Авторизация
 

На розных пасадах у Міёрскім РК ЛКСМБ адпрацаваў Сяргей КАВАЛЁНАК

 Штатныя камсамольскія работнікі “ў апараце райкама” доўга не заседжваліся, пасля іспыту на дзелавыя якасці атрымлівалі накіраванне на самастойны ўчастак работы ці ішлі на павышэнне. На розных пасадах у Міёрскім РК ЛКСМБ Сяргей КАВАЛЁНАК адпрацаваў крыху больш за пяць гадоў. 

Ці многа гэта, няпроста сказаць, але перыяд ад жніўня 1985-га да студзеня 1991-га можна вобразна параўнаць з пераднавальнічным. Хаця тады яго афіцыйна звязвалі з перабудовай, вялікімі станоўчымі спадзяваннямі. І напачатку рэвалюцыйныя перамены ў краіне і грамадстве больш прадугледжваліся тэарэтычна. Але размова пра тое, як малады чалавек ішоў па шляху ў камсамольскі актыў. Мо па патрабаванні сямейнай традыцыі, бо бацька Уладзімір Аркадзьевіч пэўны час узначальваў раённую камсамольскую арганізацыю і зрабіў нямала па яе станаўленні?

— Не, гамлетаўская “цень бацькі” мяне не праследавала, хаця ў сям’і гаварылі пра пераемнасць традыцый, а бацька падтрымліваў парадай і справай, — не пагаджаецца Сяргей Уладзіміравіч. — Лічу, што быў звычайным школьнікам і свой шлях выбіраў сам, не маючы асаблівых амбіцый. Таму працаваў пасля школы простым рабочым камбіната камунальных прадпрыемстваў, як цяпер — ва УП ЖКГ. Потым армія. Ужо затым, магчыма, “гучнае” прозвішча, былыя заслугі бацькі дапамаглі атрымаць запрашэнне на пасаду адказнага сакратара камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме. Але і сам для гэтага зрабіў патрэбны крок: паступіў на завочную вучобу на юрыдычны факультэт БДУ.
ГЭТА толькі здаецца, што ў сакратара гэтай камісіі чыста папяровая работа: даведкі, перапіска, пратаколы пасяджэнняў. Наведваў нядобранадзейныя сем’і дома, сустракаўся з бацькамі на вытворчасці, вырашаў няпростыя выхаваўчыя пытанні, удзельнічаў у выхаваўчых мерапрыемствах, рэйдах. Многае ў зносінах з людзьмі пераняў ад кіраўніка камісіі, намесніка старшыні райвыканкама Генадзя Максімавіча Маняка. Сапраўднай настаўніцай і дарадчыцай стала суседка па кабінеце Марыя Пятроўна Гаравец.


Як лічыце, работа з людзьмі складаная?
— Найперш — адказная. Трэба ўмець чалавека выслухаць, дакладна сфармуляваць свой погляд на чужую праблему. Гэта няпроста, але ва ўзаемаадносінах набываеш вопыт, вучышся сам. Напэўна, у справе я сталеў, раённы актыў прыглядаўся і да мяне. Даводзілася працаваць у кантакце з райкамам камсамола пры рабоце з падлеткамі, асабліва з прызыўнікамі. Невыпадковай таму ў 1985-ым стала пасада інструктара, якую мне прапанаваў тагачасны першы сакратар РК ЛКСМБ Віктар Сівакоў.


БЫЎ малады, новая праца здавалася цікавай — паездкі, сустрэчы, мерапрыемстваў шмат праводзілі з моладдзю. Непасрэдна ў мае абавязкі ўваходзіла метадычная дапамога сакратарам, арганізацыя спаборніцтва моладзі. Як самаму маладому работніку апарата, даручылі аддаленую зону—пярвічкі Язненскага і Завуццеўскага сельсаветаў. А там пасяджэнні камітэтаў, сходы, дзе патрабавалася выступаць, прыём у члены, падбор рэзерву, задавальненне просьб, падтрымка карысных ініцыятыў, выхаваўчая работа, палітвучоба, самадзейнасць і спорт.
Вучыўся сам, вучылі мяне. Удзячны за падтрымку загадчыцы аддзела камсамольскіх арганізацый Таццяне Калапетка, яна прыйшла з меліярацыі, ведала вытворчасць, была адказным работнікам, умела патрабаваць. Пераймаў вопыт у Валянціны Арафценьевай (Ярахновіч), Васіля Мядзюхі.


З улікам жыццёвага вопыту, на ход гісторыі ўплывае чалавек ці змяненні ў грамадстве вызначае час?
— Лічу, што чалавек. Невыпадкова з’явіўся лозунг “Кадры вырашаюць усё!”
У канцы 1986-га Сяргей Кавалёнак стаў намеснікам загадчыка аддзела камсамольскіх арганізацый РК ЛКСМБ — у раённай газеце паболела матэрыялаў за яго подпісам пра перадавікоў сельгасвытворчасці. Атрымаў партфель другога сакратара РК ЛКСМБ, на той перыяд адзначае ініцыятыўную работу пярвічак у калгасах “Рассвет”, “Сцяг перамогі”, “Кастрычніцкая рэвалюцыя”, “Парыжская камуна” (сакратар — перадавік вытворчасці і адказны таварыш Аляксандр Мароз), падшэфным “Баявым партызане”, саўгасе “Дзісенскі”.


АЛЕ і праблем у маладзёжным руху станавілася больш. У тэзісах да пленума, які павінен быў адбыцца 27 снежня 1988-га першы сакратар РК ЛКСМБ Васіль Мядзюха адзначаў: лепшымі не толькі ў раёне, у вобласці сталі механізатар “Парыжскай камуны” Аляксандр Мароз, механізатары з “Кастрычніка” Юрый Корсак і Мікалай Бялевіч, іншыя камсамольцы, аднак напал сярод маладых работнікаў памяншаецца; не праявілі сябе пярвічныя арганізацыі ў выкананні канкрэтных даручэнняў райкама камсамола; усё цяжэй фарміруецца камсамольска-маладзёжны атрад для будаўніцтва сельгасаб’ектаў; моладзь недастаткова актыўна ўдзельнічае ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных пытанняў, хаця ёсць станоўчыя прыклады ў ПМК-34, калгасах “Гігант” і “Рассвет”. Не паляпшаецца арганізацыя адпачынку моладзі, недастаткова праводзіцца фізкультурна-спартыўных мерапрыемстваў. Іншы раз цьмяна ўяўляюць сваю ролю сакратары цэхавых арганізацый, старшыні штабоў “Камсамольскага пражэктара”.


ПЕРАЛІК негатыву можна прадоўжыць, бо спадзяванні грамадства ў цэлым і моладзевага асяродку ў прыватнасці на вынікі “перабудовы” не апраўдваліся. Вось у такой сітуацыі ўзначаліць раённую камсамольскую арганізацыю давялося Сяргею Кавалёнку. Невыпадкова да цяперашняга памятае хваляванні перад арганізацыйным пленумам РК ЛКСМБ, які праходзіў у РДК у лістападзе 1989-га.
Каб уявіць напал у грамадстве ў 1990-м, дастаткова назваць галоўныя падзеі года: выбары Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў у Беларусі, падрыхтоўка да чарговага камсамольскага і партыйнага з’ездаў. У студзені раённая камсамольская арганізацыя публікуе сваю перадвыбарную платформу: нам патрэбен абноўлены дэмакратычны камсамол, сапраўдная палітычная арганізацыя; неабходна група народных дэпутатаў ад камсамольскай арганізацыі раёна, якая будзе выказваць і абараняць інтарэсы моладзі. І далей — задачы па дэмакратызацыі грамадскага жыцця, нацыянальных адносінах і культуры, экалогіі, вырашэнні маладзёжных праблем.
Адна з камсамольскіх прапаноў ажыццёўлена — створаны раённы фонд моладзі, галоўнай мэтай якога названа падтрымка маладзёжнай ініцыятывы і сацыяльнай абароненасці моладзі.


