В семье Сухопаровых из Миор двое детей

 Ва ўсіх дзяцей аднолькавыя правы на шчасце і ўвагу, упэўнены маладыя бацькі з Міёр Аляксандр і Ларыса СУХАПАРАВЫ.

У сям’і Сухапаравых  двое дзетак. Сыночку Рому ідзе сёмы год, дачушцы Эвеліне нядаўна споўнілася чатыры. Хлопчык займаецца ў Цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, дзяўчынка наведвае дзіцячы садок. Бацькоўскай любові і ўвагі хапае абодвум.


— Цёця! — з усмешкай бяжыць мне насустрач шасцігадовы хлопчык.
— Прывітанне, Рома! Абдымацца будзем? — пытаюся ў яго.
Малы з радасцю працягвае рукі.


З Ромам Сухапаравым пазнаёміліся ў мінулым годзе ў раённым Цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, калі рыхтавала рэпартаж пра дзейнасць установы. Усмешлівы, цікаўны і рухавы хлопчык адразу прыцягнуў да сябе ўвагу. Ахвотна ідзе на кантакт, усміхнецца і скажа “Привет!” кожнаму незнаёмцу.


— Калі па вуліцы гуляем, з усімі вітаецца. Любіць абдымацца і ахвотна шле родным і знаёмым паветраныя пацалункі, — гаворыць мама Ларыса.


НОВАЯ сустрэча з хлопчыкам адбылася ў коле яго сям’і. На выхадных Рому і Эвеліну чакаюць у госці дзядуля Аляксандр Валянцінавіч і бабуля Людміла Іванаўна. На машыне шлях займае пяць хвілін. Ва ўтульным пакоі з мноствам дзіцячых цацак гутарым пра сапраўдныя сямейныя каштоўнасці. Малыя заняты гульнёй, часам нясуць паказаць штучных фантастычных жывёл ці жывога ката, які гатовы паўдзельнічаць у забавах.


— Дома таксама гадаванцы ёсць. Дзеці іх любяць, — расказваюць бацькі. — Паміж сабой Рома і Эвеліна дружныя, але, бывае, што і характар пакажуць. Сястрычка клапоціцца пра браціка. Не пашкадуе для яго ласункаў, хоць сама вельмі любіць салодкае.


Ёсць у малых свае захапленні. Рому патрэбна музыка. Толькі каб мелодыя вясёлая, пад якую можна патанцаваць. Грае на гітары для дзяцей тата Аляксандр. Сам асвоіў інструмент яшчэ ў школьныя гады. Цікава малым націскаць на клавішы сінтэзатара. Эвеліна выразае з паперы фігуркі, робіць аплікацыі. А калі раптам захварэе, патрабуе: “Вязіце мяне да ўрача”. Медыцынскіх працэдур не баіцца. Рома, наадварот, калі бачыць, што пад’язджаюць да паліклінікі, просіць тату разварочвацца. Гэта зразумела, бо ў маленстве давялося правесці час побач з людзьмі ў белых халатах. Пакуль умацоўваецца імунітэт, часцей нападаюць прастудныя захворванні.


КОЖНЫ дзень у Сухапаравых праходзіць, як у звычайнай дружнай сям’і. Раніцай бацькі разам збіраюць малых у цэнтр і ў садок. Самі адпраўляюцца на працу. Рабочае месца таты недалёка ад дома, ён загадвае аддзелам у магазіне “Еўраопт”. Ларыса — фізіямедсястра ў санаторыі “Расінка”. Дарэчы, па першай адукацыі Аляксандр таксама медык, скончыў курсы масажу, пры неабходнасці робіць гэтую працэдуру дзецям. Вечарамі стараюцца больш часу правесці разам з сынам і дачкой. Лепяць, малююць, вучаць літары рускага і англійскага алфавітаў, гатуюць піцу. У выхадныя выбіраюцца ў забаўляльныя цэнтры ў Полацк ці Наваполацк, ад такіх паездак непамерны запас пазітыўных эмоцый атрымліваюць і дзеці, і дарослыя. Апошні візіт быў у лістападзе на дзень нараджэння Эвеліны.


— Шкада, што ў Міёрах няма такіх месцаў, дзе б малыя маглі паскакаць на батутах, пракаціцца на тарзанцы, або паглядзець на звяроў, як у “Лясной казцы” ў суседнім Верхнядзвінску. — заўважаюць бацькі.


Затое ёсць батут на ўласнай дачы. А яшчэ валейбольная і баскетбольная пляцоўкі. Возера непадалёку. У цёплую пару Рома і Эвеліна разам з татам, мамай, дзядулем і бабуляй ахвотна бавяць там час.


— У нас шчаслівая сям’я, — усміхаецца Ларыса. — Здараецца, на працы гутарым з адпачывальнікамі пра жыццё-быццё. Калі расказваю, што выхоўваем дзіця з асаблівасцямі, у многіх на твары заўважаю шкадаванне. Бацькам, у каго здаровыя дзеці, складана зразумець такіх, як мы. Для нас Рома — любімы сынок, і не ўяўляем, як бы жылі без яго. Лічым, што сем’ям з асаблівымі дзецьмі не трэба хавацца і тым больш саромецца сваіх сыноў ці дачок. Усе яны аднолькава заслугоўваюць любові, увагі і пяшчоты.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.