Авторизация
 

Тысячы кіламетраў Уладзіслава Кавалеўскага з сіне- чырвоным пробліскам

 10 лістапада — Дзень ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС Рэспублікі Беларусь

Уладзіслаў КАВАЛЕЎСКІ за рулём чацвёрты дзясятак год. Дзевятнаццаць правёў у аўтамабілі з пробліскавымі маячкамі. Служба ў міліцыі вабіла Уладзіслава Пятровіча парадкам, строгім форменным абмундзіраваннем, арэолам рамантыкі. 

Пасля выездаў на месцы здарэнняў, начных дзяжурстваў, пастаяннага дэфіцыту вольнага часу ўпэўніўся, што рамантычны складнік — прыгожы міф. І ўсё ж калі б вярнуцца ў мінулае, зноў узяў бы ў рукі жазло і адправіўся на трасу сачыць за дарожным рухам.

НА заслужаным адпачынку былы інспектар дарожна-патрульнай службы сем год. Працуе вадзіцелем на дзісенскім участку водаканала. Пасля работы займаецца добраўпарадкаваннем дома і справамі на прысядзібным участку. Праводзіць час з сям’ёй, якой за міліцэйскімі буднямі не хапала яго ўвагі.


— Родныя мала мяне дома бачылі, але да спецыфікі работы адносіліся з разуменнем, — гаворыць Уладзіслаў Пятровіч. — Пашчасціла з надзейным тылам. Жонка Валянціна Фёдараўна выкладае ў Дзісенскай школе беларускую мову і літаратуру. Нягледзячы на загружанасць на рабоце, брала на сябе большую частку сямейных і гаспадарчых клопатаў. У нас трое дзяцей. Дочкі Анастасія і Вольга стварылі ўласныя сем’і, падрастаюць трое ўнукаў.


Сустрэцца з Уладзіславам Пятровічам атрымалася ў Міёрах. Прывёз на мерапрыемства ў раённы аддзел унутраных спраў малодшага сына Івана. Летам юнак заканчвае школу і плануе паступаць у Акадэмію МУС.


 — Расказваю сыну пра асаблівасці і складанасці міліцэйскай службы, але не адгаворваю. Паважаю яго ўласны выбар, — гаворыць капітан міліцыі ў адстаўцы.


АДЗІН са шляхоў у справу аховы правапарадку вядзе праз армію. Уладзіслаў Пятровіч служыў у роце матэрыяльнага забеспячэння ў туркменскім горадзе Казанджык (цяперашні Берэкет). Пасля двух год за баранкай вярнуўся ў родную вёску Балабошкі, што ў Мікалаёўскім сельсавеце, і меў намер падацца ў міліцыянеры. Перашкодай стала строгая забарона маці. Не хацела яна адпускаць малодшага сына ў прафесію, дзе штодня падсцерагае небяспека.


— Маміна слова было для мяне законам. Рос без бацькі, яго не стала, калі мне другі год пайшоў. Каб не дадаваць маці лішніх перажыванняў, уладкаваўся ў калгас “Іскра”. Яшчэ да арміі ў Відзаўскім вучылішчы атрымаў вадзіцельскія правы і спецыяльнасць слесара, — расказвае Уладзіслаў Пятровіч. — Работы не баяўся. У падлеткавым узросце ўсе мужчынскія справы па гаспадарцы клаліся на мае плечы. Летам падпрацоўваў у калгасе. На камбайне быў памочнікам у старэйшага брата.


Пяць год Уладзіслаў Кавалеўскі кіраваў трактарам, убіраў ураджай на камбайне, ездзіў на грузавіку за грузамі у Рыгу і Маскву. А думкі пра міліцыю не адпускалі. Форму інспектара дарожна-патрульнай службы апрануў у 1992 годзе.


— Ужо была свая сям’я, як кажуць, трывала стаяў на нагах, таму мог прыняць самастойнае рашэнне, — усміхаецца субяседнік. — У Дзісне знаходзілася падраздзяленне міліцыі. Працавалі ў цеснай звязцы з супрацоўнікам крымінальнага вышуку, следчым, участковымі інспектарамі. Не толькі на дарозе дзяжурылі, выязджалі на выклікі і месцы здарэнняў. Уся служба прайшла поруч з калегам Аляксандрам Ціхановічам. І зараз працуем разам.


Па словах былога інспектара ДПС, цяперашнім супрацоўнікам ДАІ ў тэхнічным плане пашанцавала больш. Сучаснае абсталяванне, у любы момант можна выйсці на сувязь з калегамі. На пачатку службы Уладзіслаў Пятровіч не меў нават спецыяльнага аўтамабіля. Выязджаў на трасу на звычайным УАЗіку з сінімі маячкамі. Прыбор, які фіксаваў перавышэнне хуткасці, нярэдка замярзаў у халады. Не было рацыі, а кожныя тры гадзіны абавязкова трэба звязацца з аддзелам унутраных спраў і паведаміць пра абстаноўку. Для гэтага вярталіся ў Дзісну або тэлефанавалі з арганізацыі ці прыватнага дома ў той мясцовасці, дзе знаходзіліся.


 СА знешнімі складанасцямі хутка звыкся. Турбаваў маральны аспект.
— Працаваў у мясцовасці, дзе многіх ведаў. Аднавяскоўцы, школьныя сябры, калегі па сельскай гаспадарцы. Складаючы пратакол на кагосьці са знаёмых, штораз адчуваў сябе няёмка. Нават калі парушальнік сам пагаджаўся, што вінаваты, — расказвае субяседнік. — Закон ёсць закон, але да строгіх мер не імкнуўся. Калі можна было абысціся папярэджаннем, выбіраў такі варыянт.


За дзевятнаццаць год службы інспектар ДПС не атрымаў ніводнага пакарання ад вышэйшага кіраўніцтва. Захоўвае ўзнагароды ад райвыканкама, абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў. Памятае словы ўдзячнасці вадзіцеляў.
Аднойчы, самі таго не ведаючы, з Аляксандрам Ціхановічам папярэдзілі згон аўтамабіля.


— Дзяжурылі ў Баравусе. На той час практыкавалі выезды інспектараў ДПС з аднаго раёна ў суседнія, — прыгадвае выпадак. — Па дарозе з павышанай хуткасцю рухаўся аўтамабіль. Уключылі маячкі, але вадзіцель не спыніўся. Паехалі за ім. У спешцы той з’ехаў у снежную гурбу. Паспяшаліся на дапамогу, але ў салоне ўжо нікога не было. І тут па рацыі чуем: у Полацку сагналі аўтамабіль. Называюць марку, колер, нумар, і мы разумеем, што знаходзімся побач з прапажай. Хутка прыехаў гаспадар машыны, ледзь не ў абдымкі кідаўся ад радасці. Толькі згоншчыка не ўдалося затрымаць.


ГІСТОРЫІ з дзяжурстваў успамінаюцца ў зносінах з былымі калегамі. Сустракаюцца на ўрачыстасцях у Міёрскім РАУС. Тэлефануюць даведацца пра справы ці павіншаваць са святам. Сёння якраз такая нагода. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва Уладзіслава Кавалеўскага.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 94 977
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 72 592
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 38 449
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 37 013
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 35 736
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 33 920
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 22 944
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 23 января 2019
Анатолий, Григорий, Зиновий, Макар, Павел, Петр

Именины 22 января 2019
Захар, Павел, Петр, Антонина, Филипп

Госці краін
free counters
Партнеры сайта