Непасрэдных удзельнікаў Вялікай Айчыннай, прыроўненых да іх асоб і працаўнікоў тылу ў раёне засталося толькі дзесяць. У пераднавагоднія дні кожны з іх выслухаў словы ўдзячнасці за перамогу і наша сённяшняе жыццё, атрымаў віншаванні, сувеніры і падарункі.
Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак і член прэзідыума ветэранскай арганізацыі Зоя Родзіна наведалі ў Дзісне былых франтавікоў Яўграфа Касатага і Уладзіміра Мараза. У Язне даніну павагі аддалі былой удзельніцы вайны Валянціне Сялюк. З працаўніцай тылу Аляксандрай Стома ў Дзісне такую сустрэчу арганізавалі прадстаўнікі гарсавета, Георгію Кадушку паслалі прывітанні работнікі Язненскага сельвыканкама.
У Міёрах раённы ваенны камісар Сяргей Жабёнак і кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур выказалі віншаванні, прыпаднеслі сувеніры і падарункі былым партызанкам Лідзіі Багданавай і Глафіры Качан, франтавіку Антону Рубаніку, размінёру Аляксандру Лапечанкаву. У Наўгародах удзельніка вайны Івана Лушчонка наведалі Часлаў Кашкур і Алена Шамёнак ад ГА “Белая Русь”.
Спонсарамі пераднавагодняга мерапрыемства выступілі раённая структура ГА “Белая Русь” і мясакамбінат.
Кіраўніцтва ТАА “Капіталдрэўпрадукт” па ўласнай ініцыятыве арганізавала для ветэранаў падарункі і віншаванні.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.