Авторизация
 

У Дзісне клапоцяцца пра камфорт пажылых людзей

 Пакуль вучоныя шукаюць эліксір маладосці, сацыяльная служба клапоціцца пра псіхалагічны і бытавы камфорт пажылых людзей. У Дзісне працуюць два структурныя падраздзяленні тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 

Пад адным дахам — аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў і філіял аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання.

 Каб адчувалі сябе як дома
СВЕТЛА і ўтульна ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Сёлета ў жніўні яму споўніцца пятнаццаць год. За гэты час казённыя сцены замянілі дом амаль ста шасцідзесяці жыхарам раёна.


— Аддзяленне разлічана на трыццаць пяць месцаў. Цяпер дваццаць сем падапечных, у тым ліку шэсць інвалідаў другой групы. Пяць доўгажыхароў ва ўзросце 92-95 год, — расказвае загадчыца Наталля Кураш падчас экскурсіі па аддзяленні. — У нас пражываюць пажылыя мужчыны і жанчыны, інваліды, якім не пад сілу пра сябе клапаціцца, а дагледзець няма каму, бо зусім адзінокія або дзеці і родныя далёка. Адаптацыя да новых умоў у большасці праходзіць спакойна. Некаторыя плануюць толькі зіму перачакаць, а пасля застаюцца надоўга.
 У ПАКОЯХ па два чалавекі. На дзвярах таблічкі з імёнамі. Стукаемся да Надзеі Паўлаўны Бухалавец і Марыі Сяргееўны Мурашка. Яны з суседніх вёсак Цвеціна і Завуцце. Надзея Паўлаўна ў аддзяленні трэці месяц, Марыя Сяргееўна шэсць год. Абедзвюм тут утульна, ёсць чым заняць час.


У вёсцы Беразова прапісана Зіновія Яўстаф’еўна Талічан, але чацвёрты год як яе домам стала аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў Дзісне. Выглядае маладзей за свае 90. Напэўна, гэтаму спрыяе творчы занятак. Раней пляла з саломкі, цяпер яе замянілі газетныя трубачкі, з якіх майструе дэкаратыўныя зоркі.


КІПІЦЬ работа ў “Працоўнай майстэрні”. Дзіўна бачыць за рукадзеллем мужчын, аднак пляценне з газетнай саломкі іх таксама захапляе. Творчы працэс пад кіраўніцтвам сацыяльнага работніка Наталлі Шарыпавай. Яна ж праводзіць палітінфармацыю: знаёміць з навінамі з рэспубліканскіх і абласных газет, а раёнку чытаюць ад першай да апошняй старонкі.


 З пашанай ставяцца ў аддзяленні да рэлігійных поглядаў сваіх падапечных. У асобным пакоі размешчана маленная. Уваход свабодны штодня. На вялікія святы прыходзяць мясцовыя праваслаўны і каталіцкі святары. Кожны год на Вадохрышча тут асвячаюць ваду.
Пастаянная спадарожніца пажылых людзей — настальгія па мінулых днях. Таму “Хата ўспамінаў”, аформленая як пакой вясковага дома 60-80-х гадоў, не пустуе. Тым больш, многія рэчы прывезлі сюды самі падапечныя аддзялення. А на сцяне вялікая рамка з іх чорна-белымі фотаздымкамі.


ШТОДНЯ праходзяць заняткі ў спартзале. Доўжацца сорак хвілін. Практыкаванні па сілах падбірае для мужчын і жанчын медсястра Алена Дрыла. Папулярны інвентар — палкі для скандынаўскай хадзьбы.


 Трымаюць у тонусе не толькі мышцы. У пакоі адпачынку размешчаны куток з заданнямі рознай складанасці для мозга. Хто стаміўся ад трэніровак, глядзіць тэлевізар.


— У штаце сямнаццаць супрацоўнікаў. Медсёстры па доглядзе за хворымі, павары, кухонныя работнікі, прыбіральшчыцы. Абавязкі ва ўсіх розныя, а задача агульная — зрабіць пражыванне нашых падапечных камфортным, — гаворыць загадчыца аддзялення Наталля Кураш.—У мінулым годзе дзякуючы дапамозе міжнароднага дабрачыннага аб’яднання “Сафія” адрамантавалі сталовую, набылі новыя посуд і бытавую тэхніку. Перыядычна падтрымліваюць матэрыяльна родныя некаторых падапечных.


ЧАСАМ чуеш ад пажылых: “Што ў нашым узросце трэба? Каб здароўе не пакідала і адзінота не дакучала”. Месца амбіцый маладосці займаюць больш важныя каштоўнасці. Пра гэта ведаюць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання і запаўняюць дні сваіх падапечных цікавымі справамі і ўвагай.

Музыка, гумар і здаровы лад жыцця
ДЗВЕРЫ філіяла аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання адчынены тым, хто жадае аддаваць вольны час не толькі на бытавыя клопаты.


