Авторизация
 

Фёдар ПЯТРОЎ з Міёр 33 гады аддаў развіццю раённай электрасеткі

 Фёдар ПЯТРОЎ: "Час, якім ганаруся".

Фёдар Фёдаравіч — ветэран працы з райцэнтра. Даўно на заслужаным адпачынку. Лепшым перыядам сваёй працоўнай біяграфіі лічыць час (а гэта 33 гады), аддадзены развіццю раённай электрасеткі.

Фёдар Пятроў — ураджэнец вёскі Канахі Міёрскага сельсавета. Вучыўся ў Дворнасельскай сямігодцы, заканчваў адзіную тады Міёрскую СШ. Займаўся нават у старым будынку на беразе возера. Летам на канікулах працаваў у складзе будаўнічага звяна, узводзіў будынкі ўжо ў двары новай школы пад кіраўніцтвам загадчыка майстэрняў Мікалая Бараўца. Мікалай Паўлавіч таксама выкладаў фізіку, аўтасправу — вучыў матацыклістаў і шафяроў.


Фёдару Фёдаравічу запомнілася ўзвядзенне школьных майстэрняў, але здымак будаўнічага звяна сведчыць і пра цяпліцу. Аднакласнікі, а гэта ветэран праваахоўных органаў Сяргей Тронькін, інжынер па механізацыі сельскай гаспадаркі Міхаіл Януковіч, вадзіцель Антон Федуковіч, Пётр Шук, што займаў высокія пасады на “Нафтане”, маглі б расказаць і пра іншыя справы тагачасных вучняў.


Апошні званок прагучаў для Фёдара Пятрова ў 1960-м. Імкнуўся атрымаць вышэйшую адукацыю, аднак быў неабходны двухгадовы стаж працы на вытворчасці. І паехаў малады беларус у Акмолінскую вобласць Казахстана з надзеяй на падтрымку ў працаўладкаванні старэйшай сястры, што даўно там жыла. Так і сталася. Але тыя два гады на чыгуначнай Джалтырскай дыстанцыі пуці наблізілі час службы ў войску. Прызыўніку з сярэдняй адукацыяй і моцным здароўем “свяціў” флот. Каб трапіць не на Ціхаакіянскі, а на Балтыйскі, тэрмінова вярнуўся ў родныя мясціны. Пасля вучобы ў спецыяльнай Ліепайскай школе з “чырвоным дыпломам” радыётэлеграфіста (і цяпер на слых можа прымаць марзянку) трапіў на базу ракетных кацяроў РК-20 у польскі горад Свінаўсце на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Дарэчы, нядаўна тамашнія прычалы палякі прыстасавалі для прыёму транспартных караблёў з амерыканскім звадкаваным газам.


Чырванафлоцец Пятроў служыў на берагавым вузле сувязі, калі патрабавалася — выходзіў у якасці радыста на ракетных кацярах у мора, адначасова асвойваў навуку дызеліста-электрыка. Вось так наблізіўся да спецыяльнасці, якая стала асноўнай у жыцці.


Тое пасведчанне флоцкага дызеліста-электрыка запатрабавалася, калі ўладкоўваўся на працу ў Міёрах пасля службы. Стаў электраманцёрам раёна электрасетак. Наведваў вячэрнюю школу рабочай моладзі, каб аднавіць веды па фізіцы і матэматыцы, што потым, у 1967-м, дазволіла паступіць на завочнае аддзяленне Маладзечанскага політэхнікума па спецыяльнасці “электрычныя станцыі, сеткі і сістэмы”. Практычны вопыт і тэарэтычная падрыхтоўка дапамаглі стаць дзяжурным аператыўна-дыспетчарскай групы. Неўзабаве ўвялі пасаду інжынера гэтай службы.
Аператыўна-дыспетчарская група размяшчалася ў невялікім будынку на падстанцыі, дзе да трансфарматара ў 6300 кВА вялі чатыры высакавольтавыя лініі. Тэмай дыпломнай працы выбраў пашырэнне гэтай падстанцыі. Нямала намаганняў запатрабавала запаўненне разлікамі, табліцамі і схемамі, іх абгрунтаваннем тых 120 аркушаў дыпломнай, але і цяпер грэе душу Фёдара Фёдаравіча ўсведамленне, што яна стала асновай праекта будучай рэканструкцыі. Як і меркавалася, устанавілі яшчэ два магутныя трансфарматары, “пабеглі” лініі на Новы Пагост і Дзедзіна.


Увогуле праца на розных пасадах на падстанцыі заняла 13 гадоў.
У 1975-м напярэдадні прафесійнага свята старшы інжынер па эксплуатацыі Міёрскага раёна электрасетак Фёдар Пятроў на старонках раённай газеты расказваў:


— Значныя змены за апошнюю пяцігодку адбыліся ў нашым раёне. Уведзена ў дзеянне падстанцыя напружаннем 35 кілавольт і магутнасцю 1600 кілават-ампер у вёсцы Новы Пагост. У снежні ўступіла ў строй падстанцыя напружаннем 110 кілавольт і магутнасцю 2500 кілават-ампер у Язне. Распрацавана перспектыўная схема развіцця размеркавальных сетак Міёрскага раёна з улікам будаўніцтва яшчэ дзвюх падстанцый напружаннем 110 і 35 кілавольт. У раёне выкарыстоўваецца 789 кіламетраў высакавольтавых ліній электраперадач і 883 км ліній нізкага напружання, 465 трансфарматарных падстанцый.


Мы набылі аўтакран ЛАЗ-690, аўтавышку на аўтамабілі ГАЗ-51. Рацыяналізатары РЭС зрабілі для Міёрскага і Дзісенскага эксплуатацыйных пунктаў два слупаставы на базе трактараў Т-40, бурыльную ўстаноўку на МТЗ-5. Выкарыстанне гэтай тэхнікі дазволіла павысіць надзейнасць электра- забеспячэння спажыўцоў, паменшыць колькасць аварыйных адключэнняў, скараціць тэрмін ліквідацыі пашкоджанняў. Намячалі кожнае адключэнне выпраўляць не больш чым за тры гадзіны, спраўляемся на 20 хвілін хутчэй. Гадавы план капітальнага рамонту выканалі датэрмінова. У нашым калектыве 11 чалавекам прысвоена ганаровае званне ўдарнікаў камуністычнай працы, а электраманцёр аператыўна-выязной брыгады Ілья Гладкоўскі ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”


Добрых паказчыкаў у спаборніцтве дасягнулі старшы электраманцёр аператыўна-дыспетчарскай групы Валянцін Януковіч, трактарыст слупастава Георгій Сушко, шафёр Станіслаў Кандратовіч, электраманцёр аператыўна-выязной брыгады Мікалай Крыўка.


 Калектыў Дзісенскай брыгады неаднаразова займаў першае месца ў спаборніцтве такіх падраздзяленняў. У гэтым вялікая заслуга майстра Сцяпана Сіцько. Ён прадстаўлены да звання “Лепшы майстар прадпрыемства электрасетак”.


Жыццё рабіла нечаканыя віражы. У 1979-м члену партыі Ф.Ф. Пятрову райкам партыі прапанаваў узначаліць іншую службу — гаргаз. Партыйная дысцыпліна абавязвала, і пяць гадоў Фёдар Фёдаравіч аддаў развіццю газавай гаспадаркі на Міёршчыне. Як толькі прадставілася магчымасць, зноў вярнуўся дыспетчарам у РЭС. Не палохалі пазменныя 12-гадзінныя дзяжурствы, вялікая адказнасць за надзейнае электразабеспячэнне насельніцтва і народнай гаспадаркі рэгіёну, калі на ліквідацыю аварый маглі накіравацца толькі дзве машыны на Міёрскай і Дзісенскай зонах. Пастаянным клопатам была тэхніка бяспекі працуючага на лініях персаналу. Давялося асвойваць для кіравання электрасеткамі першы на Міёршчыне камп’ютар.


