Авторизация
 

З імем Часлава Пальчэха звязана стварэнне АТП №15 у Міёрах

 Днямі міярчанін Часлаў Фёдаравіч ПАЛЬЧЭХ адсвяткаваў 80-годдзе. Яго імя на Міёршчыне звязана са стварэннем і кіраўніцтвам аўтатранспартнага прадпрыемства №15. Запіс у працоўнай кніжцы ўдакладняе, што 29 снежня 1967 года Часлаў Фёдаравіч  прызначаны начальнікам Міёрскага філіяла Браслаўскай аўтабазы №18.  

Кіраўніку было ўсяго 29. Яго маладосці не трэба здзіўляцца, бо ўжо вытрымаў праверку ў працы. Па прафесіі, якую атрымаў у чыгуначным вучылішчы №2 Даўгаўпілса, ён каваль, амаль два гады молатам надаваў патрэбную форму металу ва ўладзівастоцкім “Прыморрыбфлоце”. Меў высокі пяты разрад.

Затым прайшоў армейскую школу малодшых спецыялістаў і штабную службу ў асобным палку сувязі ў Барысаве. Нарэшце, набыў вопыт апаратнай работы ў райкаме камсамола і РК КПБ з намерам вярнуцца да гаспадарчай дзейнасці, бо заканчваў мінскі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Як сведчыла характарыстыка — тэхнічна адукаваны, ініцыятыўны, добрасумленны, гатовы адгукацца на патрэбы людзей…


Такому нескладана заваяваць давер падначаленых, аўтарытэт у кіраўніцтва вытворчага аб’яднання “Віцебскаблтранс”. Запалу і энтузіязму хапала для развіцця аўтагаспадаркі. Яна пакуль уяўляла сабой адзіны фінскі домік для канторы на месцы сенабазы на ўскрайку Міёр, вакол якога размяшчаліся 52 грузавікі і аўтобусы. Як толькі новае аўтатранспартнае прадпрыемства атрымала самастойна статус аўтабазы №15, а здарылася гэта ў канцы жніўня 1969-га, Часлава Фёдаравіча прызначылі яго першым дырэктарам. Пачаліся клопаты па будаўніцтве боксаў для захоўвання, рамонту і тэхнічнага абслугоўвання аўтатэхнікі, кацельні, адміністрацыйнага будынка, корпуса для мыйкі з абсталяваннем “Крышталь”, потым з’явілася новая аўтастанцыя. Замахнуліся на салідныя рамонтныя майстэрні, хаця мара так да канца і не ажыццявілася.


Паралельна павялічваліся аб’ёмы работ. Захаваліся звесткі, што ў 1970 годзе супрацоўнікі АТП-15 перавезлі 117 тысяч тон народнагаспадарчых грузаў і 854 тысячы пасажыраў. Пасля тэхнічнага пераўзбраення (як атрымалі вялікагрузныя машыны, рухомы састаў складаў 106 адзінак розных аўтамабіляў) у 1990-м толькі грузаў транспартавалі 445 тысяч тон. Тады на прадпрыемстве працавалі 242 чалавекі, калектыў за два дзесяцігоддзі вырас больш чым у два разы.


 Эканамічны крызіс, які пачаўся з развалам Савецкага Саюза, прывёў да істотнага памяншэння аб’ёмных паказчыкаў і фінансавых праблем для АТП-15. Але і ў такіх умовах Часлаў Фёдаравіч рабіў усё магчымае, каб згладзіць для прадпрыемства і яго калектыву негатыўныя павевы новага часу.


Ветэран даўно на заслужаным адпачынку. Сёлета, калі рыхтуемся адзначаць 100-годдзе ўтварэння Камуністычнага саюза моладзі, варта звярнуць увагу, як гэтая маладзёжная арганізацыя паўплывала на лёс канкрэтнага чалавека.


Часлаў Пальчэх уступіў у ВЛКСМ вучнем Дворнасельскай школы, у якую пайшоў пасля Сцефаноўскай пачатковай. Камсамольцамі тады станавілася большасць сельскіх школьнікаў. Але не ўсе. Падзея ўступлення была ўрачыстая, запамінальная. Новы статус абавязваў 14-гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак найперш добра вучыцца, прыстойна сябе паводзіць, быць актыўнымі ў моладзевым асяродку. У юнацкім узросце кожнаму хочацца нечым вызначыцца сярод аднагодкаў, членства ў камсамоле давала гэтаму памкненню пазітыўны накірунак. Так пачыналася фарміраванне актыву. Гэтая хваля падхапіла і Часлава Пальчаха, правяла яго праз восьмы клас Міёрскай СШ, вучылішча ў Даўгаўпілсе. Стараннага, працавітага і актыўнага юнака заўважылі старэйшыя таварышы ва Уладзівастоку: маладому і высокакваліфікаванаму кавалю (пяты разрад у 18 гадоў!) прапанавалі ўступіць у партыю. Так, высокім патрабаванням трэба адпавядаць, аднак партбілет даў права на штабную службу ў арміі. Пасля звальнення з войска маладому партыйцу радаваўся тагачасны першы сакратар Міёрскага райкама камсамола Сяргей Матэленак, адразу прапанаваў пасаду інструктара.


— У той час камсамол быў сапраўды баявым, — нагадвае Часлаў Фёдаравіч. — Моладзі шмат, арганізоўвалі спаборніцтва сярод калгаснікаў і рабочых. Клапаціліся пра рэгулярнае правядзенне сходаў, на якіх вырашалі надзённыя маладзёжныя праблемы. Масавымі мерапрыемствамі адзначалі рэвалюцыйныя і дзяржаўныя святы, арганізоўвалі розныя акцыі, вялі пошукавую работу. У школах займаліся патрыятычнам выхаваннем піянерыі і прымалі ў камсамол. Да рабочай моладзі, а яна была ў асноўным пасля сямігодкі ці васьмігодкі, ставілася галоўнае патрабаванне — вучыцца ў вячэрняй школе.


— Пачынаў працаваць у апараце райкама камсамола разам з інструктарам Анатолем Зайцам, пазней ён быў заняты на цагельным заводзе ў Дзісне, — працягвае Часлаў Фёдаравіч. — Сектар уліку тады ўзначальвала Раіса Кундра з Шаркаўшчыны, якая на той час уваходзіла ў склад Міёрскага раёна. Пазней у школьны аддзел прыйшла Марыя Нікіфарава…


І прапануе нагадаць прозвішчы камсамольскіх актывістаў па старому здымку. Магчыма, чытачы раёнкі ў гэтым дапамогуць. Дарэчы, актывістам камсамольскай работы — членам бюро РК ЛКСМБ з’яўлялася будучая жонка Лідзія Міхайлаўна, якая прыехала пасля вучобы працаваць намеснікам начальніка раённай канторы сувязі.


Часлаў Фёдаравіч толькі паўгода затрымаўся на інструктарскай пасадзе ў РК ЛКСМБ, потым крыху больш стажыраваўся інструктарам райкама партыі, каб вярнуцца 15 кастрычніка 1962 года другім сакратаром райкама камсамола. Работай з моладдзю займаўся да 2 лістапада 1965-га, потым стаў кадравіком у райаб’яднанні “Сельгастэхніка”.

Фота аўтара і з сямейнага альбома Ч.Ф. Пальчаха.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 297
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 76 906
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 396
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 209
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 37 940
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 155
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 128
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 20 апреля 2019
Аркадий, Георгий, Даниил, Петр, Акулина, Евдокия

Именины 19 апреля 2019
Григорий, Иван, Павел, Петр, Севастьян, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта