Возле Миорского РГЗ с каждым годом всё краше

 Калі праязджаеш ля адміністрацыйнага будынка Міёрскага раёна газазабеспячэння, мімаволі любуешся добраўпарадкаванай тэрыторыяй. Прыгажосць вабіць. У гарадскім пейзажы ёсць яркія штрыхі. Адзін з самых адметных — Міёрскі РГЗ. З вясны да восені на тэрыторыі прадпрыемства сакавітая зеляніна і квецень, зімой — пазітыўная ілюмінацыя. Штогод з’яўляюцца новыя дэталі.

 ПА двары Міёрскага РГЗ прагульваемся з кантралёрам па ўліку газу Жаннай Голуб. Гэта з яе ідэй і эскізаў тут з’яўляюцца новыя клумбы, кустарнікі, дэкаратыўныя фігуры.


— У мяне мастацкая адукацыя. Скончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча, затым мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта, — расказвае субяседніца.— Калі шаснаццаць год таму прыйшла працаваць у газавую службу, прапанавалі разам з асноўнымі абавязкамі курыраваць добраўпарадкаванне.


 Разбілі газоны і клумбы, пасадзілі кветкі, туі і яблыневы сад. Як заўважае Жанна Здзіславаўна, яе памочнікі — увесь калектыў. У каго ёсць час, той і дапамагае. Бывае, у абедзенны перапынак ці пасля працоўнага дня выходзяць на тэрыторыю навесці парадак: падстрыгчы кустарнікі, прапалоць клумбы, падкарміць расліны.


 КОЖНЫ год Міёрскі РГЗ выглядае па-рознаму. Мінулай зімой з’явіліся незвычайныя ліхтары. Па эскізах Жанны Здзіславаўны іх зрабілі зваршчыкі прадпрыемства. З вясны пульсіруе невялікі фантан. Новае аздабленне ў цэнтральнай клумбы — барвовая агароджа ў выглядзе цаглянай кладкі. Такім чынам сёлета плануюць “апрануць” яшчэ адну клумбу.


 — Наш адміністрацыйны будынак афарбаваны ў белы і барвовы колеры. Так цяпер выглядае большасць структурных падраздзяленняў аблгазу. Таму прылеглую тэрыторыю аформім у адзіным стылі, — дзеліцца творчымі планамі Жанна Голуб. — Стракатасць выйшла з моды. Аддаём перавагу спакойным і аднатонным колерам. Выбіраючы кветкі для клумб, улічваем перыяд іх красавання. Каб па чарзе змянялі адна адну з вясны да восені.


   Цяпер квітнеюць барвовыя петуніі, вабіць пышная ружа, распускаюцца фіялетавыя кветачкі хосты. Саджанцы закупаюць, прыносяць з дому, часам міярчане і жыхары райцэнтра прапаноўваюць свае расліны ў якасці падарунка. Нярэдка газавікі назіраюць, як ля іх клумб ладзяць фотасесіі.


У СІСТЭМЕ аблгазу тры разы на год праходзіць конкурс па добраўпарадкаванні: зімой, вясной і летам. Міёрскі РГЗ штораз атрымлівае высокія ацэнкі. Сёлета ў вясеннім спаборніцтве занялі трэцяе месца. Напрыканцы ліпеня зноў чакаюць камісію і ўжо ведаюць, чым будуць здзіўляць. На тэрыторыі ў цэлы гектар ёсць дзе разгарнуцца творчай фантазіі. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.