Авторизация
 

У Папшулёўскім кніжным доме

 Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Чалавек у акружэнні кніг заўжды адчувае нейкі цуд. Са словамі сучаснага пісьменніка пагаджаецца бібліятэкар з Папшулёў Вольга Вітальеўна Хрол. Трыццаць два гады яна побач з кнігамі і лічыць сваю прафесію найлепшай.

Пасля кожнай прачытанай кнігі бібліятэкар Вольга ХРОЛ у думках кажа: “Божа, дзякуй табе за тое, што я ўмею чытаць”.

БІБЛІЯТЭКА ў Папшулях знаходзіцца ў адным будынку з аддзяленнем сувязі і адміністрацыяй мясцовай гаспадаркі. Наведвальнікі прыходзяць штодня. І не толькі за кнігамі. Часам проста пагутарыць, падзяліцца радасцямі і клопатамі, крыху адпачыць ад штодзённых сельскіх спраў. Тут утульна, камфортна і асаблівы водар. Так пахнуць таямніцы, схаваныя ў кніжных старонках.


 — Абслугоўвае бібліятэка сем населеных пунктаў — Папшулі і невялікія ваколічныя вёсачкі, — расказвае Вольга Вітальеўна. — Большую частку чытачоў складаюць людзі сярэдняга і пенсіённага ўзросту. Дзеці вучацца ў Завуццеўскай школе, бяруць кнігі там, сюды радзей заходзяць. Густы ва ўсіх розныя. Хтосьці аддае перавагу лёгкай літаратуры — раманам пра каханне і дэтэктывам, іншыя выбіраюць класіку. Чытаюць беларускіх аўтараў, асабліва В.Адамчыка, В.Быкава, У.Караткевіча. Днямі прывезла перавыдадзеныя на беларускай мове творы Святланы Алексіевіч. Рада такому папаўненню. Спадзяюся, чытачы зацікавяцца.


З навінкамі і класікай на стэлажах бібліятэкар знаёміць наведвальнікаў пастаянна. Абмяркоўваюць прачытаныя кнігі, дзеляцца ўражаннямі. Права выбару — за чытачом. Вольга Вітальеўна лічыць няправільным настойліва рэкамендаваць тую ці іншую кнігу.


— Кожнаму сваё. У ліку маіх любімых твораў — раман “Таіс” Анатоля Франса. Кніга філасофская, сур’ёзная. Чытаць яе — своеасаблівая праца. Хтосьці палічыць гэты твор надакучлівым і незразумелым, — гаворыць субяседніца. — Часцей чытаю паэзію. Спадабаліся вершы сучаснага беларускага паэта Ігара Пракаповіча. Такія простыя, шчырыя.


ЦІКАВАСЦЬ да паэтычных радкоў невыпадковая. Сама піша вершы. Пра родную вёску, прыгажосць прыроды, пачуцці і ўчынкі людзей. Натхняюць маляўнічыя краявіды, жыццёвыя сітуацыі. Многія пішуць у юнацтве, Вольга Вітальеўна стала занатоўваць рыфмаваныя думкі і перажыванні пасля сарака. Сшытак папаўняецца новым творамі. Першымі іх чуюць муж, сын і яго сям’я, сябры. Выступае са сваімі вершамі на святах вёсак, на аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці.


— Штораз здзіўляюся, як упэўнена паэты чытаюць свае творы на публіку. Мне гэта складана. Ад хвалявання магу словы забыць, — кажа яна.


Піша на беларускай мове і марыць пра свой зборнік. Не для шырокага кола чытачоў — на памяць блізкім і сябрам.
Прыгадвае, як яе маці — простая сялянская жанчына без адукацыі — часта гаварыла ў рыфму. Можа быць, паэтычныя здольнасці родам з дзяцінства. Не магла не паўплываць на іх і бібліятэчная справа.


ПЕРШАЯ спецыяльнасць Вольгі Хрол — хімік. Працаваць у бібліятэку пайшла па прапанове, патрабаваўся работнік на вольнае месца. Завочна скончыла бібліятэчны тэхнікум у Магілёве. Ужо чацвёрты дзясятак год з асалодай чытае кнігі, пераказвае сюжэты аднавяскоўцам, праводзіць мерапрыемствы.


Цеснае супрацоўніцтва з мясцовым сельскім клубам, разам прадумваюць сцэнарыі і нумары. Нядаўна правялі свята вёскі ў Румполлі, на гэтым тыдні рыхтаваліся да экалагічнага фестывалю “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. На падворку Завуццеўскага сельсавета ў Вольгі Вітальеўны прапіска пастаянная. Трапляла ў фотааб’ектыў раённай газеты. Той нумар “Міёрскіх навін” захоўвае ў асобнай падшыўцы з матэрыяламі, у якіх узгадваюцца Папшулі і суседнія вёскі, мясцовыя жыхары і падзеі. З 1989 года вядзе такі архіў. У ім сабраны выпускі раённай і абласных газет. Сяльчанам цікава пагартаць старонкі, прыгадаць мінулае.


СВАЯ гісторыя ў Папшулёўскай бібліятэкі. Дзейнічае з 1962 года. Спачатку знаходзілася ў адным будынку разам з клубам. Затым пераехала ў школу. Калі ўстанову зачынілі, зноў змяніла адрас.


— Пераезд — цяжкая праца, — заўважае бібліятэкар. — Перавозіць кнігі, маёмасць і абжывацца на новым месцы дапамагалі чытачы, родныя. Усім удзячна за падтрымку.


Вольга Вітальеўна імкнулася зрабіць месца працы прыгожым і ўтульным. Па-іншаму не магло быць. Бібліятэка для яе нібы другі дом, і пра яго клапоціцца з душой.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 376
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 77 128
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 779
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 344
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 38 085
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 229
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 201
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 апреля 2019
Василий, Давид, Иван, Сергей, Мария, Марфа

Именины 24 апреля 2019
Ефим, Иван, Николай, Петр, Прохор, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта