Как сотрудник ГАИ выслеживал нарушителей возле Миорской СШ №3

 Другім шчасцем называюць нахабства. Толькі не на дарозе. Ісці ці ехаць напралом — да непрыемнасцей. Па пешаходным пераходзе ідзе мужчына. Прама ў яго перад носам праязджае аўтамабіль. Гэта бачыць інспектар ДПС, запісвае нумар машыны. Парушальніка прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Напэўна, калі б супрацоўнік ДАІ быў не на ўласным, а на службовым аўтамабілі з маячкамі, вадзіцель прапусціў бы пешахода.

— Як заўважаў калега, нішто так не дысцыплінуе, як супрацоўнік ДАІ на службовай машыне, — гаворыць старшы інспектар ДПС аддзялення ДАІ Міёрскага РАУС Валерый Валеўка. — Прасочым за сапраўднай культурай пешаходаў і вадзіцеляў.


З уласнага аўтамабіля інспектара назіраем за рухам ля СШ №3 імя Я.Томкі. На гадзінніку 7.40. Штораніцы дарожны патруль кантралюе сітуацыю ля ўстаноў адукацыі горада. Падчас абласной акцыі “Бяспечная дарога ў школу” павышаная пільнасць.


АДЗІН за другім пад’язджаюць аўтамабілі. Адны спыняюцца на аўтобусным прыпынку і, калі дзеці выйшлі, едуць далей. Некаторыя бацькі пакідаюць аўто на абочыне і вядуць малых за руку да школьнага парога. Не пустуе пешаходны пераход.


— Да васьмі раніцы рух ажыўлены. Парушэнні штодня паўтараюцца, — заўважае Валерый Вячаслававіч. — Пакідаюць машыны на аўтобусным прыпынку, чаго нельга дапускаць. Вадзіцелі не прапускаюць пешаходаў або апошнія перахо- дзяць праезную частку па-за зебрай.


Інспектар ДПС завастрае ўвагу, што на пешаходным пераходзе ад усіх удзельнікаў дарожнага руху патрабуюцца ўважлівасць і пільнасць. Калі пешаход пакрочыць напралом, можа стварыць аварыйную сітуацыю ці трапіць пад колы. Трэба абавязкова ўпэўніцца, што вадзіцель аўтамабіля цябе ўбачыў і прытармажвае.


— Напэўна, заўважалі сітуацыі: пешаход стаіць у пачатку перахода і рукой паказвае вадзіцелю, што прапускае яго. Такім чынам схіляе да правапарушэння, — расказвае Валерый Валеўка. — Калі ступілі на пераход і аўтамабіль спыняецца, тут не да залішняй ветлівасці. Перавага за пешаходам, і нават з яго дазволу вадзіцель не мае права ехаць.


НА пешаходным пераходзе ля школы падобнага не назіралі. Два аўтамабілісты праехалі па ім прама перад пешаходамі. Нумары іх транспартных сродкаў “засвяціліся”. Да таго ж мясцовыя інспектары ДПС добра ведаюць большасць аўтамабіляў і іх гаспадароў.
Некаторыя пешаходы таксама не вызначаюцца дысцыплінаванасцю і крочаць праз дарогу па-за пешаходным пераходам. У тым ліку і настаўнікі. Паток машын між тым амаль неперарыўны.


Інтэнсіўнасць руху спадае пасля васьмі раніцы. Дзеці ўжо за школьнымі партамі, іх бацькі на працоўных месцах. Інспектар заводзіць аўтамабіль. Паедзе ў Чапукоўскую і Новапагосцкую школы нагадаць педагогам і вучням пра пераход праезнай часткі па правілах, пра флікеры ў цёмны час сутак, пра асцярожнасць і ўважлівасць на дарозе. 

Фота для ілюстрацыі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ,
s.katrin.r@mail.ru

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.