Авторизация
 

За плячыма міярчанкі Тамары Пашкевіч 88-ы год

 Уся пасляваенная гісторыя нашага райцэнтра адбывалася на вачах Тамары Васільеўны Пашкевіч. У далёкім 1945-м, неўзабаве пасля вяртання з нямецкай няволі, яна, 15-гадовая дзяўчына, тады Аляксеева,  дабралася ў Міёры ў пошуках прытулку і кавалка хлеба.  Сюды яе паклікаў родзіч Іван Вараб’ёў, які партызаніў у гэтых мясцінах, а потым застаўся працаваць у пажарнай службе. 

Залатыя горы не абяцаў, але і сапраўды дапамог уладкавацца афіцыянткай у сталовай па вуліцы Леніна, 13. Гэты будынак ацалеў да цяперашняга часу. Жыла дзяўчына ў пакойчыку інтэрната, пад які пераабсталявалі адну з хат на Савецкай. Заробак плацілі невялічкі, але не галадала, і ложак мела ў цёплым куточку. Тады гэта здавалася здзяйсненнем самай светлай мары.

ТАМАРА ВАСІЛЬЕЎНА нарадзілася ў 1930 годзе ў вёсцы Уна на Лёзненшчыне. Гэта паміж чыгункай і шашой з Віцебска на Смаленск. Месца бойкае, спрыяльнае для вядзення гаспадаркі. Там з царскіх часоў засталіся дружна жыць па-суседстве працавітыя сем’і латышоў і беларусаў. Усе займаліся земляробствам, мужчыны ў вольную хвіліну палявалі, жанчыны рукадзельнічалі. Чатыры браты Аляксеевы рассяліліся на невялікіх надзелах зямлі, якую падзяліў для іх даволі багаты дзядуля. Кожны меў сям’ю, Тамара была малодшым, трэцім дзіцём у бацькоў.
Толькі час настаў неспакойны, трывожны — калектывізацыя, ссяленне з хутароў, якія праводзіліся паскоранымі тэмпамі і не вельмі гуманнымі метадамі. Не спяшаўся ўступіць у калгас пад красамоўнай назвай “Бязбожнік” бацька Тамары. Яго арыштавалі. Праз колькі часу вярнуўся да сям’і са стосам грамат за ўдарную працу на ўзвядзенні гідраэлектрастанцыі. Аднак у 1937-м зноў за ім прыйшлі, і чалавек знік назаўсёды. Не ён адзін. Вывезлі бясследна сем’і ўсіх суседзяў-латышоў, ніхто з іх не вярнуўся…


КАБ ПАСКОРЫЦЬ ссяленне з хутара жанчыны з трыма дзецьмі, прыйшла калгасная будаўнічая брыгада і разабрала страху на хаце. А тут пачаліся дажджы…


Радня падтрымала сям’ю, аднак адбудавацца да вайны не паспелі. Тое, што лічылася станоўчым у мірны час — знаходжанне ля бойкай дарогі — павярнулася бядой з набліжэннем фронту: бамбёжкі, рабаўніцтва нямецкіх салдат. Сапраўдным уратаваннем для суседзяў стала тое, што знайшлі ў лесе знясіленага каня і выхадзілі яго. Было чым апрацоўваць агароды, прывозіць дровы. Але акупацыйныя ўлады пачалі хапаць моладзь і вывозіць яе ў Германію, каб уратавацца, старэйшы брат пайшоў у партызаны.


У 1943-ім да граніц Беларусі наблізіўся фронт. Захопнікі запатрабавалі ад мясцовага насельніцтва забраць пасільную хатнюю маёмасць і рухацца на захад да Віцебска. Жанчыны-суседкі з пасёлка Уна пагрузіліся на коніка, сабралі дзяцей, якую мелі жыўнасць і выправіліся ў дарогу. Адышлі недалёка, атабарыліся на паўмесяца ў лесе. Але неўзабаве гэты лагер акружылі немцы з сабакамі і прагналі яго жыхароў у Оршу. Там давялося пакінуць усё, і толькі з хатулямі пагрузіцца ў вагоны.


НАСТУПНЫМ ВЫПРАБАВАННЕМ стаў фільтрацыйны лагер у Віцебску. Там усе праходзілі вельмі строгі медыцынскі агляд. Да каго былі прэтэнзіі, тых змяшчалі асобна. Родных і суседзяў, якія трапілі ў такія баракі, потым ніхто не бачыў.


Такім чынам сям’я Аляксеевых, маці з дзвюма дочкамі 18-ці і 13-ці гадоў, аказалася ў нямецкім горадзе Цёбліц. Цяпер гэта Чэхія. Тамары запомніліся горы навокал станцыі і пастраенне ля вакзала, калі мясцовыя гаспадары выбіралі для сябе рабочую сілу з прывезеных беларусаў і рускіх. Аляксеевы трапілі на фабрыку. Што на ёй выраблялі, Тамара Васільеўна патлумачыць не можа: мясцовыя і прывезеныя з Усходу жанчыны штампавалі на спецыяльным абсталяванні нейкія дэталі з нержавейкі. Работа не патрабавала асаблівай кваліфікацыі, толькі старання. Гэтым займаліся маці і старэйшая сястра. Тамара спачатку толькі ачышчала дэталі ад завусеніц, потым асвоіла станок жанчыны, якая памерла на рабочым месцы.


