль ва ўсіх сталічных кампаніях працоўны дзень пачынаецца з дзевяці. “Бо мінчукі доўга спяць”, — жартуюць недасведчаныя. Якое там! Нават каб да гэтага часу дабрацца ў офіс, многія падымаюцца з першымі пеўнямі. Плюс дарога небясплатная. На бензін ці праязны пры такім раскладзе рыхтуйцеся выдаткаваць ад шасцідзесяці рублёў.


Мінчане дрэнна ведаюць родны горад, а ў некаторых тэатрах і наогул ні разу не былі. Гэта праўда. Бо карэнныя гараджане, стаміўшыся ад мітусні і віру, сваю жменьку вольнага часу праводзяць дома. У спакоі і цішыні. На канапе перад тэлевізарам. За гатаваннем смачнага абеда. Як заўгодна. Але дома. Бо доўгія дарогі, шматлюднасць на працягу тыдня забіраюць нямала сіл і энергіі. А каб яе назапасіць, патрэбна змена абстаноўкі.


І не толькі. А проста звычайны адпачынак. “У “БелЭкспа” праходзіць цудоўная выстава ручных вырабаў, — пішуць таварышы з Міёр. — Схадзі, падзівіся. Гэта так класна!” І сапраўды класна. Калі не браць пад увагу, што мне, каб дабрацца да выставачнага комплексу, трэба ў адзін бок праехаць трыма відамі транспарта і патраціць прыблізна паўтары гадзіны. І гэта пры тым, што не на ўскрайку жыву, звычайны гарадскі мікрараён. Столькі ж часу пройдзе, каб вярнуцца назад. Выхадны дзень — субота. Нічога б такога, калі б учора ў рэдакцыі не прабыла да 23 гадзін, а дадому вярнулася ў 15 хвілін на першую ночы. Таму зусім не да ручных вырабаў. І выбіраю правесці выхадны ў цёплай кватэры, прыгатаваць смачны абед, чым зноў недзе падарожнічаць.


Можа, гэта проста я такая дамаседка. У іншых атрымалася б інакш. Магчыма. Не спрачаюся. Шмат і іншых нюансаў у мегаполісе. Напрыклад, з жыллём. Пабудаваць сваё — вельмі дорага і складана. Калега расказвае: знаёмыя ўступілі ў кааператыў, за сталічную двухпакаёўку штомесяц цяпер трэба выплачваць па 1700 рублёў беларускімі. І так — гадамі. Уявіўшы маштабы “трагедыі”, рэзюмую: “А не прасцей бы ім купіць домік у вёсцы”. Калега смяецца: “Яны мінчане, хочуць тут жыць. Чаму ж ты не купіш домік у вёсцы, раз так раіш?” А чым горш — домік у вёсцы, падумалася мне. Прырода, свежае паветра, гаспадарку можна завесці, якасна і старанна працаваць. Што, гэта не варыянт? Прынамсі, лепш, чым на дзясяткі гадоў забыцца на абноўкі і прысмакі, аддаваць усё да рэшты ў кааператыў і заставацца яшчэ павінным.
Колькі ні разважай, заўсёды будуць прыхільнікі вёсак і гарадоў. Дзе лепш — адвечнае пытанне. Кожны выбірае па сабе. На гэты конт

круціцца ў галаве вершык Юрыя Левітанскага:


Каждый выбирает для себя
женщину, религию, дорогу.
Дьяволу служить или пророку — 
каждый выбирает для себя.
***
Галоўнае — зрабіць правільны выбар. Своечасовы. Абдуманы. Надзейны. 

Фота з інтэрнэта.

Алена БАСІКІРСКАЯ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Именины 16 мая 2021
Викентий, Николай, Павел, Петр, Тимофей, Ульяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта