Авторизация
 

У “Клубе карэспандэнтаў” тэма для разваг — "Гаджат (+-+)"

 Мабільнік, флэшка, планшэт ці ноўтбук, міні-плэер і навушнікі — стандартны набор сучасніка. Рэчаіснасць ужо не ўяўляецца без гаджатаў. Так называюць невялікія прыстасаванні, прызначаныя, каб рабіць больш зручнай нашу паўсядзённасць. 

У быце гэтае слова прымяняюць і да больш буйных рэчаў — мікрахвалёўкі, пральнай машыны-аўтамат, пыласоса і г.д. З імі сапраўды камфортна. Многія не памятаюць нумары сваіх стацыянарных дамашніх тэлефонаў, даўно не купляюць парашок для ручнога мыцця і забыліся, што суп можна разагрэць на газавай пліце. Наколькі моцная наша залежнасць ад гаджатаў? Тэма для разваг у “Клубе карэспандэнтаў”.

Кацярына РЫНКЕВІЧ:
“Мабільнік—цуд, які заўжды са мной”
— Адыходзячы з дому, перш-наперш правяраю, ці з сабой мабільны тэлефон. Прычым не мае значэння, куды збіраюся: на працу, у госці, у магазін ці проста вынесці смецце. Без мабільніка як без рук, без ног, без вачэй і ўсіх астатніх органаў. Аднойчы давялося правесці без яго два тыдні: безнадзейна зламаўся, а на новы не хапала грошай. Было гэта яшчэ ў студэнцкія гады. Здавалася, з паломкай тэлефона змяніўся свет. Як прачынацца на заняткі (“пузаценькі” будзільнік даўно на сметніку), як тэлефанаваць дадому ў вёску (картка для таксафона дзесьці побач з будзільнікам), як даведацца, колькі зараз часу (шчаслівым гадзіннік непатрэбны, тым больш, калі ёсць мабільны тэлефон), як сказаць сяброўкам у інтэрнаце, што хутка буду і каб чаем з пірожнымі без мяне не частаваліся (паштовых голубаў даўно адмянілі і тэлеграмы таксама), як, едучы дадому на выхадныя, паведаміць тату, дзе сустракаць мяне з аўтобуса (няважна, што ў транспарта адзін і той жа маршрут і нязменны час прыбыцця). Калі нарэшце ўставіла сім-карту ў новы тэлефон, радасць была бязмежнай.


У мяне звычайны мабільнік. Ён не ўмее фатаграфаваць і здымаць відэа, не падключаны да інтэрнэту, у памяці, акрамя “родных” немілагучных, толькі дзве мелодыі — адна на званок, другая на будзільнік. Размовы з блізкімі доўжацца не больш за дзесяць хвілін, бо аддаю перавагу жывым зносінам, хоць не з усімі выпадае бачыцца часта. Да сваёй залежнасці ад мабільнага тэлефона стаўлюся з гумарам. І ўсё ж цудоўна ў любы час быць на сувязі. Напісаць прыемную смс-ку мужу, пацікавіцца, ці патрэбны тату новы часопіс са сканвордамі і ці прайшоў кашаль у мамы, удакладніць у сяброўкі, шампунь якой фірмы лепш купіць ёй у падарунак, папрасіць калегу выключыць камп’ютар, бо да вечара ў рэдакцыю ўжо не вернешся. Слава таму, хто прыдумаў мабільнікі! Яны шкодныя?! Думаю, дым з завадскіх труб, магазінныя паліцы з бытавой хіміяй, горы ПЭТ-бутэлек на звалках тояць куды большую пагрозу.

Игорь МАТЕЛЕНОК:
“Рабы технологий”
— Согласитесь, ведь предкам не хватало умных машин и гаджетов. Они многое делали вручную и их жизнь вряд ли назовёшь райским наслаждением. Однако деды меньше депрессовали и всё умели. А что мы? Беспомощное поколение, рабы технологий. Окружены сложным оборудованием и даже не знаем, как оно устроено.


Жить стало проще, комфортнее и, если смотреть поверхностно, ничего плохого в этом нет. Но научно-технический прогресс грозит избавить от проблем и сложностей, которые придают нашей жизни значение.


Казімір БЛАЖЭВІЧ:
“Што хацелі, тое і атрымалі”
— З даўніх часоў чалавек заўсёды імкнуўся спрасціць жыццё. Прыкладаў шмат. Вось адзін з яркіх. Спачатку дастаўлялі лісты пешшу або на конях, папярэджвалі аб небяспецы з дапамогай дыму на вежах, потым даверылі гэта галубам, і, нарэшце, з'явіліся паштовая служба, правадная сувязь і інтэрнэт. Таксама невыпадкова вынайшлі мабільны тэлефон, аўтамабілі і іншыя выгоды сучаснасці. Карацей кажучы, што хацелі, тое і атрымалі. Ці то яшчэ будзе! Я за тое, што ёсць, і далейшае развіццё тэхналогій.

Леанід МАТЭЛЕНАК:
“Ідзіце нароўні з часам”
— Назіраю за пераможным шэсцем тэхнічнага прагрэсу і карыстаюся яго вынікамі. Калісь асвоіў матацыкл, затым — аўтамабіль. Навучыўся наладжваць іх электраабсталяванне. З энтузіязмам успрыняў мабільнік. Бачыў перспектывы камп’ютарнай тэхнікі і садзейнічаў яе ўкараненню ў пэўнай установе. Хаця лічыў, што самому на ёй ужо працаваць не давядзецца.


Памыляўся. Толькі час быў упушчаны, а здаганяць, як вядома, заўсёды цяжка. Таму людзям старэйшага ўзросту раю своечасова асвойваць навінкі тэхнікі і тэхналогіі. Але і перасцерагаю: не станавіцеся іх рабамі, што іншы раз бачым на прыкладзе ўнукаў.


Раней у аўташколе заняткі пачыналіся з вывучэння будовы машыны, рэгуліровак, абслугоўвання, рамонту. Цяпер галоўнае — умелае ваджэнне і бяспека на дарозе. Элементарная паломка — і на буксіры ў майстэрню. Запярэчыце: машыны сталі больш складаныя і адначасова надзейныя, у іх без спецабсталявання і дадатковых ведаў лепш “не лезці”. Аднак, згадзіцеся, і наша кваліфікацыя, прафесійнае майстэрства памяншаюцца. Ці шмат сучасны чалавек здатны зрабіць уласнымі рукамі?! Скажаце: а навошта, ёсць майстры.
Чаму выжыў першабытны чалавек? Ён усё ўмеў і ўсё рабіў сам!


 Алена ВАРОНІНА:
“У мабільніка і планшэта — выхадны!”
— Апошнім часам настолькі зрадніліся з дабротамі цывілізацыі, што ўжо нават не заўважаем іх. Прачынаемся пад любімую мелодыю на мабільніку, яшчэ з заплюшчанымі вачыма ідзём на кухню ставіць электрычны чайнік, уключаем тэлевізар “для фону”, праглядаем навіны ў планшэце або ноўтбуку. Усё, жыццё закіпела…


Пасля цяжкага працоўнага дня наша сям’я збіраецца разам. Кожны вырашае свае справы, а потым — па інтарэсах: муж глядзіць фільмы па тэлевізары або на ноўтбуку, дачка здымае відэа для канала на YouTubе у планшэце, сын гуляе ў тэлефоне, мама вывучае майстар-клас па вязанні ў смартфоне. Ідылія… Аднак калі выдзеленыя 40 хвілін заканчваюцца, усе збіраюцца разам.


