Авторизация
 

Успаміны і погляд у заўтрашні дзень ад міярчан

 Юрый ЦЯРЭШКА, урач-анестэзіёлаг ЦРБ. 
— Наша сям’я пераехала ў Міёры на вуліцу Садовую, 4 з Шаркаўшчынскага раёна ў 1952 годзе. Для мяне, шасцігадовага хлопчыка, гэта была запамінальная падзея, большага населенага пункта не бачыў.

Хоць з’яўляўся раённым цэнтрам, па-сутнасці заставаўся мястэчкам. Забрукаваныя цэнтральныя вуліцы Леніна, Кастрычніцкая, Кірава, Савецкая. Вузенькі тратуарчык па Леніна ад магазіна “Культтавары” на перакрыжаванні з Кірава міма амбулаторыі, жылых хат, сталовай, дзе мяне бацька ўпершыню пачаставаў катлетай і бутэрбродам з чырвонай рыбай, цаглянага будынка міліцыі, ашчаднай касы да пошты (цяпер магазін “Алімп”).


На цэнтральнай плошчы будавалі магазін з высокімі прыступкамі, з часам яны схаваліся пад дарожным насыпам. Насупраць ужо стаяў помнік-абеліск над брацкай магілай воінам і партызанам. Казалі, што перад гэтым брацкае пахаванне знаходзілася ў парку перад раённым Домам культуры. На месцы таго драўлянага будынка з вялікай глядзельнай залай, дзе дэманстравалі кінафільмы, цяпер плошча ля сучаснага РДК.


За вуліцай Савецкай пачыналася вялікае поле аж да чыгуначнай станцыі, дзе ўпершыню пабачыў сапраўдны паравоз. Праўда, больш забудаванай была вуліца Кірава, далей на ёй знаходзіліся будынкі арцелі “Праца” (цяпер там хлебазавод), сенабаза (пазней паўстала аўтабаза), амаль насупраць на беразе возера, за сядзібай паноў Нікрашэвічаў, працаваў невялікі цагельны завод.
Панскі маёнтак быў і за возерам, там неўзабаве ўзвялі льнозавод.


Мы, дзятва, любілі гушкацца на звязаных галінках лоз, што раслі ўздоўж берага возера. Міма помніка Маці Божай (потым ад яе застаўся толькі пастамент) бегалі ў касцёл, дзе дыміла зернесушылка і размяшчаўся збожжасклад. Там нас цікавілі арган і магчымасць пачаставацца гарохам.


У Міёрах было шмат старых хат, запомнілася, што ў такой жа хацінцы, урастаючай у зямлю, побач з касцёлам жыў званар.
На ўвесь райцэнтр налічваліся толькі два аўтамабілі, адзін абслугоўваў пякарню, другі — быў у міліцыі, хаця там больш карысталіся конямі, іх трымалі 11.


За плотам ад бацькоўскай сядзібы месціўся малаказавод (цяпер у тым будынку кватэры), дзе выраблялі не толькі масла і сыры, але і марожанае. На нашу Садовую выходзіў двор школы, асноўны будынак якой стаяў на набярэжнай па вуліцы Кірава (цяпер у ім магазіны), хаця пачаткоўцы займаліся ў памяшканні на рагу Садовай і Новай (зараз -- Камуністычнай). Пазней яго пераабсталявалі пад аўтаклас, у пазнейшы час і зусім знеслі, каб узвесці будынак райвыканкама, “стары” райвыканкам. Вось у той прыстасаванай драўлянай школцы я на наступны год стаў першакласнікам.


 Генадзь МАЛЕЦКІ, ветэран працы
— Я родам з Орцаў, вучыўся ў Павяцці, але і Міёры наведваў. Яшчэ вучнем , напрыклад, з аднакласнікамі садзіў ліпы на паўвостраве, затым у парку. Потым райцэнтр стаў зусім родным, тут стварыў сям’ю, выгадаваў дзяцей, радуюся ўнукам.


Трывала замацаваўся ў Міёрах у пачатку 1966 года. За плячыма ўжо меў Друйскае прафтэхвучылішча, дзе стаў экскаватаршчыкам. Каля паўгода папрацаваў у Язненскім БМУ на асушэнні балота на тэрыторыі сучаснага ВУПКУ “Юбілейны”. Мясцовыя жыхары не верылі, што гэта магчыма, але паспеў пабачыць, як на месцы дрыгвы зазелянела рунь. Адслужыў стралком-радыстам у авіяцыі на Балтыцы.


З такім жыццёвым багажом за плячыма з’явіўся ў студзені 1966-га ў Міёрскі РК ЛКСМБ станавіцца на камсамольскі ўлік. Прымала мяне другі сакратар райкама Лія Дымкова (Мозылева), якая потым ўзначаліла калгас “За мір” на Міёршчыне, займала кіруючыя пасады за межамі раёна. Увогуле была таленавітым чалавекам, нават пісала і друкавала вершы.


