Авторизация
 

Марыя Хуцько з Дзісны бачыла рэальныя ваенныя фільмы

 У кастрычніку Марыі Ціханаўне Хуцько споўніцца 92 гады. Жыве ў Дзісне. Даглядае хатнія кветкі, сама ходзіць у паліклініку, на рынак за прадуктамі. Спраўляцца з гаспадарчымі клопатамі дапамагае ўнук, штодня наведвае сын. Пагутарыць пра жыццё-быццё забягае суседка. У размовах Марыя Ціханаўна часта вяртаецца ў сваё ваеннае мінулае.

ПРА тое, што пачалася вайна, у сям’і Марыі Ціханаўны даведаліся па радыё. Ёй было чатырнаццаць год. Жылі ў вёсцы Адамова Верхнядзвінскага раёна.


— Маці зварыла халадзец і паклікала за стол. Я тады падумала, што цяпер трэба не пра ежу, а пра жыццё клапаціцца, — прыгадвае субяседніца.


Калі вораг наблізіўся да верхнядзвінскіх мясцін, многія вяскоўцы падаліся ў лес. Пасля сталі дапамагаць партызанам. Была сярод іх і Марыя з маці і сёстрамі.


 — Бацька дома застаўся. Яго забілі за тое, што сям’я ў партызанах, — расказвае Марыя Ціханаўна. — Цяпер не ўспомню дакладна мясціны, дзе мы знаходзіліся, як камандзіраў звалі. Ды і не імкнулася запамінаць: куды загадаюць, туды ідзём, што трэба, тое і робім. Не сказаць, што вельмі галадалі. Вяскоўцы прадуктамі дзяліліся. Начавалі, дзе даводзілася. Калі ў зямлянцы, калі проста на зямлі. Маім абавязкам было рабіць перавязкі параненым.


ПАСЛЯ маладая дзяўчына трапляе ў ваенны шпіталь у літоўскі горад Каўнас. Сачыла за чысцінёй і парадкам, перавязвала салдатам раны, карміла з лыжкі, пісала па іх просьбе пісьмы родным.


— Параненых штодня прывозілі. Хто ў свядомасці, хто беспрытомны. Адны прасілі напісаць у пісьме, што атрымалі небяспечнае раненне, каб іх не чакалі. Іншыя, наадварот, абнадзейвалі родных, што рана несур’ёзная і яны вернуцца дадому, — успамінае Марыя Ціханаўна. — Выхадных не было. Са мной разам працавала дзяўчына са Смаленска. Па чарзе давалі адна адной адпачыць.


У Каўнасе сустрэлі Перамогу. Вяртаючыся дадому, Марыя Ціханаўна ў спешцы не ўзяла з сабой дакументы, якія б пацвярджалі яе працу ў ваенным шпіталі. Спяшалася таму, што не хацела трапіць у Грузію. Прывабную медсястру думаў забраць з сабой на радзіму салдат, якога яна даглядала.


— Хлопец прыгожы быў, добры. Але ехаць у чужы край мне зусім не хацелася. Таму хутчэй дамоў уцякла, — успамінае субяседніца. —  Пра дакументы нават не падумала. Пазней звярталася ў ваенкамат, каб дапамаглі звесткі знайсці. На тым і скончылася.


БЕРАЖЛІВА захоўвае Марыя Ціханаўна свае працоўную кніжку, ваенны білет. У мірны час скончыла курсы медсясцёр. З 1953 года працавала ў Дзісенскай бальніцы. Спачатку ў інфекцыйным аддзяленні, затым у тэрапеўтычным. Гаварылі словы ўдзячнасці пацыенты, адзначала кіраўніцтва. Мясцовай установе аховы здароўя аддала амаль сорак год.


Напачатку дабіралася на працу з супрацьлеглага берага Заходняй Дзвіны. Пакідала дома з маці маленькую дачушку.
— З першым мужам разам няшмат пражылі. Яго забілі. Вярнулася з дзіцём у родную вёску, — расказвае субяседніца. — Пасля выйшла замуж у Дзісне. Пабудавалі дом. Наймаць работнікаў дорага, самі ўсё рабілі. Здаралася, елі хлеб, ваду і соль. Для дачкі малако куплялі.


 З ЧАСАМ абзавяліся гаспадаркай. Трымалі карову, авечак, свіней, птушку, садзілі агарод. Муж Уладзімір Купрыянавіч быў умелым печніком. Трыццаць год як яго не стала. Марыя Ціханаўна ходзіць на мясцовыя могілкі. Акрамя мужа там пахаваны брат з жонкай, пляменнікі.


 — У маіх бацькоў было сямёра дзяцей. Трое сыноў і чатыры дачкі. Адна засталася, — гаворыць яна. — У чым сакрэт доўгажыхарства? Напэўна, раней паветра чысцей было і ежа карысная, бо са сваёй гаспадаркі. Можа быць, падмацоўвала здароўе праца. Нас змалку да яе прывучалі. Яшчэ да школы гусей пасвіла.


І цяпер Марыя Ціханаўна стараецца падтрымліваць сябе ў тонусе. Ходзіць пешшу. Хоць дрыжаць рукі, сама гатуе абед. Глядзіць па тэлевізары навіны. Фільмы пра вайну не ўключае.


— У рэальнасці яе бачыла. І цяпер перад вачыма жудасныя карціны. Страшны час.
На Дзень Перамогі збіраецца на гарадскую ўрачыстасць. Гэта свята для яе асаблівае. 

Фота аўтара і з архіва М.Ц. ХУЦЬКО.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Именины 16 мая 2021
Викентий, Николай, Павел, Петр, Тимофей, Ульяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта