Авторизация
 

У кіёску “Саюздрук” можна купіць перыёдыку і аформіць падпіску

 Самы вялікі тавараабарот у раённай сістэме “Саюздрук” забяспечвае прадавец кіёска №3, што на вуліцы Дзяржынскага ў райцэнтры, Ала Карцяновіч. Яна ў ліку лепшых работніц полацкай зоны адзначана ведамаснай Ганаровай граматай за шматгадовую добрасумленную працу і прафесійнае майстэрства.

На мінулым тыдні сістэма “Саюздруку” адзначыла 100-годдзе з дня ўтварэння. Яе мы ведаем па кіёсках найперш з газетамі і часопісамі. Гэтыя міні-прадпрыемствы гандлю не мінаюць пакупнікі і ў нашым райцэнтры. Пра іх дзейнасць і работнікаў расказвае арганізатар рознічнага гандлю Ірына ЕМЯЛЬЯНАВА. Ветэран сістэмы, сваю пасаду займае 18 гадоў. Калісь прыехала ў Міёры па размеркаванні пасля вучобы, як аказалася — назаўсёды.

 — Сустракаем юбілей у новай іпастасі. Раней уваходзілі ў склад Полацкага міжраённага аб’яднання РУП “Віцебскаблсаюздрук”, з 1 лістапада сталі Міёрскім падраздзяленнем Віцебскага філіяла РУП “Белсаюздрук”, — адзначае Ірына Анатольеўна. — Такое перападпарадкаванне пакуль істотных навацый не прынесла, чакаем іх у наступным годзе. Хаця новыя павевы нас не мінулі: у кіёсках і ў маім кабінеце ўстаноўлена камп’ютарнае абсталяванне, якое дазваляе прасачыць рух кожнай адзінкі тавару, ацаніць попыт, ведаць выручку ад рэалізацыі, заказаць патрэбнае. Прадаўцам стала прасцей: счытвальнае прыстасаванне адразу высвечвае цану.


Міёрскае падраздзяленне — гэта чатыры кіёскі ў райцэнтры. Ва ўсіх працуюць старанныя работнікі, якія адказна адносяцца да сваіх абавязкаў. Умовы ў іх не з лепшых, асабліва зімой, пры гэтым амаль не “бюлетэняць”.


Вынікі нашай дзейнасці залежаць ад размяшчэння гандлёвых прадпрыемстваў і сезона, нават каляндарных святаў. Летам выручка істотна павялічваецца, сёлета яна дасягала 30 тысяч рублёў за месяц, з наступленнем восені зменшылася да 22-24 тысяч, цяпер паступова аднаўляецца. Вельмі разлічваем на святочны калядны і пераднавагодні гандаль спецыфічнымі таварамі — елачнымі цацкамі, мішурой, сувенірамі, віншавальнымі паштоўкамі. Дарэчы, грашовы абарот у нашых кіёсках у некалькі разоў большы, чым у суседзяў з Пастаў ці Браслава.


Значэнне мае размяшчэнне. Пастаянны рух насельніцтва у раёне райвыканкама, там жа яшчэ банкі, міліцыя, аптэка, магазіны, школа, непадалёку кафэ, два вакзалы. Таму ў кіёску №3 заканамерна самы вялікі тавараабарот. Але гэта не памяншае заслугі прадаўца Алы Карцяновіч. Калісьці яна замяніла на гэтым пасту маці, ужо сама мае вялікі вопыт, набыла прафесійнае майстэрства, умее працаваць з пакупнікамі. Яе поспехі і старанне адзначаны ведамаснай Ганаровай граматай да юбілею “Саюздруку” ў ліку пяці лепшых работнікаў зоны. Дадам, што яшчэ яна цудоўная шматдзетная мама.


Заўсёды ўзорны парадак у кіёску №1, што на плошчы Памяці загінуўшых барацьбітоў. Гаспадыня Алена Дзямід — вопытны работнік, умелы прадавец. З гандлю некалькі гадоў таму прыйшла да нас маладая мама Ірына Аніська, справу ведае і адказна да яе адносіцца. Яна працуе ў кіёску №4 на рынку. У кіёску №2, што ў цэнтры горада на вуліцы Камуністычнай, месца за прылаўкам Алены Паляковай, што пайшла ў дэкрэтны водпуск, заняла Галіна Лабунька. З усімі лёгка працаваць — адказныя, сумленныя, прыстойныя, адным словам—выдатны калектыў. Упэўнена, мае меркаванні падзяляюць пакупнікі.


Што ім прапануюць вашы ўстановы?
— Найперш — беларускія і не толькі газеты і часопісы на любы густ: для аматараў навін і цікавага чытання, агароднікаў і садаводаў, калекцыянераў і рукадзельнікаў, мужчын і жанчын. Не залежваюцца на прылаўках “Міёрскія навіны”. Попытам карыстаюцца выданні “Талака”, “Нарыхтоўкі”, “Сваты”. Цяпер у тавараабароце СМІ займаюць 20-23%, хаця раней іх доля ўзнімалася і да 55%. На жаль, неапраўдана шмат рэалізуем тытунёвых вырабаў, хаця лічу гэта часовай з’явай і тлумачу наплывам прыезджых будаўнікоў.


Сярод іншага — канцылярскія вырабы, сувеніры, шкляны і фарфаравы посуд, не так даўно попыт быў на пасцельную бялізну. Значны асартымент парфумы і галантарэі. Цукеркі, вафлі, пячэнне, шакалад... Толькі высокай якасці, рэалізаваць з мінулым тэрмінам прыдатнасці не дазволіць камп’ютарызаванае абсталяванне.


Пешаходам прапануем святлоадбівальныя камізэлькі, нарукаўнікі, бірулькі. Калекцыянерам — машынкі, манеты, боны. Аматары знойдуць у кіёсках дэтэктывы Агаты Крысці, апісанні жыцця расійскіх князёў і імператараў.


Сярод новага — часопісы-наглядныя дапаможнікі для пачынаючых мастакоў “Майстры малюнка і жывапісу”. Толькі што пачалі паступаць танныя наборы пад агульным брэндам “Шлях да гармоніі” для тых, хто жадае дасягнуць поспеху, шчасця, любові.


Усе прапановы проста немагчыма назваць, тым больш, іх колькасць павялічваецца. Але калі жадаеце атрымліваць перыядычныя выданні, якія не можаце рэгулярна купляць, прапануем аформіць падпіску праз “Саюздрук”. Тады бліжэйшы кіёск гарантавана выдасць заказ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва рэдакцыі.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 94 980
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 72 596
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 38 460
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 37 017
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 35 739
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 33 922
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 22 946
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 23 января 2019
Анатолий, Григорий, Зиновий, Макар, Павел, Петр

Именины 22 января 2019
Захар, Павел, Петр, Антонина, Филипп

Госці краін
free counters
Партнеры сайта