Лія Ананьеўна і прапанавала мне з улікам закончанай у час службы партшколы папрацаваць інструктарам па Шаркаўшчынскай зоне камсамольскіх арганізацый, якая тады ўваходзіла ў склад Міёрскага раёна. Спраўляўся, але душа жадала іншага. Таму праз два гады прыняў прапанову начальніка Міёрскага БМУ Івана Жарнаклёва, стаў брыгадзірам дранажнікаў, потым – дыспетчарам у меліяратараў.
Канец 60-х – пачатак 70-х гадоў – гэта перыяд бурлівага развіцця Міёршчыны, усюды патрабаваліся людзі, што разбіраліся ў тэхніцы. Такая акалічнасць паўплывала, што я стаў майстрам ПМК у райсельгастэхніцы. Перасоўная калона ўстанаўлівала даільнае абсталяванне і гноевые транспарцёры на фермах, займалася мантажом зернесушылак на таках, ацяпленнем сельгасаб’ектаў, пракладвала водаправоды ў гаспадарках. Каб паспяхова з усім спраўляцца, паступіў у Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут, дзе займалася шмат міярчан.


Чарговым этапам для мяне стаў комплекс па вырошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы ў калгасе “Баявы партызан”. Як галоўны інжынер, не толькі кантраляваў яго ўзвядзенне, устаноўку і наладку абсталявання, але і эксплуатацыю начыння. А яно дазваляла механізаваць вырошчванне 6600 цялят рознага ўзросту, пастаянна рэалізоўваць на мясакамбінат кормінкаў жывой вагой у 450-500 кілаграмаў…


 Уладзімір ЛАПКОЎСКІ, старшыня ветэранскай пярвічкі ПМК-55.
— Працы ў будаўнічых арганізацыях аддаў больш за тры дзясяткі гадоў жыцця. Хаця на ўзводзімых аб’ектах непасрэдна заняты не быў, але дачыненне да гэтага заўсёды меў. Асабліва прыемна назіраць, як растуць і пашыраюцца Міёры, горад, які стаў родным.


У райцэнтры будаўнікі арганізацый, у якіх працаваў, узвялі цяперашні трохпавярховы будынак раённага вузла сувязі, кінатэатр “Колас”, музычную школу (так называўся праект будучай дзіцячай школы мастацтваў), памяшканні сярэдніх школ №2 і №3, 60-кватэрны жылы дом і два 32-кватэрныя ведамасныя дамы для меліяратараў. Памятным сталі работы на свінагадоўчым комплексе ў “Цітова”, сярэдніх школах у Пераброддзі і Чапуках, жыллі для работнікаў ЛВДС у Дзісне.


Назваў толькі самыя буйныя аб’екты, меншых таксама шмат. Кожны навявае прыемныя ўспаміны і гордасць за прафесію і справы будаўнікоў.


 Жанна ПАДАЛЯКА, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва- камунальнай гаспадаркі райвыканкама
— Кожны горад — жывы арганізм, які пастаянна развіваецца і абнаўляецца. Такое параўнанне ў поўнай меры адносіцца да Міёр. Цяпер у райцэнтры ідзе паступовы капітальны рамонт вуліцы Камуністычнай ад перакрыжавання з Кастрычніцкай да аб’язной з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Прадугледжваецца асфальтаванне праезнай часткі, уладкаванне пешаходных дарожак і зялёных зон. Па меры паступлення фінансавых сродкаў мадэрнізуецца будынак выратавальнай станцыі.


Пачалося ўзвядзенне 40-кватэрнага дома на вуліцы Лермантава для будучых работнікаў металапракатнага завода. Будуць і іншыя. Для спецыялістаў гэтага прадпрыемства на Партызанскай з’явяцца яшчэ два двухпавярховыя будынкі.
Не спыніцца кааператыўнае будаўніцтва жылля для міярчан.


Пра з’яўленне мікрараёна “Сосны” з 82 участкамі для прыватнай забудовы аб’яўлена. Ідзе праектаванне інжынерна-транспартнай інфраструктуры новага жыллёвага масіву.


Вышукваюцца сродкі на заканчэнне аб’екта прыдарожнага сэрвісу на перакрыжаванні вуліцы Верхнядзвінскай і аб’язной дарогі. На гэтай жа вуліцы пры перакрыжаванні з вул. Ягора Томкі плануецца ўзвесці магазін ТАА “Санта Рэйтэл”, аб’яўляецца грамадскае абмеркаванне праекта. З’явяцца і іншыя гандлёвыя прадпрыемствы.


Падкрэслю, што знешні выгляд нашага райцэнтра, яго ўтульнасць і камфортнасць у многім залежаць ад намаганняў жыхароў па сучаснай рэканструкцыі свайго жылля, добраўпарадкаванні сядзіб і двароў, падтрыманні парадку і чысціні.


Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 300
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 76 911
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 402
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 213
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 37 943
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 158
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 131
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 20 апреля 2019
Аркадий, Георгий, Даниил, Петр, Акулина, Евдокия

Именины 19 апреля 2019
Григорий, Иван, Павел, Петр, Севастьян, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта