У Міёрах сясцёр Юлію і Ганну Кураш ведаюць як таленавітых і цікавых. Неаднойчы ў “Міёрскіх навінах” друкавалі матэрыялы пра іх. Дзяўчаты тым часам не спыняюцца заяўляць пра сябе. Цяпер на рэспубліканскім узроўні. Ганна Кураш стала ўдзельніцай рубрыкі “Люблю чытаць” на ранішняй тэлеперадачы “Добрай раніцы, Беларусь” на канале Беларусь 1. Дэкламавала ўласны верш “Агні, ліхтары, перавулкі”. Іншыя перадачы з яе ўдзелам глядзіце ў студзеньскіх і лютаўскіх эфірах праграмы.
Ганна піша вершы са школьнай пары. Беражліва захоўвае іх у асобнай папцы. Як надарыцца вольны час, прымецца за рэдагаванне і рассылку ў літаратурныя газеты і часопісы. Пакуль сваім захапленнем вырашыла парадаваць тэлегледачоў. Трэба сказаць, усе вершы, якія Аня прапанавала для эфіру, — пра філасофію жыцця. Кажа, што гэтая тэматыка ёй бліжэй за ўсё.
Ганна Кураш — студэнтка лінгвістычнага ўніверсітэта. Вучыцца на другім курсе, стане спецыялістам па кітайскай і англійскай мовах. У альма-матар даўно ведаюць, што Аня — паэтка. Яшчэ год таму тут адбыўся яе аўтарскі вечар, а мінулай восенню перамагла ва ўніверсітэцкім шоў талентаў. Рэктарат узнагародзіў міярчанку падарожжам у Санкт-Пецярбург.
Ганна любіць родную мову і паэзію. На рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці сярод вучнёўскай і студэнцкай моладзі “Арт-вакацыі” чытала верш Адама Міцкевіча “Да Нёмана” і стала дыпламантам.
Чытае вершы і па-кітайску, выступае на днях факультэта кітайскай мовы. А ў пачатку лютага сёстры Кураш адправяцца ў Маладзечна на тыдзень культуры партнёрскай нам краіны. Ва ўборах далёкай эпохі будуць чытаць вершы старажытных кітайскіх паэтаў. Аня — на мове арыгіналу, Юля — рускі пераклад.
Фота з архіва Ганны КУРАШ.
Алена БАСІКІРСКАЯ.