Юбілею самай масавай маладзёжнай арганізацыі вялікай краіны — СССР — прысвячалася мерапрыемства, якое прайшло ў гасцёўні тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва 12 кастрычніка.
Сімвалічна, што вялі мерапрыемства колішняя камсамолка Ірына ГУШЧА, якая некалі ў складзе студэнцкага будатрада ўзводзіла аб’екты піянерскага лагера, што потым стаў дзіцячым санаторыем “Расінка”, і першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя ПЯТКЕВІЧ.
Удзельнікаў сустрэчы вітала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксана Ашурка. Выказала словы падзякі тым, хто пранёс юнацкую актыўнасць праз дзесяцігоддзі, вызначыўся ў працоўных і грамадскіх справах. Для іх выконвалі музычныя нумары таленавітыя вучні дзіцячай школы мастацтваў Кірыл Дзехцяронак, Ягор Абалевіч, Віталь Нарэйка і Аляксандр Дундар пад кіраўніцтвам выкладчыка Таццяны Бялевіч.
Размову пра сваё камсамольскае юнацтва пачала Ала Смерцьева, для ілюстрацыі прынесла стос здымкаў ранейшых актывістаў.
Уступленне ў камсамол было для 14-гадовых хлопцаў і дзяўчат важнай падзеяй. Рыхтаваліся, імкнуліся добра вучыцца, удзельнічалі ў розных справах, вывучалі статут, хваляваліся перад пасяджэннем бюро РК ЛКСМБ. Гэта агульнае для ўсіх, а потым кожны ішоў сваім шляхам. Ала Пятроўна стала настаўніцай, вяла ў СШ №2 урокі хіміі і біялогіі, а яшчэ гурткі, была абрана сакратаром пярвічнай настаўніцкай камсамольскай арганізацыі. З вучнямі ездзіла з канцэртамі і навукова-папулярнымі праграмамі па сельскіх клубах. Як стала сакратаром райкама камсамола, узначаліла раённую піянерскую арганізацыю. Прыгадвае, што ўсё для яе было новае, цікавае. Не палохалі паездкі ў аддаленыя школы, іншы раз дабіралася пешшу. Вазіла дзіцячыя дэлегацыі на адпачынак і экскурсіі, удзельнічала ў злётах, сходах, канферэнцыях, гэта патрабавала вучыцца самой. Такім чынам прайшла школу актыву. Пераканана, што маладзёжная арганізацыя ў краіне абавязкова павінна быць, з’яўляцца школай маладзёжнага актыву, забяспечваць выхаванне рэзерву кадраў кіраўнікоў.
СТАРШЫНЯ раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Барэйка таксама быў камсамольцам. Пачынаў працоўны шлях памочнікам камбайнера, тройчы ўдзельнічаў у студэнцкіх будаўнічых атрадах падчас вучобы ў інстытуце. Маладой энергіі хапала на канцэрты, выступленні ў вёсках. Вось з такой загартоўкай працаваў у сферы бытавога абслугоўвання на Міёршчыне, стаў партыйным работнікам.
Для арганізатара работы з ветэранамі Часлава Кашкура і цяпер памятны пешы паход на пасяджэнне бюро РК ЛКСМБ з Павяцця ў Міёры, калі школьнікам уступаў у камсамол. Потым у якасці другога сакратара райкама арганізоўваў палітычную вучобу моладзі, ствараў камсамольска-маладзёжныя звенні, брыгады, фермы, прымаў студэнцкія будатрады.
Леанід Матэленак не быў штатным камсамольскім работнікам, але стаў сакратаром пярвічкі і няштатным сакратаром РК ЛКСМБ, меў дачыненне да дзейнасці камсамольскай палітасветы, “Камсамольскага пражэктара”, асвятлення маладзёжнага руху ў раённай газеце на працягу дзесяцігоддзяў.
Для сувязіста Пятра Хілько працоўная дзейнасць непарыўна звязана з камсамольскай работай, таксама пачынаў грамадскую кар’еру сакратаром пярвічкі. Гэта арганізацыя спаборніцтва на вытворчасці, спартыўныя мерапрыемствы, дзейнасць добраахвотнай народнай дружыны і групы народнага кантролю, суботнікі… Пры гэтым сам рос ад манцёра да начальніка раённага вузла электрасувязі. Як прайсці такі шлях без энтузіязму, адказнасці, маладога запалу?!
Як свята прыгадвае ўступленне ў камсамол Вольга Чапулёнак, тады вучаніца Язненскай СШ. Ёй было наканавана ўнесці свой уклад у адраджэнне маладзёжнага руху на Міёршчыне ў якасці першага сакратара ўжо сучаснага райкама БРСМ. Цяперашняя маладзёжная арганізацыя ідзе шляхам, які праклаў камсамол. З’яўляецца школай патрыятычнага выхавання юнакоў і дзяўчат, іх працоўнай і ідэйнай загартоўкі, адбору актыву і стварэння рэзерву кадраў.
На сустрэчы прагучала шмат маладзёжных песень, невыпадкова яна закончылася пад словы, напэўна, самай знакамітай — “Не расстанусь с комсомолом…”
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК