Почтальон из Чепуков Наталья Молокова два десятка лет разносит газеты

 Паштальён з Чапукоў Наталля МОЛАКАВА два дзясяткі год разносіць сяльчанам газеты. Плюсам сваёй прафесіі лічыць рух і зносіны з людзьмі.

Адпраўленні “1клас” і “Камфорт”, электронныя грашовыя пераводы, плацежна-даведачныя тэрміналы, інтэрнэт-магазін, асартымент тавараў. Шмат чаго з’явілася за дваццаць год у сферы паштовай сувязі. Але новаўвядзенні не зрабілі менш запатрабаванымі сельскіх паштальёнаў. Іх па-ранейшаму чакаюць са свежымі перыёдыкай і навінамі, з ласункамі і добрай усмешкай. 

ПРАЗ паўгадзіны Наталля Іванаўна адправіцца па добра вядомым маршруце. Прыгатавала з сабой бутэльку пітной вады — на вуліцы спякота. Пакуль ёсць час, гутарым у невялікім прахалодным памяшканні чапукоўскага аддзялення сувязі. Тут паштальён сартыруе перыёдыку, напакоўвае сумкі, вядзе дакументацыю.


— Газет сёння няшмат. У асноўным “Савецкая Беларусь” і некалькі экзэмпляраў “камсамолкі”. Але трэба малочныя грошы выплаціць, таму затрымаюся на абходзе, — расказвае субяседніца. — Мой участак — аграгарадок Чапукі, вёска Кублішчына, некалькі хутароў, дзе па адным жыхары засталося. Да самага аддаленага пункта — кіламетра паўтара.


ДА прагулак зімой і летам Наталля Молакава прывыкла. На пошце з 1997 года. Пачынала ў Наўгародах. Успамінае, што на тым участку складаней было працаваць. Там больш аддаленых хутароў, да якіх зімой дабіралася па калена ў снезе. Цяперашняя тэрыторыя кампактная. Але ўсё роўна пасля працоўнага дня ахінае стомленасць. Асабліва, калі надвор’е падводзіць.


  — Штовечар прагноз гляджу, — гаворыць Наталля Іванаўна. — Бывае, хаваюся ад дажджу пад чужымі стрэхамі. У мароз прасцей. Рух сагравае. Люблю вясну і восень, калі суха і халаднавата.


Акрамя капрызаў надвор’я былі ў паштальёнскіх вандроўках іншыя прыгоды. Яшчэ на наўгародскім участку сустракала ля лесу паляўнічых з сабакамі. Але гадаванцы паводзілі сябе спакойна. Прымяняла газавы балончык супраць вясковых агрэсіўна настроеных шарыкаў ды тузікаў. Неяк лось суправа- джаў, бег побач па канаве.


КАЛІ скласці разам вагу перанесеных за дваццаць адзін год газет, часопісаў, пісем, тавараў, то шэсць тон дакладна набяжыць. Штодня ў руках груз мінімум на дзесяць кілаграм. Сумка з газетамі шчыльна напакавана па аўторках і суботах, калі выходзіць раёнка. Паштальён заўважае, што гэта найбольш запатрабаванае выданне ў вяскоўцаў. На ліпень на “Міёрскія навіны” падпісаліся семдзесят чалавек. На “Савецкую Беларусь” — трыццаць.


— Выбіраюць выданні з рэцэптамі і парадамі, жаночыя часопісы, сканворды, — расказвае пра чытацкія густы Наталля Молакава. — Найбольш актыўныя падпісчыкі — пенсіянеры. У іх і часу больш чытаць. Пастаянна выпісваюць газеты настаўнікі мясцовай школы. Нават тыя, што ў Міёрах жывуць. Ідзе падпіска ў сельскіх установах культуры, у адміністрацыі гаспадаркі.


У другой паштальёнскай сумцы — тавары штодзённага попыту. Цяпер сяльчане запасаюць на зіму гародніну і садавіну. Таму хутка разыходзяцца цукар, воцат, алей, соль, крышкі.


— Сельскаму паштальёну няма чаго непакоіцца пра фізічную форму. Заўжды ў тонусе, — усміхаецца Наталля Іванаўна. — Важны складнік нашай прафесіі — зносіны з людзьмі. У іх асабліва маюць патрэбу хутаране. Пагутарыш пра тое-сёе з вяскоўцамі — і ім весялей, і на ўласныя праблемы забываешся.


На вуліцы поўдзень. Сонца пачынае прыпякаць. Подыхі лёгкага ветрыку як паратунак ад празмернай цеплыні. Зараз паштальён возьме дзве свае сумкі і адправіцца на ўчастак. З пазітыўным настроем, з увагай да сяльчан, з адказнасцю да справы. 

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.