 ЧЫМ ЗАПОМНІЛАСЯ тая праца? Пастаянным голадам, бо з недалёкага лагера работніцам прывозілі раз на дні па талерцы баланды і кавалачку хлеба. Зрэдку мясцовыя жанчыны ў абедзенны перапынак дзяліліся з прыезджымі бутэрбродам. Сапраўдным святам сталі для сям’і суботы, калі старэйшая сястра Рая дапамагала жонцы гаспадара фабрыкі прыбіраць у доме і прыносіла тое-сёе перакусіць. Затое ў нядзелю заставаліся зусім галоднымі.


Яшчэ горш стала, калі па гэтых мясцінах пракаціўся на захад фронт. Прадукты, якімі падзяліліся з жанчынамі савецкія салдаты, хутка закончыліся. Фабрыка спынілася, а яе гаспадары паўцякалі. Вывезеныя з родных мясцін людзі сталі нікому не патрэбнымі, пачаўся сапраўдны голад. Знясіленыя калоны рушылі на ўсход. Ля граніцы іх прыпынілі, пачаліся праверкі…


ТОЛЬКІ восенню 1945-га таварны поезд прывёз сям’ю Аляксеевых у Лёзна. Ад пасёлка Уна засталіся папялішчы. Жанчыны зноў аказаліся нікому не патрэбнымі, галадалі, пакуль маці і старэйшая сястра шукалі сувязі з роднымі людзьмі. Уладкаваліся на цагельны завод і атрымалі харчовыя карткі. Пад жыллё пачалі абсталёўваць невялікі хлявок. Выратавальнай аказалася вестка з раённага цэнтра Міёры ў Заходняй Беларусі, мястэчка, пра якое раней ніхто і не чуў.


Працоўную кніжку Тамары Васільеўне выпісалі 20 кастрычніка 1948 года як прадаўцу Міёрскага сельпа. Тады ёй споўнілася 18. Старанне і адказнасць праявіла ў якасці афіцыянткі, затым буфетчыцы. І з гандлем, як аказалася, жыццё звязала назаўсёды. Запісаў у працоўнай кніжцы няшмат: дырэктар сельмага, прадавец гарпа і райспажыўсаюза, загадчык магазіна, работніца ўнівермага ў аддзеле тканін і трыкатажу. За прылаўкам стаяла да пенсіі і некалькі гадоў пасля. Сцвярджае: ніколі ніякіх недахопаў, растрат не мела, рабіла дакладныя справаздачы.


ДА ВАЙНЫ закончыла толькі тры класы. Потым вучылася ў вячэрняй школе, павышала кваліфікацыю на курсах. У 1957-м стала выдатнікам савецкага гандлю, у 1982-ім — ударнікам камуністычнай працы, затым — ветэранам працы. Адзначана нагрудным знакам “Вязень фашызму”, юбілейнымі медалямі, каштоўнымі падарункамі.


Жыццё не песціла, усё давала па працы. Мужам стаў сусед па кватэры Баляслаў Пашкевіч — ураджэнец Паташні, які працаваў на малаказаводзе. Сям’ю стварылі ў 1961 годзе. Тады ж нарадзілася старэйшая дачка Ірына. Некалькі разоў выйгралі на распаўсюджаныя ў той час аблігацыі дзяржаўнай, а затым трохпрацэнтнай пазыкі. Сумы невялікія, але іх хапіла, каб купіць зруб для хаты, якую сталі ўзводзіць на завулку Паштовым. Ужо ў ёй з’явілася на свет малодшая дачка Алена.


…За плячыма Тамары Васільеўны вялікае жыццё, ідзе 88-ы год. Здароўе падводзіць, заўчасна перастала біцца сэрца ў мужа. Дочкі стварылі ўласныя сем’і і раз’ехаліся па свеце, не так часта наведваюцца да маці. Але яна не адна са сваімі праблемамі, вырашаць штодзённыя пытанні дапамагае сацыяльны работнік Дана Тычко, вялікі дзякуй ёй. Намаганнямі суседа Аляксандра Жука жыхары завулка атрымалі прыродны газ. Цяпер не трэба клапаціцца пра дровы і ацяпленне жытла. Унук паставіў новую агароджу і падключыў з калодзежа ваду. Не хапае толькі каналізацыі, хаця траса пачынаецца непадалёку.


АЛЕ ГЭТА толькі здаецца, што ўсе жыццёвыя пытанні можна вырашыць своечасова і так, як хочацца. Вось за рэчкай, а яна па краі агарода, гарадскі сквер з высокімі дрэвамі, якія аблюбавалі вароны. Шумныя птушкі не даюць адпачыць ні днём, ні ноччу. За імі не высушыш бялізну на вуліцы. Яны і агарод, які даводзіцца садзіць “чужымі рукамі”, “праполваюць” так, што цяжка нешта вырасціць…


Але гэта так, між іншым, у размовах узгадваецца для разнастайнасці быцця. Хутка вясенняе цяпло зноў зробіць сядзібу Пашкевічаў на ўскрайку МІёр райскім куточкам. 

Здымкі з сямейнага альбома Т.В. Пашкевіч.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 84 684
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 53 224
  • 1

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 23 297
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 23 092
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 21 967
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 20 065
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 12 735
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 апреля 2018
Александр, Антон, Валентин, Иван, Мартин

Именины 26 апреля 2018
Георгий, Дмитрий, Марфа

Госці краін
free counters
Партнеры сайта