Авторизация
 

У будаўнічай сферы Антаніна СІПОВІЧ занята больш за сорак год

 У будаўнічай сферы Антаніна СІПОВІЧ занята больш за сорак год. Мяшала раствор, клеіла шпалеры, выпісвала нарады, налічвала заробак. 

ТЭЛЕФОННЫ званок з рэдакцыі застаў ветэрана Міёрскай ПМК-55 за гаспадарчай справай.
— Учора зіма была, снег чысціла, а сёння лісце зграбаю, — бадзёрым голасам расказвае субяседніца.


Інтэрв’ю па мабільным тэлефоне, бо Антаніна Канстанцінаўна знаходзілася далёка ад Міёр. У вёсачцы Ільінцы Шумілінскага раёна. Працуе эканамістам на палову стаўкі і рабочы графік дазваляе бываць на малой радзіме ў буднія дні. Тут чакае маці.


— Да мяне на зіму не хоча, таму стараюся прыехаць часцей, дапамагаю з хатнімі клопатамі справіцца, — расказвае клапатлівая дачка. — Летам у вёсцы людна, дачнікаў шмат. Ды і сёння чалавек пяць ужо заходзілі адведаць. На зіму толькі чатыры карэнныя жыхары застаюцца.


З РОДНЫХ мясцін у самастойнасць Антаніна Канстанцінаўна адправілася ў сярэдзіне 70-х. Спачатку ў Віцебск. Скончыла політэхнічны тэхнікум па спецыяльнасці “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Затым — па размеркаванні ў Міёры. На першае працоўнае месца, якое стала адзіным.


— Можна было застацца ў Віцебску. Але падчас вучобы вывучыла гэты горад. Ды і раней прыязджала, бо тут шмат родных. Хацелася штосьці новае, — расказвае яна. — Размеркавання не баяліся. Наадварот, чым далей, тым цікавей. У Міёры прыехала з сяброўкай-аднагрупніцай. Яна пасля выйшла замуж і жыве ў Расонах. А я засталася. Думала паехаць на БАМ, але начальнік не адпусціў.


ПЕРШЫМ працоўным вопытам стала работа ў будаўнічай брыгадзе. У хуткім часе перавялі ў аддзел інжынернай падрыхтоўкі. Далей — аддзел працы і заработнай платы. На заслужаны адпачынак у 2015 годзе пайшла з пасады вядучага эканаміста. Праз два гады запрасілі вярнуцца ў роднае прадпрыемства, дзе з’явіліся вакансіі.


— Люблю будаўніцтва і сваю работу, інакш не згадзілася б зноў выйсці на працу, — заўважае Антаніна Канстанцінаўна. — Думаю, магла б і ў якой іншай прафесіі сцвердзіцца, у школе добра вучылася. Прывабіла менавіта будаўнічая сфера. Так цудоўна, калі на пустыры вырастаюць новыя дамы. Здаецца, толькі што кіпела работа, навокал быў, як кажуць, творчы беспарадак, і вось здаюць аб’ект, вакол яго чыста і акуратна.


НА ВАЧАХ Антаніны Сіповіч у Міёрах з’явіліся фізкультурна-аздараўленчы комплекс, “апельсін”, новабудоўля па вуліцы Ягора Томкі. Калі працавала ў аддзеле працы і заработнай платы, штораз наведвалася на будаўнічыя аб’екты і выпісвала нарады. Каб налічыць заробак, трэба ведаць аб’ёмы выкананых работ.


Успамінае, як пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС узводзілі пасёлак у зоне адсялення. Міёрскім будаўнікам давялі план на дзесяць дамоў. Разам з калегамі Антаніна Канстанцінаўна клеіла ў жыллі для перасяленцаў шпалеры. Здалі дамы ўвосень 1987-га, але наваселле ў іх так ніхто і не справіў. На тэрыторыі зафіксавалі павышаны ўзровень радыяцыі.


Па рабоце эканамісту ПМК-55 даводзіцца пакатацца. Цяпер прадпрыемства будуе ферму ў Расонскім раёне, нядаўна была на аб’екце. Да сяброўкі, з якой пачынала працаваць, заехаць не паспела: увесь час занялі працоўныя моманты.


— Мне падабаюцца паездкі, люблю рух. Я лёгкая на пад’ём, — гаворыць субяседніца. — Адпачынак выбіраю актыўны — паплаваць у возеры, схадзіць па грыбы-ягады ў лес. Халадамі чытаю перыёдыку і кнігі.


ЯШЧЭ адна вызначальная рыса Антаніны Сіповіч — аптымізм. З ім лягчэй вырашаць праблемы і складаныя сітуацыі, якіх у апошнія гады ў будаўнічай сферы хапае. Антаніна Канстанцінаўна акцэнтуе ўвагу на станоўчых момантах. Іх таксама нямала. Работа па-ранейшаму падабаецца, калектыў дружны, з роднымі ўсё ў парадку. Муж Іван Іванавіч, з якім пазнаёмілася ў Міёрах, — ваенны ў адстаўцы, дачка Наталля працуе выхавальнікам у “Расінцы”, сын Максім жыве ў Мінску і заняты ў сферы інфармацыйных тэхналогій.
— Трэба заўважаць і цаніць добрае. Калі толькі скардзіцца, карысці не будзе, — упэўнена ветэран ПМК-55.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 94 977
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 72 592
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 38 449
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 37 013
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 35 736
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 33 920
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 22 944
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 23 января 2019
Анатолий, Григорий, Зиновий, Макар, Павел, Петр

Именины 22 января 2019
Захар, Павел, Петр, Антонина, Филипп

Госці краін
free counters
Партнеры сайта