Сёлета на Міёршчыне ў Міжнародны дзень міру — 21 верасня — нарадзілася двое дзяцей. Немаўляткі крыху падраслі, і нядаўна іх бацькам уручылі пасведчанні і падарункі ад Віцебскага абласнога ўпраўлення ГА “Беларускі фонд міру”.
Максім Шокель з Міёр і Аня Корабава з Павяцця — Дзеці міру. Іх дзень нараджэння — 21 верасня 2018 года. СЯМ’Ю Шокель на ўрачыстасць запрасілі ў аддзел загса райвыканкама. Прыйшлі ў поўным складзе — тата Дзмітрый, мама Юлія, старэйшы сын-трэцякласнік Косця і двухмесячны Максімка. Бацькі расказалі, што марылі пра другога сына, і Косця вельмі ўзрадаваўся малодшаму браціку.
З добрымі пажаданнямі віталі дружную сям’ю начальнік аддзела загса Вольга Галімбоўская і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Ала Смерцьева. Да добрых слоў — памятныя падарункі.
ПАСЛЯ накіраваліся ў Павяцце. У сям’і Міхаіла і Антаніны Корабавых трое дзяцей. Старэйшаму Максіму дванаццаць год, сярэдняй Дашы шэсць. Абодва дапамагаюць маме даглядаць Анечку. Маленькай і яе сям’і пажадалі здароўя, цеплыні і шчасця, уручылі пасведчанне Дзіця міру і падарунак.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА. Кацярына РЫНКЕВІЧ.