Мастер-класс по плетению корзин из Миорского ТЦСОН
gazeta 26-03-2018, 15:25 1 181 Грамадства
Да свята Уваскрасення Хрыстова рыхтуемся старанна і задоўга. Ачышчаем думкі і душу, наводзім парадак у дамах. Цікавімся спосабамі афарбоўкі яек і падбіраем велікодныя кошыкі. Зрабіць іх можна самім. Карэспандэнт прайшла майстар-клас у тэрытарыяльным цэнтры.
Ад захаплення да майстэрства
ПЛЕСЦІ з газетных трубачак вучаць на гуртку "Чараўніцы" ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Міярчанам на заслужаным адпачынку прапануюць заняткі творчасцю, фізкультурай.
— Некаторыя наведвальнікі толькі цяпер адкрылі ў сабе таленты, — заўважае загадчыца аддзялення Святлана Рынкевіч. — Напрыклад, адна жанчына зацікавілася вязаннем кручком. Спрабуе розныя ўзоры — атрымліваецца. Заняткі творчага гуртка "Чараўніцы" і спартыўнага "Багіра" праходзяць два разы на тыдзень па дзве гадзіны. Нягледзячы на тое, што з нядаўнага часу яны платныя, аматараў рукадзелля, здаровага ладу жыцця і прыемных зносін гэта не стрымлівае. А мы заўсёды рады новым наведвальнікам.
СВАЕ вырабы гурткоўцы забіраюць на памяць, дораць родным і сябрам. Чыесьці кошыкі застаюцца ўпрыгожваць паліцы гасцёўні цэнтра. Асвоіўшы пляценне з трубачак, хочацца ўдасканальваць майстэрства і спрабаваць новыя формы. Так, Яніна Вітко ў падарунак дачцэ спляла вялікі кораб і аздобіла фотаздымкам.
— Раней трубачкамі не займалася, цяпер гэта маё захапленне, — расказвае Яніна Станіславаўна. — Дома таксама пляту. Шмат вырабаў раздарыла. Велікодны кошык для сябе ўжо гатовы.
ЧАС мне таксама брацца за справу. Дапаможа кіраўнік гуртка Міраслава Плотнікава. Падапечныя называюць яе майстрыцай на ўсе рукі. Вяжа, вышывае, малюе, пляце і так далей.
— Мы вельмі рады, што ў нас такі кіраўнік.
— Уважлівая, добразычлівая, усе нашы творчыя капрызы выконвае.
— Атрымліваем задавальненне і ад заняткаў, і ад зносін з ёй.
Гурткоўцы ледзь не ў адзін голас дзякуюць Міраславе. Значыць, я ў надзейных творчых руках.
Сняжынка — сонейка — кошычак
ПЕРШАЕ, што трэба для вырабу— газетныя трубачкі. Унутры ёкае, калі наразаю на палоскі "Міёрскія навіны". Аднак прыгажосць патрабуе ахвяр. Кожную палоску трэба накруціць на спіцу. Але спачатку змазаць левы і верхнія бакі па краі клеем. Падыдзе звычайны ПВА.
— Напрыканцы работы часта даводзіцца абразаць трубачкі. Таму і патрэбны клей, каб не разгортваліся, — тлумачыць Міраслава.
Працэс накручвання — справа няхуткая. З вопыту гурткоўцаў і ранейшых уласных спроб, за гадзіну атрымліваецца сорак-пяцьдзясят трубачак. Каб сэканоміць час, Міраслава прапануе загадзя нарыхтаваныя.
БЯРОМ па дзве трубачкі (усяго спатрэбіцца восем) і накладваем пары па цэнтры адна на адну, каб атрымалася нарыхтоўка, падобная на сняжынку.
— Змацоўваем цэнтр клеем. Карыстаемся будаўнічым. Хутчэй схоплівае і не пакідае слядоў, — заўважае майстрыца.
Пачынаем плесці. Асобную трубачку згінаем напалам, паддзяваем за ніжнюю пару ля асновы "сняжынкі". Затым аплятаем па крузе, чаргуючы канцы рабочай трубачкі. Праз тры-чатыры кругі раздзелім пары і працягнем аплятаць па адной трубачцы. Цяпер нарыхтоўка нагадвае сонейка з праменьчыкамі. Гэта дно кошыка. Чым большы выраб патрэбны, тым больш кругоў. Рабочую трубачку пастаянна нарошчваем: устаўляем новыя, папярэдне змазаўшы іх канцы клеем. Нарошчвае Міраслава, а я ваджу трубачкавы карагод. З дыяметрам дна вызначыліся. Цяпер падымаем уверх трубачкі-праменьчыкі (майстрыцы называюць іх стойкамі) і працягваем аплятаць да патрэбнай вышыні. Затым зробім ручку — і выраб гатовы.
АПІСАННЕ творчага працэсу не зусім цікавае і зразумелае. Лепш пабачыць і паспрабаваць. Гэта проста і захапляльна. З дапамогай Міраславы справілася за дзве гадзіны. Але работа яшчэ не скончана. Трэба пакрыць кошык клеем ПВА, каб набыў яшчэ больш трываласці. Калі высахне — пафарбаваць (тут варыянтаў шмат) і пакрыць лакам.
Асалода з доўгім тэрмінам прыдатнасці
ПЛЕСЦІ з трубачак спрабавала самастойна задоўга да майстар-класа. Вучылася праз інтэрнэт. Ёсць некалькі ўласных вырабаў. Пасля ўрока з Міраславай Плотнікавай упэўнілася, што абменьвацца творчым вопытам лепш за ўсё ўжывую. Відэаролікі не заменяць раскошу чалавечых зносін.
МОЙ велікодны кошычак амаль гатовы. І на ўсяночную ў царкву схаджу з ім не раз. Такія вырабы служаць доўга.
Увогуле з газетных трубачак можна зрабіць мноства прыгожых рэчаў. Вазы, скрыні, куфары, кошыкі, нават столікі. Такія вырабы дадаюць дому ўтульнасці і эстэтыкі. Становяцца яшчэ адной крыніцай радасці, якую кожны можа сабе дазволіць.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.