Как прошёл фестиваль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю"

 Наталія СТАНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Ёсць і дзелавыя набыткі. У святочны нядзельны дзень паміж Міёрскім раёнам (Рэспубліка Беларусь) і Крустпілскім краем (Рэспубліка Латвія) падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў эканамічнай, сацыяльна-культурнай сферах, у вобласці турызму і спорту, тэрытарыяльнага развіцця і экалогіі. У Зачарэўі адкрылі кемпінг для тых, хто падарожнічае ў аўтадоміках. Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі, дырэктар Дзісенскага лясгаса Ігар Бачарэнка пры ўдзеле саветніка пасольства Аркадзіўша Сарна, першага намесніка генеральнага дырэктара Віцебскага лясгаса Яўгена Філіпава.

У духу лепшых традыцый адшумеў у райцэнтры сёмы фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю".

Гулянне такога маштабу як экалагічны фестываль “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” ніколі не мела мясцовага фармату. Да нас едуць нават з-за мяжы. Не толькі, каб удыхнуць водар Яльнянскага балота, прасякнуцца атмасферай свята і рамантыкі. Нефармальная абстаноўка спрыяе і дзелавым стасункам. Дзякуючы гэтаму ўмацоўваюцца сувязі паміж суседнімі краінамі, развіваецца экалагічнытурызм, узнікаюць ідэі сумесных праектаў. Усё дзеля паляпшэння якасці жыцця ў раёне.

 Хуткаспелае
партнёрства
Пралогам да мінулага нядзельнага дня стала сустрэча гасцей з латвійскага Крустпілскага краю ў райвыканкаме. Дэлегацыя з суседняй краіны нешматлікая, але прадстаўнічая. У складзе генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, старшыня думы самакіравання Крустпілскага краю Карліс Паберзс, выканаўчы дырэктар самакіравання Раймандс Спекс, загадчык бібліятэкі, старшыня прафсаюза самакіравання Алена Хнікіна і спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Моніка Кауранена.


Вераснёўскі візіт латвійскіх гасцей можна назваць працягам чэрвеньскага. Летам з іх боку звыш сарака спецыялістаў самакіравання, сацыяльнай сферы наведалі міёрскую зямлю, каб пазнаёміцца бліжэй і вывучыць магчымасць наладзіць моцныя партнёрскія ўзаемаадносіны. Тады і з’явіліся планы рэалізаваць сумесныя экалагічныя, культурныя, турыстычныя, спартыўныя праекты.
Марнаваць не сталі. Замацаваць дружбу на афіцыйным узроўні паімкнуліся ў рамках фестывалю “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Падпісаўшы пагадненне, бакі абмяняліся падарункамі. Старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў выказаў спадзяванне, што з часам пачнуць развіваць і эканамічнае супрацоўніцтва.


Разам з кіраўніком Міёрскага раёна латвійскія госці паўдзельнічалі ў цырымоніі адкрыцця фестывалю. У прывітальным слове Ігар Валер’евіч звярнуў увагу, што гэта свята яднае нераўнадушных да экалагічных праблем людзей, якія і па родзе прафесійнай дзейнасці, і па поклічы сэрца імкнуцца захаваць натуральную прыгажосць прыроды і спрыяльны асяродак для далейшага жыцця на нашай зямлі.


Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў заўважыў, што жыхары латвійскага прыгранічча таксама неабыякавыя да экалогіі і міёрскага фестывалю, які непарыўна з ёй звязаны. Сваю нотку ў развіццё ўносяць па лініі культуры. Сёлета на святочнай сцэне выступіў ансамбль “Лянок” Даўгаўпілскага ГЦК. Заключанае паміж Крустпілскім і Міёрскім краем пагадненне генеральны консул назваў сур’ёзным крокам да народнай дыпламатыі, што ўмацоўвае адносіны паміж Латвіяй і Беларуссю.
Афіцыйным спонсарам свята выступіў “Міory — Steel». Генеральны дырэктар Пётр Шымуковіч адзначыў, што металапракатнае прадпрыемства не толькі на матэрыяльныя выгоды шчодрае. Яно імкнецца ўзбагаціць жыхароў раёна галоўным — рабочымі месцамі, і не перашкодзіць пры тым жыць у чыстым навакольным асяроддзі. Як заўважыў Пётр Мікалаевіч, унікальнасць будучага завода ў выкарыстанні найсучаснага, экалагічна бяспечнага абсталявання і тэхналогій, якія дазволяць вырабляць прадукцыю высокай якасці. Наогул, як кожны чалавек паставіцца да службовых абавязкаў на сваім працоўным месцы, такі і вынік атрымаем, звярнуў увагу генеральны дырэктар ММПЗ-груп.


Караванеры
ацэняць
У рамках сёлетняга фестывалю ў Зачарэўі Перабродскага сельсавета на беразе возера Абстэрна ўрачыста адкрылі мабільны кемпінг “Мерэя”. Зона адпачынку можа прыняць адначасова пяць дамоў на колах. Прадугледжана месца для палатачнага гарадка.
Сучасныя гараджане асабліва цэняць адпачынак далёка за горадам, дзе крыштальна чыстае паветра. У Зачарэўі ад яго кружыцца галава, захоплівае дух ад краявідаў. Тут можна не толькі любавацца маляўнічым відам з пантоннага мастка, але і з камфортам адпачываць у альтанках, грэцца ля вогнішча і слухаць птушыныя спевы. Побач грыбныя і ягадныя мясціны. У наяўнасці неабходная інфраструктура: электрычнасць, мабільная сувязь, санвузел, магчымасць памыць бялізну і прыгатаваць ежу. Прадугледжана і абсалютная бяспека, за якую адказвае вартаўнік. Па суседстве — добразычлівыя мясцовыя жыхары. Некаторыя з іх займаюцца аграэкатурызмам.


— Цяпер і жыць стане весялей, і экалагічна чыстыя прадукты будзе каму прапанаваць, — усміхаецца Наталля Ягорава. — У нас свежае малачко, мяса, яйкі, фрукты, ягады і агародніна. Турыстаў пакормім і сваю скарбонку папоўнім.


Пабудаваны аб’ект за сродкі гранту “Польская дапамога ў Беларусі”. Рэалізоўвалі задуманае намаганнямі леснікоў пры непасрэдным удзеле работнікаў ПМС. Дырэктар Дзісенскага лясгаса Ігар Бачарэнка выказаў падзяку раённай уладзе, посольству Рэспублікі Польшча за прадастаўленую магчымасць развіваць турыстычны патэнцыял на Міёршчыне згодна з запытамі сучаснасці. У сваю чаргу польскі бок разлічвае на высокі попыт караванераў паслуг у Зачарэўі.


Каб тут адпачывалі людзі прыстойныя, з Богам у сэрцы, месца адпачынку асвяціў ксёндз-прэлат Крыштаф Міянкіна.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.