Зараз Фёдар Фёдаравіч прыгадвае шматгадовую плённую працу пад кіраўніцтвам начальніка РЭС Яраслава Гараўца і галоўнага інжынера Мечыслава Сяткоўскага, узаемадзеянне з майстрамі Раманам Малахоўскім і Генадзём Красікавым. Пазней гэтую пасаду майстра ў Дзісне заняў Георгій Лабуць. Працаваў адначасова з дыспетчарам Раманам Сіняўскім, які вырас да галоўнага інжынера. Запомніліся надзейнасць і прафесіяналізм электраманцёраў Івана Кліменцьева, Уладзіміра Шокеля.


Сваё вяртанне ў РЭС Фёдар Фёдаравіч не лічыць асаблівым, вернасць працы ў энергасістэме праяўлялі многія. Стваралі працоўныя дынастыі. Справы сваіх бацькоў у Міёрскіх электрасетках прадоўжылі майстрамі Раман Кліменцьеў і Васіль Дзяменцьеў, начальнікам дыспетчарскай службы — Віктар Малахоўскі, вадзіцелем — Васіль Зелянкоў, і іншыя.


Фёдар Пятроў пасля дасягнення пенсіённага ўзросту яшчэ два гады перадаваў вопыт і майстэрства маладому папаўненню. Цяпер здароўе абмяжоўвае магчымасці ветэрана, аднак справамі ў Міёрскім раёне электрасетак і ўсім філіяле РУП “Віцебскэнерга” Глыбоцкія электрычныя сеткі цікавіцца рэгулярна. 

У тэму:
1 красавіка 1963 года на падставе загада РУП “Віцебскэнерга” на баланс Глыбоцкага раёна электрасетак ад Полацкага РЭС прыняты Міёрскі ўчастак электрычных сетак (начальнік І.Я. Чарамісінаў).
30 чэрвеня 1964 года ўведзены ў эксплуатацыю ВЛ 110 кВ Міёры-Браслаў.
1 студзеня 1968 года Глыбоцкі раён электрычных сетак перайменаваны ў Глыбоцкае прадпрыемства электрычных сетак. Участкі электрасетак сталі раёнамі электрычных сетак: Браслаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Міёрскі (начальнік Я.В. Гаравец), Пастаўскі і Шаркаўшчынскі.
27 чэрвеня 1975-га ўведзена ў эксплуатацыю ПС 110/10 кВ Язна.
30 снежня 1976-га пачала дзейнічаць ВЛ 110 кВ Глыбокае-Язна.


1977-ы — пабудавана новая вытворчая база Міёрскага РЭС, на падстанцыі ўстаноўлены новы трансфарматар магутнасцю 10000 кВА. З’явілася пастанцыя ў Курылавічах, да яе падведзена высакавольтавая лінія з Шаркаўшчыны.


У 1981-м злучаны электраправадамі Луначарскае і Дзісна, у 1982-м з’явілася падстанцыя Дзедзіна, пазней падстанцыі ўстаноўлены ў Даўгінаве, Волкаўшчыне, Туркове, Цвеціне, неаднаразова рэканструявалася ў Міёрах.

На другім здымку: Школьнае будаўнічае звяно закончыла ўзвядзенне цяпліцы. Фёдар Пятроў стаіць трэці справа.

Фотаматэрыял з асабістага архіва Ф.Пятрова.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 94 936
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 72 499
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 38 291
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 36 951
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 35 673
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 33 883
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 22 904
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 января 2019
Василий, Виктор, Владимир, Георгий, Григорий, Дмитрий, Евгений, Емельян, Иван, Илья, Михаил, Юлиан, Василиса, Доминика

Именины 20 января 2019
Василий, Иван, Афанасий

Госці краін
free counters
Партнеры сайта