— Як справы ў школе (садку)?
— Нармальна.
— Што новага? Чым займаліся?
— Не ведаю. Усё як звычайна.
Такое адчуванне, быццам перад табой зомбі. Пачынаюцца крыўды і перажыванні, калі хтосьці не паспеў дабудаваць ферму, злавіць злачынцу. Пакутуе дзіцячая (а пасля істэрыкі і дарослая) псіхіка.


Несумненна, гаджаты — рэч патрэбная і карысная. Мне важна, што дзіця пастаянна на сувязі і я магу яго пракантраляваць. Ведае: любое пытанне можна “загугліць”, калі побач няма дарослых, каб падказаць. Але яны не павінны замяняць сапраўдных эмоцый, моцных пачуццяў, прыемных зносін. Вывучыўшы з сынам алфавіт па “Букваронку” і планшэце, прыйшлі да высновы, што чытаць мы будзем традыцыйны буквар. Разам сачыць пальчыкам за радкамі, дружна “цягнуць склады” і ператвараць безаблічныя літары ў цёплыя і родныя словы: ма-ма, та-та, сяст-рыч-ка, люб-лю. Паціху атрымліваецца!


Усё трэба пачынаць паступова. Дамовіліся з дачкой, што пакідае мабільны тэлефон і планшэт дома, калі едзе на выхадныя да бабулі. Час на свежым паветры праходзіць незаўважна, а звязацца з бацькамі можна і па стацыянарным. І няхай пакуль гэтыя новаўвядзенні дзецям недаспадобы, упэўнена, што галоўнае ў іх жыцці не пройдзе міма.

 Вольга ВІШНЕЎСКАЯ: “Не губляцца ў мабільным свеце”
— Ролік у інтэрнэце: дзіця, толькі з’явіўшыся на свет, не плача, а просіць у медыкаў планшэт і па інструкцыі адразае сабе пупавіну, затым саскоквае са стала і фатаграфуе збянтэжаных урачоў і персанал. Глядзець смешна, як мульцік. А ў будучым, хто там ведае… Толькі недзе ў свядомасці варушыцца думка, што гэта відэа разбівае ўшчэнт тую прыродную гармонію сусвету і чалавецтва, якая існуе з самага стварэння Зямлі. Няма тут шчырай радасці, толькі гульня на публіку.


Сёння амаль у кожнай сям’і, а то і ў кожнага яе члена ёсць мабільны тэлефон, планшэт ці ноўтбук. Многія без гэтых прылад не ўяўляюць ні дня. Трэба быць мабільным, —  гучыць з розных бакоў. Так, чалавеку даюцца магчымасці і прадметы. Аднак штодзень становімся сведкамі таго, што добрае бывае шкодным, калі карыстацца тымі ж гаджатамі празмерна, каб загубіць час, а не падарыць вольныя гадзіны зносінам з роднымі ці сябрамі.


А вось карысныя прыклады. Сёлета заблукалі ў хмарнае надвор’е ў лесе, збіліся з дарогі. Дзякуючы таму, што зона сотавай сувязі ахоплівала вялікую тэрыторыю лесу і нашага месцазнаходжання, удалося загрузіць на андроід компас і ў хуткім часе выбіцца на сцяжынку. Яшчэ можна заказаць з дастаўкай мэблю, вопратку і нават прадукты ў інтэрнэт-магазінах. Пачэрпнуць шмат карысных парад па рамонце кватэры ці дома, “падгледзець” прывабны дызайн для пакояў…


Іншая справа, калі маці ці тата, каб свабодна заняцца сваімі справамі, “падсаджвае” дзіця на гульні, іншыя бясконцыя забавы сусветнай сеткі. Як вынік: дзіця не гуляе са сваімі аднагодкамі, баіцца выйсці на вуліцу, каб не захварэць, з’яўляюцца першыя прыкметы атлусцення. Гэта адзін з прыкладаў шкоднасці гаджатаў, але найбольш — безадказнасці бацькоў за сваё дзіця і яго здароўе. У народзе кажуць: што задужа—тое не здарова! Няхай ніхто не губляецца і нікога не губляюць у мабільным свеце…


