Тёплая встреча миорских ветеранов труда
gazeta 15-03-2018, 16:29 1 234 Грамадства
Перакананы, што пярвічная ветэранская арганізацыя пры райсельгасхарчы цяпер самая актыўная. Дзякуючы няўрымслівасці кіраўніка Пятра Пятрова яе прадстаўнікі ў чарговы раз сабраліся напярэдадні Дня жанчын.
Каб сустрэча аказалася цікавай і запамінальнай, Пётр Васільевіч пракансультаваўся з вопытнымі калегамі. Лічыць карыснай "тэарэтычную"падтрымку Алены Кавалёнак, практычныя парады Зоі Родзінай. Заўсёды дапаможа ў распрацоўцы сцэнарыя Вольга Пашкоўская, яна ж — умелая вядучая. Памяшканне выдзеліць гаспадыня тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Шамёнак. Падтрымае маладымі талентамі дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Баляслаў Чарняўскі. Усім ім Пётр Васільевіч выказвае шчырыя словы ўдзячнасці.
Дарэчы, і на гэты раз музычнае афармленне ветэранскага мерапрыемства забяспечвалі юная спявачка Вераніка Закрэўская, якой акампанаваў гітарыст Саша Маскалёў. На фартэпіяна ігралі Насця Вярковіч, Паліна Фяцковіч і Аляксандра Мацвеева, на балалайцы — Артур Гусейнаў. Усёй "выязной брыгадай" кіравала выкладчык Ірына Болтач.
Любая сустрэча адметная напаўненнем, зместам размоў. Гэтая была прысвечана нядаўнім працоўным справам і цяперашняму жыццю ветэранаў. Менавіта пра надзённае сведчылі выступленні Пятра Пятрова і Зоі Родзінай, іх віншаванні з нядаўнім Днём абаронцаў Айчыны і наступаючым Днём жанчын. Пётр Хілько працяглы час узначальваў раённы вузел электрасувязі, цяпер кіруе ветэранскай арганізацыяй сувязістаў, ён падзяліўся вопытам арганізацыі масавых мерапрыемстваў, індывідуальнай работы ў калектыве.
Асноўная частка сустрэчы прысвячалася імяніннікам. 30 студзеня адзначыў дзень нараджэння ветэран працы Мікалай Лапкоўскі. Ён нарадзіўся ў мнагадзетнай сялянскай сям'і ў вёсцы Белеўцы. Пасля Наўгародскай базавай школы працаваў кінамеханікам на сельскай кінаперасоўцы. Як закончыў Відзаўскае СПТВ, стаў трактарыстам калгаса "Перамога". Адслужыў у арміі, а затым вучыўся ў тэхнікуме і асвойваў абавязкі інжынера па сельгасмашынах у райсельгастэхніцы. Закончыў сельскагаспадарчы інстытут і ўзначаліў службу забеспячэння. Працяглы час займаў пасаду намесніка начальніка райсельгасхарчу па механізацыі. Працоўную дзейнасць у розных фірмах працягваў і пасля выхаду на заслужаны адпачынак.
Мікалай Уладзіміравіч — выдатны гаспадар, мае добраўпарадкаваны дом і сядзібу. Яго інтарэсы не абмяжоўваюцца працай на зямлі. Клапоціца пра сям'ю сына і ўнукаў.
У дзень сустрэчы адзначаў дзень нараджэння нядаўні старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Франц Вішнеўскі. Франц Антонавіч таксама з мнагадзетнай сям'і, якая жыла ў Ігнаціках. Пасля школы вучыўся ў Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі, працаваў экскаватаршчыкам у БМУ. З арміі вярнуўся загадчыкам майстэрняў, у калгасе "Праўда" быў галоўным інжынерам (завочна закончыў Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут), намеснікам старшыні і старшынёй — увогуле аддаў гэтай гаспадарцы 27 гадоў. Яшчэ 15 прысвяціў прафсаюзнай рабоце.
У Франца Антонавіча выдатная сям'я. Разам з жонкай Рымай Віктараўнай вырасціў чацвярых дзяцей, цяпер радуюцца адзінаццаці ўнукам і ўнучкам. Пры гэтым вядуць дамашнюю гаспадарку і маюць уласныя захапленні.
Пагадзіцеся, сярод ветэранаў шмат цудоўных людзей, з якіх можна і трэба браць прыклад.
Фота аўтара.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.