Але якім быць камсамолу?
У КАСТРЫЧНІКУ 1990-га ў радах раённай камсамольскай арганізацыі налічвалася 2460 членаў, калі годам раней — 3022. Памяншэнне не вынік вольнага выхаду (такім чынам пакінула рады ВЛКСМ толькі 15 чалавек), а нежаданне станавіцца на ўлік. Прынята ў члены ВЛКСМ за год 77 юнакоў і дзяўчат, калі ў папярэднім годзе — 220. Першы сакратар Сяргей Кавалёнак не супраць з’яўлення іншай маладзёжнай арганізацыі — канкурэнцыя можа забяспечыць станоўчы вынік, але яго хвалюе адарванасць моладзі ад палітычнага жыцця, апатыя, недавер сваёй арганізацыі. Апытанне сведчыла, што маладыя людзі ад камсамола найперш чакалі лепшай арганізацыі вольнага часу і толькі потым эканамічнай дзейнасці. Яны бачылі агульную пасіўнасць, пры гэтым не прапаноўвалі ідэй па ажыўленні намаганняў пярвічак. На першы план выходзілі сацыяльныя праблемы, але для іх вырашэння сродкаў не было. У праграме гаспадарчай дзейнасці намячаліся толькі стварэнне камсамольска-маладзёжнага прадпрыемства “Саюз” па правядзенні кабельнага тэлебачання, студыі гуказапісу, устаноўка дзікадзіраў і антэн.
Ад чарговага 29-га з’езда ЛКСМБ першы сакратар райкама камсамола чакаў прыняцця новага Статута і вызначэння новых праграмных мэт арганізацыі. Нават прапаноўваў для яе новую назву, аднак пры захаванні ранейшай ідэйнай платформы на аснове агульначалавечых каштоўнасцей — гуманізму і справядлівасці. Лёс камсамола, сцвярджаў Сяргей Уладзіміравіч, залежыць ад практычнай работы.
ТОЛЬКІ прадоўжыць гэтую работу яму не давялося, у самым пачатку 1991-га быў абраны суддзёй Міёрскага народнага суда.


Тады як працяг ранейшага пытання: Вы “рабілі” сябе самі, ці дзейнічалі па сітуацыі?
— Лічу, што сам, хаця сітуацыя і людзі пры пасадах гэтаму садзейнічалі. Мяркуйце самі: закончыў вучобу ў БДУ і атрымаў дыплом юрыста, а гэтых спецыялістаў было не надта шмат; меў вопыт грамадскай работы ў камсамоле і рашэння прававых пытанняў у камісіі па справах непаўналетніх. Дадаткова здаў кваліфікацыйны экзамен у міністэрстве, прайшоў узгадненні. На пасаду суддзі тады давала згоду сесія абласнога Савета — таксама адказнае выпрабаванне.


З камсамолам і камсамольцамі кантакты падтрымліваеце?
— У цяперашнім БРСМ іншы стыль работы, мой вопыт там не надта запатрабаваны. Хаця гатовы ім падзяліцца. А з былымі паплечнікамі па РК ЛКСМБ час ад часу сустракаюся, абменьваюся думкамі з Васілём Мядзюхам, Аляксандрам Спірыдовічам, Антанінай Кляшчонак і іншымі. Некаторыя былыя актыўныя камсамольцы і цяпер працуюць на мясакамбінаце, дзе я займаюся кадравай работай. Але па сваіх дзецях бачу, як з узростам хутка губляюцца маладзёжныя сувязі, а я ўжо на парозе пенсіі.


Што патрэбна цяперашняй моладзі, каб упэўнена ісці па жыцці?
— Найперш — веды, эрудыцыя. Калі мецяць у кіраўнікі — харызма, культура абыходжання з людзьмі. І заўсёды — гарачае сэрца, агеньчык у вачах.


Шчасце—гэта…
— …найперш сям’я, поспехі ў дзяцей. Задавальненне работай. Станоўчы вынік падтрымкі чалавека, дапамогі ў вырашэнні чужой праблемы.


Што цэніце ў іншых?
—Шчырасць, нераўнадушнасць, перакананасць, упэўненасць у сабе.


Чаму прысвячаеце вольны час?
— Люблю збіраць грыбы. Чытаю цяпер менш і пераважна класіку. Не адмаўляюся ад перыёдыкі, цікаўлюся інтэрнэтам. Па тэлебачанні гляджу навіны, праграмы па экалогіі і пазнавальныя. Заўважыў, што па-новаму ўспрымаю старыя фільмы, больш глыбока адчуваю сутнасць, напэўна, дарос да іх разумення.


У заключэнне, пажаданні моладзі.
— Не адставаць ад часу. Смялей рабіць сябе лепшымі і самастойна пракладваць шлях у паспяховае жыццё: за вас дарослых ніхто нічога не зробіць. Старайцеся дзеля сябе, сям’і, краіны! 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 95 522
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 73 974
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 41 820
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 37 847
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 36 568
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 34 491
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 23 476
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 февраля 2019
Александр, Алексей, Андрей, Аркадий, Борис, Василий, Георгий, Дмитрий, Иван, Иосиф, Кирилл, Михаил, Николай, Петр, Сергей, Федор, Юрий, Анна, Екатерина

Именины 16 февраля 2019
Адриан, Василий, Владимир, Иван, Михаил, Николай, Павел, Роман, Тимофей, Анна, Семен

Госці краін
free counters
Партнеры сайта