 На занятках гуртка “Літаратурна-музычная гасцёўня” рыхтуюць канцэртныя праграмы, з якімі выступаюць у суседнім аддзяленні, мясцовай бальніцы, блізкіх вёсках. Сустракаюцца з творчымі асобамі. Частыя госці — мясцовыя паэты Ірына Ліпніцкая, Васа Бічаніна, Вера Дуброўская і навапалачане з дзісенскімі каранямі Джэма Пугачэўская, Тамара Кавалёва, Тамара Ларчык. Запомнілася летняя сустрэча з ураджэнцам Дзісны Дзянісам Хамінавым — ваеннаслужачым і салістам ваеннага ансамбля з Баравухі. Увосень прымалі турыстаў са Швецыі. Пасля прайшоў фестываль рукадзельніц з удзелам гаспадынь аграсядзіб Галіны Паўлоўскай і Вольгі Мароз, дзісенская ўмеліца Таццяна Кісель правяла майстар-клас па вязанні дыванкоў з непатрэбнага адзення.


НА ГУРТКУ “Псіхалогія рукадзелля” плятуць з газетных трубачак. Такому майстэрству вучыць валанцёр з Папшулёў Ірына Ісаковіч. Пад яе кіраўніцтвам тры гады таму ў Дзісне пачало дзейнічаць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і з’явіўся клуб “Залаты ўзрост”. Цяпер прыязджае да сваіх падапечных раз на тыдзень. Такі ж графік у валанцёра з Дзісны, урача агульнай практыкі на заслужаным адпачынку Таццяны Бандарэвіч. Яе лекцыі пра здаровы лад жыцця з цікавасцю слухаюць і замацоўваюць на практыцы на “Уроках здароўя”. На занятках аб’яднання “Лячэбная сіла голасу” пад акампанемент баяна мясцовага музыкі Леаніда Салаўёва спяваюць любімыя песні.


 — Робім акцэнт на інтарэсы наведвальнікаў. Большасць з іх — удзельнікі калісьці вядомага дзісенскага хору “Чырвоныя гваздзікі”. Для іх творчасць і зносіны — унутраная патрэба, — расказвае кіраўнік “Літаратурна-музычнай гасцёўні” і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Алена Ільічова. — Любім падарожнічаць. У мінулым годзе пабывалі на канцэрце арганнай музыкі ў Сафійскім саборы ў Полацку, наведалі Германавіцкі музей культуры і быту імя Язэпа Драздовіча, прагуляліся па тэрыторыі касцёла Святой Ганны ў Мосары. Цікавімся мінулым і адметнасцямі малой радзімы, не раз былі на экскурсіях у музеі гісторыі Дзісны і Доме рамёстваў. Пасябравалі з міёрскім клубам “Бажэна”, праводзім сумесныя пасяджэнні.


НАВЕДВАЛЬНІКІ аддзялення заўважаюць, што некаторыя знаёмыя не разумеюць, чаму ім дома не сядзіцца. Адказ просты.
— Чакаем гэтых сустрэч, чарговых заняткаў, сумесных вандровак. Гэта прыемны адпачынак ад штодзённых клопатаў, магчымасць пазнаваць і вучыцца новаму, — гаворыць былы загадчык гаспадаркі дзіцячага сада ЛВДС “Дзісна” Алена Окунева. — Мы ўжо як адна сям’я. Дзелімся радасцямі і перажываннямі, падтрымліваем адзін аднаго, віншуем са святамі. Самі ствараем сабе добры настрой.


 У пацвярджэнне сказанаму Алена Іванаўна чытае вершаваную гумарэску, а пасля па просьбе сябровак спявае народную песню. Іх ведае шмат.


Рэпертуар канцэртных праграм абавязкова ўключае тэатралізаваныя гумарыстычныя пастаноўкі. Асабліва ўдаюцца жартоўныя ролі бібліятэкару на заслужаным адпачынку Марыі Блажкевіч.


Былога работніка гандлю Валянціну Касцюкевіч у аддзяленне прывялі патрэба ў зносінах і захапленне здаровым ладам жыцця. Восем год таму яна самастойна асвоіла ёгу, працягвае займацца і паказвае практыкаванні на занятках гуртка “Урокі здароўя”.


— Працуем пад дэвізам “Актыўнае даўгалецце”. Цяпер клуб “Залаты ўзрост” налічвае дваццаць наведвальнікаў. Важна, каб іх колькасць павялічвалася, — заўважае Алена Ільічова. — Быць пенсіянерам — не значыць замыкацца ў сабе і сваіх чатырох сценах. Гэты жыццёвы перыяд можна зрабіць цікавым і насычаным.


КЛАПОЦЯЦЦА ў аддзяленні пра вольны час інвалідаў першай і другой груп. Спецыяліст па сацыяльнай рабоце наведвае іх на даму. Аказвае псіхалагічную падтрымку, далучае да карысных і цікавых ім заняткаў. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 апреля 2021
Никита

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Госці краін

free counters
Партнеры сайта