Наталія СТАНКЕВІЧ:
«Гаджат-сябар можа стаць і ворагам»
Пастаянна быць на сувязі сапраўды зручна. Дзякуючы мабільнікам у карэспандэнтаў значна пашырыліся гарызонты сустрэч і паездак, скараціліся пошукі патэнцыяльных герояў публікацый. Людзей можна «вылавіць» у камандзіроўцы, на агародзе ці ў лесе, нават у ванным пакоі. Носяць з сабой тэлефоны ўсюды.


З другога боку, мабільнікі моцна адцягваюць увагу. Нярэдка ў рабочы час вырашаюцца асабістыя пытанні, што часам выходзіць за рамкі такту. Калі ўвага распыляецца на некалькі задач адначасова, выконваць службовыя абавязкі эфектыўна і якасна проста немагчыма. Шчыра прызнацца, іншы раз узнікае жаданне пазбіраць тэлефоны ў адну скрынку да завяршэння працоўнага дня.


Асабіста я не адчуваю прагную неабходнасць быць пастаянна на сувязі. Хаця па абавязку службы адключацца не маю права. У той жа час неаднойчы раніцай мабільны заставаўся забыты дома, а вечарам — пакінуты на рабочым стале. Дагэтуль не выпрацавалася звычка даставаць яго з сумкі, адразу пасля мерапрыемства ўзнаўляць адключаны гукавы сігнал. Мабільнік маўчыць, пры гэтым ніякай панікі. Згрызоты сумлення хіба толькі, калі пачынаюць дакараць, што «трубку не бяру».


А нашы дзеці становяцца залежнымі ад гэтага маленькага прамавугольнага прадмета, што турбуе мяне, як маці. Узгадваецца Крым, санаторый. У фае жыллёвага корпусу — падлетак у навушніках з планшэтам у руках. На адным месцы ў нязменнай позе раніцай, у абед і вечарам. Хлопца рэдка бачылі на працэдурах, у сталовай. На марскім узбярэжжы, у парках з расліннай экзотыкай наогул ніколі. На заўвагі не зважаў. Бацькі выправілі з дома, каб сынок умацаваў здароўе лячэбным крымскім кліматам. На што спадзяваліся пры такой залежнасці ад гаджата?


Дрэнна, што акрамя прамой функцыі — сувязі з акружаючымі, мабільнік нашпігаваны дадаткамі. Адсюль тая самая гульняманія, якую даўно прызналі прычынай сур'ёзнага парушэння дзіцячай псіхікі. А яшчэ зніжаецца зрок, пагаршаецца памяць, парушаецца сон. І гэта не тэорыя.
Як супрацьстаяць такому злу? Імкнуся пастаянна пераключаць увагу дзіцяці на іншы від дзейнасці. У цёплую пару — скіроўваць гуляць у двор, часцей выбірацца ў падарожжы. На працягу навучальнага года ў дапамогу гурткі, секцыі, спецыялізаваныя школы. Каб быць пастаянна на сувязі, купляць малым трэба просценькія, без дадатковых магчымасцей, тэлефоны. І ўсім бацькам дзейнічаць ва ўнісон, тады не ўзнікне ў дзіцячым асяродку пачуцця непаўнацэннасці, не будзе размежаванняў на заможных і маламаёмных.


Чалавек сам вінаваты, што ператварае разумныя гаджаты ў сваіх ворагаў. З імі, як і з любымі іншымі рэчамі, трэба ўмець абыходзіцца правільна. Усё добра ў меру. 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 94 008
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 69 926
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 35 555
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 34 298
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 33 770
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 32 997
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 22 010
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 14 декабря 2018
Дмитрий, Наум, Порфирий

Именины 13 декабря 2018
Андрей, Иван

Госці краін
free counters
Партнеры сайта